Литвек - электронная библиотека >> Аляксей Мікалаевіч Якімовіч >> Детская фантастика и др. >> Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма

Аляксей Якімовіч Сакрэт Тунгускага метэарыта Прыгоды шасцікласніка Максіма

Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма. Иллюстрация № 1
Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма. Иллюстрация № 2

Сакрэт Тунгускага метэарыта

Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма. Иллюстрация № 3

ЧАСТКА ПЕРШАЯ Незвычайныя турысты

Сакрэт Тунгускага метэарыта. Прыгоды шасцікласніка Максіма. Иллюстрация № 4

Супер-міні-камп'ютэр «М-1»

Як вядома, самыя цікавыя гісторыі заўсёды пачынаюцца нечакана. Яны, так мне здаецца, нагадваюць дзіўны казачны сон, які і радасць прыносіць, і трывожыць, і нават наганяе страху.

Так, кожная цікавая гісторыя чымсьці падобная на сон. А гэтая, пра якую хачу вам расказаць, таксама нібыта сон. Мне і цяпер часам здаецца: таго, што здарылася са мною, не было. Проста прыснілася. Прыснілася, каб не паўтарыцца…

У тое лета ўрадзілі суніцы. Цёплыя, шчодра нагрэтыя сонцам, яны ўсыпалі ўсе лясныя палянкі. А ад нашай вёскі Яловікі да лесу рукою падаць. Выйшаў з хаты, прайшоў паўкіламетра — лес перад табою. Там знаёмыя сцяжынкі, якія бягуць, выводзяць да самых зманлівых сунічных палянак.

З самага ранку са сваім сябрам Васілём я адправіўся ў лес. Мы не бралі з сабой ні збанкоў, ні вядзерцаў, ні нават кубкаў. Мы проста хацелі паласавацца суніцамі, крыху пабегаць, пагукаць, праверыць птушыныя гняздзечкі. Што ж, не так даўно скончылі шэсць класаў. Канікулы. Як гаворыцца, маем права пагуляць.

Ды ў гэты дзень склалася не так, як заўсёды. На знаёмай паляне, дзе расла магутная разлапістая яліна (на гэтую яліну з Васілём часта лазілі, каб паўзірацца з вышыні на вёску, на поле, на луг), убачылі палатку. Здаецца, Васіль першым яе ўбачыў. Хоць не хочацца прызнавацца, але скажу: Васіль жвавейшы за мяне. Ен і гняздзечка першым заўважыць, і вужа, калі той вылезе на палянку, каб пагрэцца. А я валакуся за ім як з завязанымі вачыма. Часта апярэджвае мяне Васіль.

Так, так, цяпер успомніў: гэтую палатку ён першы ўбачыў. Убачыў і штурхець мяне ў бок:

— Антон, глядзі!

А мне падумалася, што гадзюка з куста вылазіць. Нядаўна, калі суніцы збіралі, ледзь рукою гадзюку не схапіў. Ох і спалохаўся! Два дні ў вачах стаяла.

— Дзе? Дзе? — страпянуўся я.

— Цішэй, — прамовіў Васіль. — Не азірайся, а глядзі ўперад. Палатка на палянцы.

Ад душы адразу адлягло. Зірнуў. Сапраўды, палатка.

— Ну і што? — кажу Васілю. — Ніколі палатку не бачыў? Няхай стаіць.

— У палатцы людзі,— прагаварыў Васіль, як бы раскрываючы вялікі сакрэт.

Мне стала смешна.

— Канешне, людзі. А ты думаў, што дзікія козы ці барсукі? Не хвалюйся. Гэтыя людзі нашы суніцы не пазбіраюць. Лес вялікі. Усім хопіць.

— Антон, паназіраем, — папрасіў Васіль, гледзячы мне ў вочы. — Крышку-крышку. Суніцы не ўцякуць.

Мне зусім не хацелася назіраць, стаяць як прыклеянаму. Што ж тут цікавага? Турысты ў палатцы. Мабыць, спяць, адпачываюць, пасля вылезуць, стануць вёдрамі грукаць, бляшанкі адкрываць. Насмецяць і далей. А Васілю ўсё цікава. Зіркае на палатку, быццам гэта не звычайная зялёная палатка, а касмічны карабель стаіць.

— Васіль, суніцы…

— Крышку-крышку паназіраем. Суніцы не ўцякуць, — не даў закончыць Васіль.

Я ведаў, што яго цяпер і бульдозерам не скранеш. Нібы прыліп. Хочаш не хочаш, а мусіш заставацца з ім.

— Крышку-крышку можна, — неахвотна пагадзіўся я.

Мы ўкленчылі за ядлоўцавым кустом. На мае шчасце, неўзабаве з палаткі вылез мужчына. Высокі, шырокі ў плячах — сапраўдны атлет. Ці стары? Гадоў сорак, не болей.

— Ніколі людзей не бачыў? — штурхнуў я Васіля.

— Пасядзі. Ці табе кепска? — прамовіў Васіль.

Хіба будзеш спрачацца з такім? Назіраць дык назіраць. Я сеў на траву, выцягнуў ногі. А мужчына трушком прабегся па палянцы, пасля, спыніўшыся, паднёс да рота рукі і заспяваў, моцна, на ўвесь лес, нібыта ў рупар: «Касіў Ясь канюшыну, паглядаў на дзяўчыну…»

Васіль тузануў мяне за рукаў.

— Цікава. Чуеш, як галасавыя звязкі развівае?

І праўда, гэта было цікава. Дармовы канцэрт. Такога ад турыста не чакаў. У лесе спявае… Хіба яго на сцэну не пускаюць? Дзівак-чалавек. Есць жа такія. Відаць, сёння надарвем жываты ад смеху.

Мужчына, праспяваўшы пра Яся і дзяўчыну, прысеў на кукішкі (мне здалося, штосьці паклаў на зямлю) і гучна крыкнуў, як аддаюць каманду:

— Уперад!

Падумалася: вось-вось з палаткі выскачыць цэлае войска, кінецца ўперад, каб схапіць нас з Васілём. Схапіць, звязаць і прымусіць спяваць пра Яся і дзяўчыну.

Прайшла секунда, другая… З палаткі ніхто і носа не высунуў. Цішыня.

Мы з Васілём затаілі дыханне.

— Кругом! Назад! — гукнуў турыст.

— Васіль, кім гэты дзівак камандуе?

— Не ведаю.

— Не намі?

— Не ведаю.

Васіль, як і я, таксама, пэўна, падумаў, што турыст заўважыў нас і крычыць, камандуе, пацяшаючыся. Разумее, што ў нас душа ў пятках. Уцякаць, ці што?

— Васіль, уцякайма.

— На яліну! — аддаў новую каманду турыст. «Бач ты, — думаю, — хоча, каб на яліну лезлі. Не, не палезем. Прымусам не палезем. Калі б па сваёй волі, то канешне. Па сваёй волі…»

— Антон, — прашаптаў Васіль, — глянь на яліну. На яліну глянь! Мураш па ствале карабкаецца.

Так, па ствале лез мураш. Праўда, не той маленькі ўвішны муравейка, які штодзень працуе, кудысьці спяшаецца, а вялізны, нібы мыш. Калі б на свае вочы не бачыў, то не паверыў бы.

Мураш, спрытна перабіраючы лапкамі, хутка-хутка карабкаўся па ствале. Мы з Васілём быццам анямелі, моўчкі пазіралі на яго.

— Кругом! Назад! — скамандаваў турыст. Мураш паслухмяна, нібыта лялька ў тэатры, якую пацягнулі за нітку, павярнуўся і папоўз назад.

Вось дзіва! Гэты вялізны мураш слухаецца, як сабачка ў цырку, што ні загадаеш, выконвае. Няўжо ён дрэсіраваны? А калі турыст яго гіпнатызуе? Можа, гэты турыст гіпнатызёр? Глупства. Сапраўднае глупства. Хіба можна загіпнатызаваць мураша? Мураш не чалавек. Толькі чалавек паддаецца гіпнозу.

Мы з Васілём не адрываючыся глядзелі на незвычайнага мураша. Цяжка сказаць, пра што думаў Васіль. А я дык быў як пад сапраўдным гіпнозам. Анічога не цяміў.

— Уперад! — пачулася новая каманда.

Мураш як вокам згледзець пабег уперад, мільгануўшы, схаваўся ў траве. А праз некалькі секунд Васіль ускочыў, залямантаваў, замахаў рукамі:

— Во-ой!.. Во-ой!.. Ен казытаецца!

Я не ведаў, што