Литвек - электронная библиотека >> Артур Игнатиус Конан Дойль >> Классическая проза >> Вампір у Сасэксе >> страница 2
вас паставіцца да справы сур’ёзна, бо і жыццё дзіцяці, і душэўнае здароўе бацькі залежаць ад гэтага.

Урэшце надышоў жахлівы дзень, калі муж даведаўся пра ўсё. Нервы нянькі не вытрымалі, яна не магла больш цярпець напружанне і шчыра прызналася гаспадару. Яму гэта здалося страшнай казкай, як, магчыма, здаецца і вам цяпер. Ён ведаў сваю жонку як адданую яму жанчыну і, калі забыцца пра яе напады на пасынка, адданую маці. Навошта ёй было раніць уласнае дзіця? Ён сказаў няньцы, што яна трызніць, што яе падазрэнні вар’яцкія, а такі нагавор на гаспадыню недапушчальны. Падчас размовы да іх данёсся раптоўны крык. Нянька і гаспадар кінуліся разам у дзіцячы пакой. Уявіце сабе яго пачуцці, містэр Холмс, калі ён убачыў, як яго жонка ўстае з каленяў ад дзіцячага ложка… і кроў — кроў на безабароннай дзіцячай шыйцы і прасціне. З крыкам жаху ён павярнуў жончын твар да святла і ўбачыў кроў на яе вуснах. Гэта была яна, без усялякіх сумневаў яна. Яна піла кроў беднага дзіцяці!

Такія вось акалічнасці справы. Цяпер жонцы не дазволена пакідаць пакой. Ніхто нічога не патлумачыў. Муж амаль звар’яцеў. Ён і я ведаем пра вампіраў вельмі мала, хіба толькі назву. Мы думалі, што гэта дзікая казка чужынскіх краінаў. І цяпер тут — у самым сэрцы Англіі, у Сасэксе… Але ўсё гэта можна абмеркаваць з вамі зранку. Вы не адмовіцеся сустрэцца са мной? Пагодзіцеся скарыстаць свае незвычайныя здольнасці, каб дапамагчы разгубленаму і напаўзвар’яцеламу чалавеку? Калі так, калі ласка, дашліце тэлеграму на імя Фэргюсана (Чызмэн, Лэмберлі), і я буду ў вас а дзясятай.

Шчыра ваш,

Роберт Фэргюсан

P.S. Калі не памыляюся, ваш сябра Ўотсан граў у рэгбі за Блэкхіт, а я быў трохчацвярным за Рычманд. Гэта адзіная рэкамендацыя, якую я магу прадставіць.

— Безумоўна, я яго памятаю, — сказаў я, адклаўшы ліст. — Вялікі Боб Фэргюсан, найлепшы трохчацвярны рычмандцаў. Такі дабрадушны. Гэта цалкам у яго характары — непакоіцца за сябра.

Холмс паглядзеў на мяне і пакачаў галавой.

— Вы не перастаяце здзіўляць, Ўотсан, — сказаў ён. — У вас проста безліч неспазнаных магчымасцяў. Будзьце ласкавы, запішыце тэкст тэлеграмы: “Ахвотна зоймемся вашай справай”.

— Вашай справай?

— Ён не павінен думаць, што ў нас тут прытулак для ідыётаў. Безумоўна, ён пісаў пра сябе. Дашліце яму тэлеграму і давайце забудземся на гэта да раніцы.

Роўна а дзясятай наступнага ранку Фэргюсан зайшоў да нас. Я памятаў яго высокім хударлявым хлопцам, вельмі рухавым і незвычайна спрытным, што дазваляла яму неаднакроць перамагаць каманду суперніка. Ці можа быць штосьці больш прыкрае і балючае, чым праз гады сустрэць чалавека, толькі вельмі аддалена падобнага да выдатнага спартоўца, якім я ведаў яго ў часы росквіту? Яго моцнае цела нібы ўсохла, ільняныя валасы парадзелі, плечы апусціліся. Баюся, мой выгляд выклікаў у яго падобныя пачуцці.

— Вітаю, Ўотсан, — сказаў ён, і голас яго быў па-ранейшаму глыбокі і сардэчны. — Вы не падобны да хлопца, якога я выкінуў за канаты ў натоўп на полі ў Олд-Дзір. Думаю, я таксама крыху змяніўся. Але мяне састарылі апошнія дзень-два. З вашай тэлеграмы, містэр Холмс, я зразумеў, што няма сэнсу ўдаваць з сябе чыйгосьці прадстаўніка.

— Прасцей дзейнічаць наўпрост, — адказаў Холмс.

— Безумоўна. Але вы можаце ўявіць, як складана гаварыць пра жанчыну, якую ты павінен абараняць і падтрымліваць. Што я магу зрабіць? Як мне ісці ў паліцыю з такой гісторыяй? Дый дзяцей трэба бараніць. Гэта вар’яцтва, містэр Холмс? Гэта штосьці ў крыві? У вашай практыцы былі падобныя выпадкі? Дзеля ўсяго святога, парайце мне што-небудзь, бо я збіты з тропу...

— Гэта натуральна, містэр Фэргюсан. А цяпер сядзьце сюды, вазьміце сябе ў рукі і дакладна адкажыце на некалькі маіх пытанняў. Магу вас упэўніць, што мяне нічога з тропу не збівае, і я не сумняюся, што рашэнне мы знойдзем. Перш за ўсё скажыце, якія захады вы зрабілі. Вашая жонка ўсё яшчэ побач з дзецьмі?

— Паміж намі адбылася жудасная сцэна. Яна ўмее моцна кахаць, містэр Холмс. Калі якая жанчына і кахала мужа ўсім сэрцам і ўсёй душою, дык гэта мая жонка. Выкрыццё гэтай неверагоднай, жудаснай таямніцы было для яе ўдарам. Яна нічога нават не сказала. Не адказала на мае папрокі, а толькі зірнула нейкім дзікім, безнадзейным поглядам. Потым кінулася да свайго пакоя і замкнулася там. З таго часу яна адмаўляецца мяне бачыць. У яе ёсць пакаёўка, што служыла ёй да нашага шлюбу, Далорэс — хутчэй сяброўка, чым слуга. Яна прыносіць ёй ежу.

— Значыць, непасрэднай небяспекі для дзіцяці няма?

— Нянька, місіс Мэйсан, паклялася, што не пакіне яго ні ўночы, ні ўдзень. Я цалкам ёй давяраю і больш непакоюся за беднага маленькага Джэка, бо, як я вам пісаў, жонка двойчы на яго накідвалася.

— Але ні разу не параніла?

— Не, толькі жорстка пабіла. І гэта яшчэ больш жудасна, бо ён — няшчасны бяскрыўдны калека, — спакутаваны твар Фэргюсана палагаднеў, калі ён казаў пра сына. — Здавалася б, стан майго дарагога хлопчыка змякчыў бы любое сэрца. У дзяцінстве ён упаў і пашкодзіў спіну, містэр Холмс. Але ў яго чулая душа, поўная любові.

Холмс узяў учарашні ліст і перачытаў яго.

— Хто яшчэ жыве ў вашым доме, містэр Фэргюсан?

— Два лёкаі — яны ў нас нядаўна. Адзін стайнік, Майкл, ён спіць у доме. Мая жонка, я, мой сын Джэк, немаўля, Далорэс і місіс Мэйсан — вось і ўсё.

— Падазраю, што вы не надта добра ведалі жонку да вяселля.

— Мы былі знаёмыя некалькі тыдняў.

— А ці доўга ў яе працуе пакаёўка Далорэс?

— Некалькі гадоў.

— Значыць, Далорэс ведае характар вашай жонкі лепш, чым вы?

— Мяркую, што так.

Холмс нешта сабе пазначыў.

— Мне падаецца — сказаў ён, — што ў Лэмберлі ад мяне будзе больш карысці, чым тут. Гэта выпадак напраўду патрабуе прысутнасці следчага. Калі лэдзі застанецца ў сваім пакоі, мы яе не патрывожым і не зробім клопату. Спынімся мы, безумоўна, у гасцёўні.

Фэргюсан з палёгкай уздыхнуў.

— На гэта я і спадзяваўся, містэр Холмс. У дзве гадзіны з вакзала Вікторыя адыходзіць добры цягнік, калі вам будзе зручна.

— Без сумневу. Цяпер я не заняты і магу цалкам аддацца вашай справе. Ўотсан, безумоўна, паедзе з намі. Але перад ад’ездам мне трэба дакладна разабрацца з адным ці двума пытаннямі. Няшчасная лэдзі, як я зразумеў, накідвалася на абодвух дзяцей — на ўласнае немаўля і на вашага сына?

— Так.

— Але гэта былі розныя напады, праўда? Вашага сына яна біла.

— Адзін раз палкай і адзін — рукамі, вельмі жорстка.

— І не патлумачыла, чаму б’е?

— Не, казала толькі, што ненавідзіць яго. Некалькі разоў казала.

— Ну, з мачахамі такое здараецца. Так бы мовіць, рэўнасць заднім днём. Яна ўвогуле раўнівая?

— Але, вельмі раўнівая, раўнівая з усёй