ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Алина Углицкая (Самая Счастливая) - (Не)нужная жена дракона - читать в Литвек width=Бестселлер - Пальмира Керлис - Любовь с первого ритуала - читать в Литвек width=Бестселлер - Елена Александровна Обухова - Украденный ключ - читать в Литвек width=Бестселлер - Александр Горный - 50 бизнес-моделей новой экономики. Уроки компаний-единорогов - читать в Литвек width=Бестселлер - Данияр Сугралинов - Сидус. Вида своего спаситель - читать в Литвек width=Бестселлер - Татьяна Владимировна Корсакова - Марь - читать в Литвек width=Бестселлер - Алеся Кузнецова - Русский пасодобль - читать в Литвек width=Бестселлер - Наталья Ринатовна Мамлеева - Невеста Василиска, или Любимая Чаровница короля - читать в Литвек width=
Литвек - электронная библиотека >> Альбер Камю >> Классическая проза >> Здрадлівая жонка

Альбэр Камю Здрадлівая жонка


Вось ужо некалькі хвілінаў па аўтобусе кружыла нядошлая муха, якая немаведама адкуль узялася, бо ўсе вокны былі паднятыя. Яна бясшумна і зморана сноўдала сюды-туды па салоне. Жанін страціла яе з вачэй, але потым убачыла, як тая садзіцца на нерухомую руку мужа. Было зімнавата. Муха пацепвалася пры кожным парыве ветру, што ўдараў у шыбы хвалямі хрусткіх пясчынак. Пад бразгат абшыўкі і скрогат рысораў машына, цяжка перавальваючыся з боку на бок, ледзьве пасоўвалася наперад у рэдкім святле зімовага ранку. Жанін зірнула на мужа. Кароткія сіваватыя віхры над нізкім і вузкім ілбом, шырокі нос і няправільнай формы рот надавалі Марсэлю выгляд надзьмутага фаўна. Пры кожнай выбоіне на дарозе яго падкідала, і ён навальваўся на Жанін сваім грузным целам. Потым, расставіўшы ногі, адкідаўся назад і зноў утаропліваўся ў прастору нерухомым позіркам, па-ранейшаму адсутны і млявы. Адзіным, што ў ім яшчэ жыло, здаваліся пухнатыя безвалосыя пальцы, якія выглядалі яшчэ карацейшымі пад рукавамі шэрага фланелевага пінжака, што спаўзлі ніжэй ад манжэтаў кашулі і цалкам схавалі запясці. Яны так моцна сціскалі пастаўленую між каленяў палатняную валізку, што нібыта нават не адчувалі нясмелых перабежак мухі.

Роў ветру раптам пачуўся мацней, і пясчаны туман вакол аўтобуса яшчэ болей згусціўся. Пясок цяпер лупіў у шыбы цэлымі жменямі, быццам іх кідала нечая нябачная рука. Муха зябка варухнула крылцамі, падсела на лапках і ўзляцела. Аўтобус замарудзіў хаду, і здавалася, вось-вось спыніцца. Але неўзабаве вецер нібыта пацішэў, смуга крыху праяснілася, і машына зноў набрала хуткасць. Скрозь пыльную завесу, што хавала сабой краявід, праглядалі прарэхі святла. За акном вынырнулі і адразу зніклі дзве-тры чэзлыя збялелыя пальмы, нібы выразаныя з шэрай бляхі.

— Ну і мясціны! — прамовіў Марсэль.

У аўтобусе было поўна арабаў, якія, здавалася, спалі, захінуўшыся ў свае бурнусы. Некаторыя сядзелі на лавах, падагнуўшы пад сябе ногі, і пры хадзе аўтобуса іх гайдала мацней за астатніх. Іх маўчанне і безудзельны выгляд урэшце пачалі прыгнятаць Жанін: ёй здавалася, што падарожжа з гэтым нямым эскортам доўжыцца ўжо некалькі дзён. Але аўтобус адышоў ад канцавой чыгуначнай станцыі толькі гэтым світанкам і ўсяго дзве гадзіны каціў у ранішнім халадку праз панылае камяністае плато, чые простыя роўныя лініі цягнуліся, прынамсі ў момант ад'езду, аж да чырванаватага далягляду. Пазней, аднак, узняўся вецер і паступова праглынуў неабсяжны прасцяг. 3 той пары пасажыры ўжо нічога не бачылі; яны адзін за адным пасціхалі і цяпер моўчкі плылі ў гэтай своеасаблівай белай ночы, час ад часу абціраючы вусны і вочы, раздражнёныя дробным пяском, які прасочваўся ў машыну.

— Жанін!

Яна здрыганулася, пачуўшы, як яе кліча муж. І які ўжо раз падумала, як смешна гучыць гэтае імя ў дачыненні да яе, такой дзябёлай і дужай. Марсэль хацеў ведаць, дзе чамаданчык з узорамі. Пашнарыўшы нагой у пустой прасторы пад лавай і намацаўшы нешта цвёрдае, яна вырашыла, што гэта і ёсць чамаданчык. Яна не магла нагінацца — у яе адразу пераймала дыханне. Але ў школе яна была першая ў гімнастыцы і ведаць не ведала, што такое задышка. Хіба гэта было так даўно? Дваццаць пяць гадоў назад. Дваццаць пяць гадоў, якіх, здаецца, зусім не было, бо яшчэ толькі ўчора яна вагалася ў выбары паміж вольным жыццём і шлюбам, толькі ўчора з трывогаю думала пра той дзень, калі, можа быць, ёй давядзецца ў самоце сустрэць сваю старасць. Але яна была не адна — побач сядзеў той самы былы студэнцік юрфака, які ніяк не хацеў ад яе адчапіцца. Урэшце яна вымушаная была яго прыняць, хоць ён быў крыху малы ростам і ёй не надта падабаліся яго прагны адрывісты смех і залішне вірлаватыя чорныя вочы. Затое ёй падабалася яго жыццёвая стойкасць, уласцівая ўсім французам з гэтага краю. Ёй падабаўся той пакрыўджана-расчараваны выгляд, які ўзнікаў у яго кожны раз, калі падзеі ці людзі не спраўджвалі яго спадзяванняў. І галоўнае — ёй падабалася быць каханай, а ён напраўду распесціў яе сваім абыходжаннем. Ён так часта паказваў, што яна для яго існуе, што ўрэшце яна рэальна адчула сваё існаванне. Не, яна была не адна.

Гучна сігналячы, аўтобус пракладаў дарогу праз нябачныя перашкоды. Але ўсярэдзіне салона не было ніякага руху. Раптам Жанін адчула на сабе нечы погляд і, павярнуўшы галаву, зірнула на лаву насупраць, па той бок праходу. Гэта быў не араб, і яна здзівілася, што не заўважыла яго раней, у момант ад'езду. Апрануты ў форму французскага кантынгенту ў Сахары і шэры палатняны картуз, з загарэлым, выцягнутым і завостраным тварам, ён крыху нагадваў шакала. Утаропіўшыся на Жанін светлымі вачыма, ён пільна разглядаў яе з нейкім пахмурным выглядам. Яна адразу пачырванела і адвярнулася да мужа, які па-ранейшаму ўзіраўся некуды ўперад, у смугу і вецер. I яна шчыльней захінулася ў паліто. Але перад вачыма ўсё яшчэ стаяў французскі салдат, доўгі і тонкі, такі тонкі, нібыта быў злеплены з нейкага сухога і нетрывалага матэрыялу, з сумесі пяску і касцей. Толькі цяпер яна прыгледзелася да арабаў вакол, убачыўшы іх худыя рукі, абпаленыя сонцам твары, і ёй падалося, што, нават нягледзячы на свае прасторныя строі, яны свабодна сядзяць на лавах, у той час як яна з Марсэлем ледзь умяшчалася на сваёй. Яна падабрала крысы паліто. Далібог, яна таксама не такая ўжо тоўстая, ну, хіба што мажная, дзябёлая, як кажуць, у целе, але па мужчынскіх поглядах яна адчувала, што ўсё яшчэ застаецца жаданай — асабліва дзякуючы свайму крыху дзіцячаму твару і жваваму позірку яркіх вачэй, што не зусім стасаваліся з яе буйным целам, ад якога — яна ведала — веяла цеплынёй і спакоем.

Не, усё ішло зусім не так, як ёй некалі ўяўлялася. І калі Марсэль захацеў узяць яе з сабой у вандроўку, яна запратэставала. Ён планаваў гэтую паездку даўно, з таго самага часу, як скончылася вайна і справы зноў набылі нармальны ход. Зрэшты, і перад вайной дробны гандаль тканінай, які ён пераняў ад бацькоў, кінуўшы вывучэнне права, забяспечваў ім не сказаць, каб вялікі дастатак. Але ж, калі жывеш на ўзбярэжжы, маладыя гады могуць быць заўсёды шчаслівыя. На жаль, Марсэль не надта любіў абцяжарваць сябе фізічна і неўзабаве зусім перастаў вадзіць маладую жонку на пляж. Іх маленькая машынка служыла толькі раз на тыдзень, калі яны па нядзелях выязджалі за горад. У астатнія дні ён аддаваў перавагу свайму магазіну з рознакаляровай тканінай, які месціўся пад цяністымі аркадамі гэтага напалову тубыльскага, напалову еўрапейскага квартала. Яны жылі над крамай у трохпакаёвай кватэры з арабскімі шпалерамі і мэбляй у каланіяльным стылі. Дзяцей у іх не было. Так міналі гады, у нязменным прыцемку, пры