Литвек - электронная библиотека >> Проспер Мериме >> Классическая проза >> Локіс. Рукапіс прафэсара Вітэмбаха >> страница 3
«Сёння я вячэраю з вамі і, каб адсвяткаваць маё вяртанне, стаўлю шампанскае». Мы селі за стол. Учорашні малады герой таксама быў з намі. Ён не ведаў пра шампанскае. Бутэльку адкаркоўваюць побач з ім... Бабах! Корак б'е яму ў скронь. Ён ускрыквае, і яму робіцца млосна. Паверце, што наш герой страшэнна напалохаўся і тады, першы раз, і не хаваўся, а піў піва толькі таму, што ашалеў ад страху і рабіў усё машынальна, несвядома. І праўда, пане прафесар, чалавечы арганізм...

- Пане доктар, - сказаў слуга, які ўвайшоў у сталовую, - Жданава кажа, што пані графіня не хочуць есці.

- Каб яе д'яблы з'елі! - прабурчаў доктар. - Іду, іду. Як толькі я накармлю гэтую шайтанку, пане прафесар, мы зможам, калі вам будзе прыемна, згуляць партыю ў nрэферанс або ў дурня.

Я выказаў яму маё шкадаванне з прычыны маёй неабазнанасці ў картачных гульнях, і, калі ён пайшоў да хворай, я вярнуўся ў свой пакой і напісаў ліст панне Гертрудзе.


ІІ

Ноч была цёплая, і я адчыніў акно ў парк. Я скончыў ліст, але спаць яшчэ не хацелася, і я ўзяўся праглядаць літоўскія нерэгулярныя дзеясловы і шукаць у санскрыце прычыны іх нерэгулярнасці. Так я сядзеў, захоплены гэтай працай, калі раптам дрэва, што стаяла насупраць акна, моцна страсянулася. Я пачуў трэск сухіх галін, і мне здалося, што на дрэва спрабаваў узлезці нейкі даволі важкі звер. Пад уражаннем доктаравых расказаў пра мядзведзяў я падняўся з нейкім неспакоем у душы і ўбачыў за акном у лістоце дрэва чалавечы твар, асветлены яркім святлом маёй лямпы. Прывід паказаўся ўсяго на некалькі імгненняў, але дзіўны бляск яго вачэй, з якімі сустрэўся мой позірк, надзвычай мяне ўразіў. Я мімаволі адскочыў назад, пасля зноў падбег да акна і суровым голасам спытаўся ў нахабніка, чаго ён хоча. Тым часам ён паспешліва спусціўся і, ухапіўшыся за тоўстую галіну, павіс на ёй, пасля скочыў на зямлю і раптоўна знік. Я пазваніў, увайшоў слуга. Я расказаў яму пра здарэнне.

- Пан прафесар, напэўна, памыліўся.

- Я ўпэўнены ў тым, што кажу, - запярэчыў я. - Баюся, што па парку ходзіць злодзей.

- Немагчыма, пане.

- Дык тады гэта нехта свой?

Слуга вытрашчыў вочы і нічога не адказаў. Нарэшце ён спытаўся, ці мне што патрэбна. Я папрасіў яго зачыніць акно і паклаўся спаць.

Спаў я даволі добра і не сніў ні мядзведзяў, ні зладзеяў.

Раніцай, калі я ўжо канчаў прыбірацца, у дзверы пастукалі. Я адчыніў і ўбачыў перад сабою высокага і прыгожага маладога мужчыну ў бухарскім халаце і з доўгай турэцкай люлькай у руцэ.

- Я прыйшоў папрасіць у вас прабачэння, пане прафесар, што так непрыветна сустрэў такога госця, як вы. Я граф Шэмет.

Я не затрымаўся з адказам, пакорна падзякаваў за яго надзвычайную гасціннасць і спытаўся, ці прайшла ў яго мігрэнь.

- Ужо амаль прайшла, - адказаў граф. - Да новага прыступу, - сумна дадаў ён. - Ці добра вы тут пачуваецеся? Не забывайцеся, што вы тут сярод дзікуноў. Жамойць не церпіць пераборлівых.

Я запэўніў яго, што адчуваю сябе цудоўна. Размаўляючы з ім, я мімаволі разглядаў яго з цікаўнасцю, якая нават мне самому здалася трошкі нахабнай. Нешта дзіўнае было ў яго позірку, і міжвольна мне прыгадаўся чалавек, што напярэдадні ўзлез на дрэва...

«Але ж дзіўна, - сказаў я сам сабе, - каб граф Шэмет начамі лазіў па дрэвах!»

Ён меў высокі, пукаты, хоць і трошкі вузкі, лоб. Рысы твару ўражвалі правільнасцю. Толькі вочы былі занадта блізкія адно да аднаго, і мне здалося, што адлегласць паміж слёзнымі залозамі была меншая, чым даўжыня вока, што пярэчыла канонам грэчаскай скульптуры. Ён глядзеў, нібы працінаючы наскрозь. Нашы позіркі раз-пораз сустракаліся, і мы абодва збянтэжана адводзілі вочы. Раптам граф засмяяўся і сказаў:

- А вы мяне пазналі!

- Пазнаў?

- Ну так, вы заспелі мяне ўчора, як я блазнаваў і лазіў па дрэвах.

- О, пане графе!..

- Цэлы дзень я сядзеў, зачыніўшыся ў кабінеце, і пакутаваў ад нясцерпнага болю. Увечары, калі трошкі адпусціла, я выйшаў прагуляцца ў сад. Я ўбачыў у вас святло і не мог стрымацца, каб не зірнуць... Вядома ж, я мусіў адрэкамендавацца, але выпадак быў не надта дарэчны... Мне стала сорамна, і я ўцёк... Прабачце, што патурбаваў вас за працай.

Усё гэта было сказана з удаванай легкадумнасцю, але ён пачырванеў, і было відаць, што яму зрабілася няёмка. Я паспрабаваў пераканаць яго, што не сярдую на яго, і, каб скончыць з гэтай тэмай, я спытаўся, ці праўда, што ён мае «Жамойцкі катэхізіс» айца Лявіцкага.

- Магчыма. Але, праўду кажучы, я не надта добра ведаю бацькаў кнігазбор. Ён любіў старыя кнігі і розныя рарытэты. А я чытаю толькі сучасныя выданні, але мы пашукаем, пане прафесар. Дык, значыць, вы хочаце, каб у нас чыталі Евангелле па-жамойцку?

- А ці не думаеце вы, пане графе, што пераклад Святога пісання на мову гэтага краю быў бы вельмі пажаданы?

- Без сумнення. Аднак дазвольце мне заўважыць, што сярод людзей, якія ніякай іншай мовы, апроч жамойцкай, не ведаюць, ніводзін не ўмее чытаць.

- Магчыма. Але хай яснавяльможны пан дазволіць мне заўважыць, што найбольшай перашкодай для пашырэння пісьменнасці ёсць адсутнасць кніг. Калі жамойты займеюць сваё друкаванае слова, яны захочуць чытаць, яны навучацца чытаць. Так ужо было з іншымі дзікунамі... хоць я і не хачу стасаваць гэтае слова да жыхароў гэтага краю... Зрэшты, - дадаў я, - ці не прыкра, калі мова знікне, не пакінуўшы следу? Вось ужо болей за трыццаць гадоў, як памерла пруская мова. Нядаўна памёр апошні чалавек, які ведаў карнуэльскую мову...

- Шкада, - перапыніў граф. - Аляксандр Гумбальт распавядаў майму бацьку, што ведаў у Амерыцы папугая, які адзін ведаў некалькі слоў на мове племені, сёння ўжо цалкам вынішчанага воспай. Вы не супраць, каб нам сюды прынеслі гарбаты?

Пакуль мы пілі гарбату, гаворка круцілася вакол жамойцкай мовы. Графу не падабалася, як немцы прыстасавалі свой алфавіт да літоўскай мовы, і ён меў рацыю.

- Ваш алфавіт, - сказаў ён, - не падыходзіць нашай мове. У вас няма ні нашага «ж», ні нашага «л», ні нашага «і», ні нашага «е». У мяне ёсць зборнік дайнаў, выдадзены летась у Кёнігсбергу, і колькі я ні б'юся, не магу распазнаць словы, так яны перакручаныя.

- Яснавяльможны пан, відаць, мае на ўвазе дайны Леснэра?

- Так. Даволі пасрэдныя тэксты, праўда?

- Магчыма, можна было знайсці і лепшыя. Я згодны, што ў такім выглядзе гэты зборнік мае толькі чыста філалагічную каштоўнасць, але я веру, што, калі добра пашукаць, сярод вашага фальклору можна знайсці значна прыгажэйшыя кветкі.

- Авох! Нягледзячы на мой патрыятызм, я вельмі сумняваюся ў гэтым.

- Некалькі тыдняў таму мне ў Вільні перадалі вельмі прыгожую баладу, да таго ж гістарычную... Паэтычны бок проста бездакорны... Дазвольце, я вам яе прачытаю. Зараз, толькі пашукаю ў паперах.

-