Литвек - электронная библиотека >> Васіль Быкаў >> Военная проза >> Выбранае >> страница 2
Але я не чуў, каб ён паскардзіўся на яе ці даў каму зразумець, як яму трудна. Успомнілася, як мы пазнаёміліся з ім у часе перапынку на нейкай настаўніцкай канферэнцыі. Ён стаяў тады, з кімсь размаўляючы ля акна ў шумлівым вестыбюлі гарадскога Дома культуры, і ўся яго надта худая вастраплечая постаць з выпнутымі пад пінжаком лапаткамі і худой доўгай шыяй здалася мне ззаду на дзіва недарослай, амаль хлапечай. Але варта было яму праз момант павярнуцца да мяне сваім непрыемна абвялым, густа зморшчаным, шэрага колеру тварам, як стала відаць, што гэта даволі патрапаны жыццём, амаль пажылы чалавек. На справе ж — і я гэта ведаў дакладна — у той час яму ішоў толькі трыццаць чацвёрты год.

— Чуў пра вас і даўно хацеў звярнуцца а адной заблытанай справай,— сказаў тады Міклашэвіч сваім глухім голасам. Ён курыў, абтрасаючы попел у пусты карабок ад запалак, які трымаў у пальцах. I я ажно. жахнуўся, убачыўшы гэтыя яго нервова-дрыготкія пальцы, абцягнутыя жоўтай зморшчанай скурай. З кепскім прадчуваннем я паспяшаўся перавесці позірк на твар — змарнелы твар яго, аднак, быў на дзіва спакойны.

— Друк — вялікая сіла,— жартаўліва і са значэннем працытаваў ён. На яго лбе, шчоках, ля вуснаў, збегліся заўчасныя маршчыны, і праз іх праглянула добрая, з пакутлівым сумам усмешка.

Я ведаў, што ён нешта шукае ў гісторыі партызанскай вайны на Гродзеншчыне, што сам яшчэ падлеткам-хлапчуком прыняў удзел у партызанскіх справах, што ягоныя сябрыпшольнікі былі расстраляны немцамі ў сорак другім, і клопатамі Міклашэвіча пасля іх памяці збудаваны невялікі абеліск у Сяльцы. Але вось, аказваецца, была ў яго і яшчэ нейкая справа, па якой з'явілася пэўная патрэба ўва мне. Што ж, я быў гатовы. Я абяцаў прыехаць, пагаварыць і па магчымасці разабрацца, тым болей калі справа сапраўды заблытаная — у той час да заблытаных спраў я яшчэ быў аматар.

I вось — спазніўся.

У невялікім прыдарожным барку з высока ўзнёслымі над дарогаю шапкамі хвой шаша пачала шырокае плаўнае закругленне, за якім паказалася ўрэшце і Сяльцо. Гэта быў колішні панскі маёнтак з разбуялымі за гады сукаватымі кронамі вязаў і ліп, што хавалі ў сваіх нетрах старасвецкі панскі палац — школу. Машына нетаропка набліжалася да павароту ў маёнтак, і гэтае набліжэнне новаю хваляй узрушэння ахапіла мяне — я прыязджаў. На момант з'явілася здрадніцкая думка: навошта? Навошта я еду сюды, на гэтую жалобу, трэба было прыехаць раней, а цяпер каму я патрэбны тут ды і хто тут можа спатрэбіцца мне? Але, мабыць, разважаць такім чынам не мела ўжо сэнсу, машына наша пачала замаруджваць хаду. Я гукнуў хлопцу-спадарожніку, які, мяркуючы па яго спакойным выглядзе, ехаў далей, пастукаць шафёру, а сам па шархоткіх рулонах толю пасунуўся да борта, каб скочыць на жвір абочыны.

Ну вось і прыехаў. Машына, злосна стрэльнуўшы дымным смуродам з выхлапной трубы, пакаціла сабе далей, а я, нязручна выпростваючы замлелыя ногі, крыху прайшоў па ўзбочыне. Знаёмае, не раз бачанае з акна аўтобуса гэтае раздарожжа сустрэла мяне сцішана і журботна. Ля мастка над канавай тырчэў слупок са знакам аўтобуснага прыпынку, далей быў знаёмы абеліск з пяццю юнацкімі імёнамі на чорнай металічнай плітцы. Праз сотню крокаў ад шашы абапал дарогі да школы пачыналася старая вузкаватая ўжо алея з таўшчэзных пахілых вязаў. У дальнім канцы яе на школьным падворку чакаў некага «газік» і чорная, мабыць, райкомаўская, «Волга», але людзей там не было. Пэўна, людзі цяпер былі ў іншым месцы, падумаў я. Але я нават не ведаў, дзе тут былі могілкі, каб ісці туды. Калі яшчэ мела які сэнс туды ісці.

Так не надта рашуча і даволі заклапочана разважаючы сам з сабою, я ўвайшоў у алею над мнагаярусныя шаты дрэў. Калісь, гадоў пяць таму, я тут ужо быў, але тады дом гэты і алея не здаліся мне такімі падкрэслена і зацята маўклівымі — школьны падворак гаманіў галасамі дзятвы, якраз быў перапынак. Цяпер наўкола ляжала нядобрая, хаўтурная ціш — нават не шапацела, стаілася ў перадвячэрнім спакоі парадзелая, з жаўцізною лістота старэчых камлістых вязаў. Жвіровая ўезджаная дарожка неўзабаве вывела на падворак школы — наперадзе высіўся пышны, у два паверхі, але ўжо пастарэлы і запушчаны, з трэснутай па фасадзе сцяною старасвецкі палац: фігурная балюстрада веранды, пабеленыя калоны абапал параднага ўвахода, высокія венецыянскія вокны. Мне трэба было запытаць у кагось, дзе хаваюць Міклашэвіча, але запытаць не было ў каго — ля машын і ў машынах таксама не было нікога відаць. Не ведаючы, куды падацца, я разгублена патаптаўся поруч і ўжо хацеў ісці куды далей, як з той жа параднай алеі, ледзьве не наехаўшы на мяне, выскачыў яшчэ адзін запылены «газік». Ён тут жа затармазіў, і з яго брызентавага нутра вываліўся знаёмы чалавек у скамечанай «балонні». Гэта быў колішні заатэхнік з упраўлення сельскай гаспадаркі (цяпер, я чуў, ён рабіў недзе ў раёне). Гадоў пяць мы з ім не бачыліся, ды і наогул знаёмства наша было даволі шапачнае, але цяпер я нечакана ўзрадваўся яго з'яўленню.

— Здароў! — кінуў мой знаёмец з такім ажыўленнем, нібы мы прыехалі сюды на вяселле, а не на пахаванне.—Таксама, да?

— Таксама,— стрымана, без ценю ягонага ажыўлення адказаў я.

— Яны там, у настаўніцкім доме,— адразу прыняў мой стрыманы тон прыезджы.— А ну давай, падмагні.

Ухапіўшы за край, ён вывалак з машыны зіхоткую скрынку бутэлек з «Маскоўскай», за якой, мабыць, і ездзіў у сельпо ці ў горад. Я рупна падхапіў яе за другі бок, і мы, мінаючы школу, пайшлі па сцежцы між садовых зараснікаў у бок недалёкага флігеля — дамоўкі настаўнікаў.

— Як жа гэта з ім здарылася? — запытаў я, усё яшчэ не могучы звыкнуцца з думкай аб гэтае заўчаснай смерці.

— Ат, як! Як усё здараецца. Трах бах — і гатова. Быў чалавек — і няма.

— Хоць хварэў перад тым, ці што?

— Хварэў?! Ён усё жыццё хварэў. Ды рабіў. Ну і дарабіўся да ручкі-крышкі. Пойдзем ды вып'ем во, пакуль ёсць такая магчымасць.

У старым, як і палац, атынкованым знадворку флігелі-доме за парадзелымі кустамі бэзу ў гародчыку, сярод якіх сакавіта і свежа рдзела абсыпаная гронкамі рабіна, чулася прыглушаная гамана многіх людзей, якая давала знаць, што самае важнае і апошняе тут ужо скончана. Ішлі памінкі. Нізкія вокны асеўшай долу дамоўкі былі насцеж расчынены, з-за фіранкі віднелася нечая ў белай нейлонавай сарочцы спіна ды льняная капешка высокай жаночай прычоскі. Ля ганка стаялі і курылі двое няголеных у рабочым адзенні дзядзькоў. Яны стрымана гаварылі аб чымсь, пасля змоўклі, перанялі ў нас скрынку і панеслі яе ў дом. Мы праз калідорчык пайшлі за імі.

У невялікім пакоі, з якога цяпер было вынесена ўсё, што можна вынесці, стаялі ссунутыя ўпрытык сталы з рэштаю пітва і закусі. Два