ЛитВек: бестселлеры недели
Бестселлер - Халед Хоссейни - Бегущий за ветром - читать в ЛитвекБестселлер - Бет Шапиро - Наука воскрешения видов. Как клонировать мамонта - читать в ЛитвекБестселлер - Евгений Львович Чижов - Темное прошлое человека будущего - читать в ЛитвекБестселлер - Михаил Лабковский - Хочу и буду: Принять себя, полюбить жизнь и стать счастливым - читать в ЛитвекБестселлер - Эрик Берн - Игры, в которые играют люди. Люди, которые играют в игры - читать в ЛитвекБестселлер - Джон Грэй - Мужчины с Марса, женщины с Венеры. Новая версия для современного мира. Умения, навыки, приемы для счастливых отношений - читать в ЛитвекБестселлер - Маркус Зузак - Книжный вор - читать в ЛитвекБестселлер - Фрэнк Патрик Герберт - Дюна. Первая трилогия - читать в Литвек
Литвек - электронная библиотека >> Клаўс Ман >> Историческая проза >> Мэфіста. Раман аб адной кар'еры

Клаўс Ман Мэфіста Раман адной кар'еры

Актрысе Тарэзе Гізэ прысвячаецца

Усе памылкі чалавека я дарую актору, ніводнай памылкі актора я не дарую чалавеку.

Гётэ. Вільгельм Майстэр

Пралог

1936

— Кажуць, у адным прамысловым цэнтры на захадзе Германіі асудзілі больш за васемсот рабочых, усіх да катаргі, і гэта на адным толькі працэсе.

— Па маіх звестках — пяцьсот, а больш за сотню нават зусім не судзілі, іх потайкам забілі, за перакананні.

— А што, хіба ў іх такія нізкія заробкі?

— Мізэрныя. І ўсё падаюць, а цэны растуць.

— Афармленне опернага тэатра на сённяшні вечар, кажуць, каштавала шэсцьдзесят тысяч марак. Ды яшчэ сама мала тысяч сорак дадатковых выдаткаў, не лічачы стратаў грамадскай касы ад пяці дзён прастою тэатра, зачыненага для падрыхтоўкі ўрачыстага балю.

— Міленькае сямейнае свята, дзень нараджэння, бачыце...

— Брыдка і агідна, а вось жа даводзіцца ўдзельнічаць ва ўсім гэтым балагане.

Абодва маладыя замежныя дыпламаты галантна ўсміхаючыся, раскланяліся з афіцэрам у параднай уніформе, які лішне цікаўна зірнуў на іх у манокль.

— Сабраўся ўвесь генералітэт!

Яны загаварылі зноў ужо зводдаль ад параднай уніформы.

— Усе ўзахлёб гавораць пра мір, — злосна заўважыў адзін.

— Ці надоўга таго захлёбу хопіць? — весела ўсміхнуўся другі, кланяючыся мініяцюрнай даме з японскай амбасады, якая дробненька і далікатна перабірала ножкамі, ідучы пад руку з марскім афіцэрам.

— Мы павінны быць гатовыя да ўсяго.

Да маладых пасольскіх аташэ далучыўся нейкі панок з міністэрства замежных спраў, і гаворка адразу перакінулася на пахвалы раскошы і прыгажосці святочнага ўбранства залы.

— О так, няма дзіва, гер прэм'ер-міністр любіць такія рэчы, — крыху разгублена сказаў панок з міністэрства замежных спраў.

— І ўсё з такім густам, — ці не ў адзін голас захапляліся дыпламаты.

— Вядома, — крыўдліва сказаў панок з Вільгельмштрасэ.

— Такой пышнасці сёння нідзе не пабачыш, хіба толькі ў Берліне, больш нідзе, — дадаў іншаземец.

Той, з міністэрства замежных спраў, нейкую хвілінку памарудзіў, перш чым адважыцца на ветлівую ўсмешку. У размове запала паўза. Усе трое агледзеліся і прыслухаліся да свяшчэннага шуму.

— Каласальна, аж вочы рве! — ціха сказаў нарэшце адзін з двух маладых людзей гэтым разам ужо без ніякага сарказму, насамрэч уражаны, бадай, нават спалоханы неверагоднай велікапышнасцю вакол сябе. Бляск свяцільняў і казытлівыя пахошчы насычалі паветра так густа, што яму сляпіла вочы. Увесь трапяткі, ён недаверліва ўглядваўся ў гэты распраменены рух.

"Дзе гэта я? — падумаў малады чалавек, ён прыехаў з адной скандынаўскай краіны. — Раскошу тут любяць, выдаткаў не шкадуюць, страх падумаць. Такія ўсе прыгожыя, выштукаваныя, гулліва-радасныя, самі просяцца ў давер. Рухаюцца, акyрат як марыянеткі, — дзіўна, неяк вуглавата, нават патузваюцца. Вачыма нешта кожнае цікуе, позірк нядобры, шмат страху і жорсткасці. У нас дома людзі глядзяць інакш — прыветлівей, больш раскавана. І смяюцца інакш, у нас там, на поўначы. У тутэйшых смех пакеплівы, у ім нешта як бы ад роспачы: дзёрзкае, правакацыйнае і безнадзейна злоснае, жудасна журботнае. Так не смяецца той, каму добра, каму ў сваёй скуры ўтульна. Людзі сумленныя так не смяюцца".

Вялікі прыём з нагоды саракатрохгоддзя прэм'ер-міністра ладзілі ў оперным тэатры. У доўгіх фае, у кулуарах і вестыбюлях калыхалася разубраная людская стракацізна. Гэта ён, натоўп, страляў шампанскім у ложах, борцікі якіх былі аздоблены дарагой драпіроўкай; танцавалі ў партэры, з якога вынеслі рады крэслаў. Аркестр, які размясціўся на пустой сцэне, быў такі вялікі, нібы меўся выконваць сімфонію, сама мала — Рыхарда Штраўса. Але гралі ў рэзкай непаслядоўнасці — вайсковыя маршы і тую джазавую музыку, якая, хоць за сваю негрыцянскую амаральнасць і непрыстойнасць была ў рэйху забаронена, але без якой вяльможны ганаровец юбілейнага свята не хацеў абысціся.

Тут сабраліся ўсе, хто толькі нешта значыў у гэтай краіне, ніхто дома не застаўся — апрача самаго дыктатара, які перапрасіўся, спаслаўшыся на боль у горле і нервы; не было і некалькіх прыплябееных партыйных падцірачоў, якіх, зрэшты, і не запрашалі. Затое заўважана шмат імператарскіх і каралеўскіх прынцаў, безліч князёўства і мала не ўся высокая арыстакратыя; увесь генералітэт вермахта, уплывовыя фінансісты і людзі з цяжкай прамысловасці; члены дыпламатычнага корпуса — у асноўным з малых альбо далёкіх краінаў; некалькі міністраў, некалькі славутых артыстаў — пра святую слабасць юбіляра да тэатра ведалі ўсе — і нават адзін паэт, які глядзеўся вельмі дэкаратыўна і, пра тое таксама ведалі, карыстаўся асабістай прыхільнасцю дыктатара. — Усяго было разаслана больш за дзве тысячы запросінаў, з іх каля тысячы — на бясплатную дурніцу; адрасатам астатняй тысячы давялося прыплаціць па пяцьдзесят марак уваходных: такім чынам частка велізарных выдаткаў акупілася — рэшта расклалася на тых падаткаплацельшчыкаў, якія не належалі да бліжэйшага атачэння прэм'ер-міністра і ўжо ж ні ў якім разе не ўпісваліся ў эліту новага германскага грамадства.

— Якое цудоўнае свята! — усклікнула ёмістая жонка рэйнскага фабрыканта зброі жонцы паўднёва-амерыканскага дыпламата. — Ах, я проста ў захапленні, якая асалода! Мне так весела, што дай бог, каб усім людзям у Германіі і ва ўсім свеце было гэтак сама весела, як мне!

Жонка дыпламата з Паўднёвай Амерыкі, якая не зусім добра разумела па-нямецку і нудзілася, кіславата ўсміхнулася. Вясёлую фабрыканціху расчараваў такі недахоп энтузіязму, і яна рушыла далей.

— Прабачце, дарагая! — сказала яна далікатна, падабраўшы бліскучы шлейф. — Я павінна якраз павітацца з даўняй сяброўкай з Кёльна — маці гера дырэктара дзяржаўных тэатраў, вы ж ведаеце, — маці вялікага Гендрыка Гёфгена.

Тут паўднёваамерыканка нарэшце раззявіла рот, спытацца: "Who is Henrik Hopfgen?", — што змусіла фабрыканціху ціхенька войкнуць:

— Як?! Вы не ведаеце нашага Гёфгена? Гёфген, мая найдаражэйшая, а не Гопфген! І Гендрык, а не Генрык — ён асабліва высока цэніць гэта маленькае "д"!

І ўжо скіравалася да манернай матроны, якая, ведзеная пад руку паэтам і сябрам фюрэра, важна плыла па зале.

— Дарагая фраў Бэла! Вечнасць, як мы не бачыліся! Як вы сябе пачуваеце, мілая? Ці не пячэ вас часам настальгія па нашым Кёльне? Праўда, тут у вас такое бліскучае становішча! А як пажывае фройляйн Ёзі, мілае дзіця? Але сама перш: як Гендрык — ваш вялікі сын?! Божа, як ён узнёсся! Ён, лічыце,