Литвек - электронная библиотека >> Генрих фон Клейст >> Классическая проза >> Землятрус у Чылі

Гайнрых фон Кляйст Землятрус у Чылі


У Сант-Яга, сталіцы каралеўства Чылі, у час вялікага землятрусу 1647-а года, калі загінулі многія тысячы людзей, адзін малады абвінавачаны ў злачынстве і ўвязьнены  іспанец на імя Гераніма Ругера якраз стаяў каля пілястры ў турме з намерам павесіцца. Дон Энрыка Астэрон, з найвялікшых магутаў  горада, прыкладна з год да таго адставіў яго са свайго двара, дзе той служыў настаўнікам, за тое, што быў у пяшчотнай палюбоўнасці з доннай Хазэфай, адзінай гаспадаровай дачкой. Састарэламу дону пасля таго, як ён настойліва засцярог дачку, па тайным даручэнні і праз подлае дасачэнне ганарлівым сынком пра ўсё было данесена, і раз’ятрыла таго да такой меры, што ён з ходу  затачыў яе ў кармэліцкі кляштар Нашых Любасных  Жонаў. Дзякуючы шчаслівай нагодзе Гераніма ўспасобіўся-такі там нанава  зладзіць стасункі і аднае дамоўленай начы зрабіць кляштарны сад сцэнай свайго поўнага шчасця. А  ўжо акурат на свята Цела Гасподняга ўрачыстая працэсія любасных жонаў, за якою следавалі навіцыянткі, якраз і сталася пачаткам, калі няшчасная Хазэфа пад фінальныя акорды званоў упала на прыступкі катэдрала ў родавых схватках. Гэтае здарэнне набыло надзвычайнага розгаласу; юную грэшніцу, без аглядкі на яе стан, адразу ж запраторылі ў турму, і як толькі яна падвялася з радзільнага ложка,  ёй, ужо на загад арцыбіскупа, быў учынены найстражэйшы працэс. Горад прававаў пра гэты скандал  з такой горкай злосцю, а языкі так востра сціналіся нават вакол самаго кляштара, дзе ўсё гэта закалацілася, што ані просьба сям’і Астэрона, ані нават ужо жаданне самой абатысы, якая дабразычыла юнай дзяўчыне за яе ранейшыя беспахібныя  паводзіны, не змаглі паслабіць суровасці, якое вымагаў кляштарны закон. Усё, што магло адбыцца, павінна было адбыцца мусова -- смерць на  вогнішчы, на якую яна была вырачана: толькі дзякуючы вялікаму абурэнню матронаў і дзеўнаў Сант-Яга, і пасля інтэрвенцыі ўладаў у асобе віцэ-караля вогнішча было літасціва заменена на галавасеку. Ужо на вуліцах, па якіх меўся рухацца пакаральны поезд, пачалося арэндаванне вокнаў, ужо пачалося абладжванне дахаў на дамах, і пабожныя цнатліўкі-дочкі горада пачалі запрашаць сябровак, каб у вялікім спектаклі, якім абстаўлялася боская кара, тыя пабралі ўдзелу сваёй сястрынскай прысутнасцю. Гераніма, які тымчасам таксама быў замкнуты ў турму, даведаўшыся пра такі пачварны паварот лёсу, ледзь быў розумам не даўся. Марныя былі яго подумкі пра ратунак: усюды, куды ні заносілі яго крылы рызыкоўна-вытанчанай фантазіі, ён натыкаўся на засаўкі і муры, а спроба падпілаваць краты на акне павяла за сабою, як што ён быў выкрыты, яшчэ шчыльнейшае ўвязьненне. Ён кленчыў перад абразом святое Маці Боскай, ухапіўшыся за цяпер, бадай што, адзіна магчымы ратунак, які мог бы дацца ў рукі, і маліўся, маліўся з  усё большай і большай жарсцю. Але дзень, якога ён так баяўся, настаў, а з ім у грудзі прыйшла і ўпэўненасць у поўнай безнадзейнасці становішча. Адгучалі званы, пад якія Хазэфу дастаўлялі на месца пакарання, і роспач апанавала яго душу. Жыццё здалося яму  марнай убогасцю, і ён рашыў аддацца смерці з дапамогай вяроўкі, пасланай яму чыстым выпадкам. Ён якраз стаяў, як ужо сказана, каля пілястры, мацуючы да прыладжанай на гзымсе жалезнай клямры  вяроўку, якая мелася вырваць яго з гэтага жалю вартага, гаротнага свету;  аж раптам амаль ці не цэлы горад з грукатам, як калі б абрушылася нябеснае скляпенне, здрыгануўся, пахаваўшы  ўсё, што дыхала жыццём,  пад сваімі руінамі. Гераніма Ругера скамянеў ад жудасці; і адразу, як калі б яго свядомасць была растурзана ўшчэнт, ён, каб не  ўпасці, ухапіўся за пілястру, на якой  быў мерыўся памерці. Пад нагамі ў яго закалыхалася, сцены турмы пабеглі трэшчынамі, увесь будынак пахіліўся, вось-вось гатовы абваліцца на вуліцу, і толькі другі будынак насупраць, які прыняў на сябе  павольнае падзенне ўжо  нахіленага, затрымаў яго, нейкім сваім выступам не даўшы падзенню завяршыцца поўным завалам. Увесь у трымценні, валасы дыбарам, калені, гатовыя вось-вось падкасіцца, Гераніма неяк выкаўзнуўся па-над перакошанай падлогай вонкі, да праломіны, якую ўтварыла сутыкненне двух дамоў ў пярэдняй сцяне турмы. Ледзь толькі ён апынуўся на волі, як уся, ужо засыпаная вуліца, ад другога ўздрыгу зямлі абрушылася цалкам. Не разумеючы, як яму ўратавацца ў гэтым суцэльным хаосе знішчэння, Гераніма кінуўся з месіва друзу і бэлек упрочкі, да бліжэйшай гарадское брамы, тымчасам як смерць з усіх бакоў падступалася да яго. Тут рухнуў яшчэ адзін дом, і яго пагнала, асыпаючы абломкамі і друзам, у бакавую вуліцу; а там ужо з усіх франтонаў пралізваліся языкі полымя, бліскаючы ў густых хмарах дыму і пары,  і пагнала яго, поўнага жудасці, на другую вуліцу; а там ужо, паднятая ў сваiх берагах разбушаваная рака Мапоча рынулася на яго, падхапіла і з клакатаннем павалакла на трэцюю вуліцу. А там -- то груды целаў забітых, то знекуль з-пад абломкаў яшчэ чуецца нечы голас, то згары з палаючага даху людскі лямант, то вось зноў жа там людзі і жывёлы змагаюцца з хвалямі, а тое ж во – нейкі  адважны рызыкант спрабуе дапамагчы ратавацца, а там – яшчэ адзін нейкі такі, бледны як смерць, моўчкі малітоўна ўзносіць дрыготкія рукі ўгору да неба. Дабраўшыся да брамы і падняўшыся на пагорак, патойбоч ракі, Гераніма амаль непрытомна апусціўся долу. Недзе з добрых чвэрцьгадзіны ён праляжаў у поўным атлуменні, пакуль нарэшце зноў не ачуўся і -- горад за плячыма – прыўзняўся з зямлі, ні душой ні целам не адчуваючы і не ведаючы, што яму рабіць у гэткім стане, і толькі невыказная мілата агарнула яго, калі заходні вецер, з мора, абвеяў  зноў вернутае яму жыццё, і яго вочы пачалі блукаць ва ўсе бакі над расквітнелымі абсягамі Сант-Яга. Толькі натоўпы перапалоханых, бязрадных людзей, напаўсюль як вокам скінуць,  скрухай сціскалі яго сэрца; ён не разумеў, што магло прывесці сюды яго і іх, і толькі, як што ён абярнуўся і ўбачыў за сабою спляжаны горад,  успомніў той страшны перажыты ім момант. Ён схіліўся так нізка, што дакрануўся ілбом да зямлі, дзякуючы Богу за цудатворнае выратаванне;  і тут адразу, як калі б адно жахлівае ўражанне, заселае ў ягонай душы, выціснула з яе ўсе астатнія, ён заплакаў ад шчаснай радасці, што яго мілае жыццё, багатае сваімі самымі разнастайнымі праявамі, усё яшчэ ўмілажальвае яго.  Пасля, убачыўшы на сваім пальцы пярсцёнак,  адразу ўспомніў  Хазэфу, а разам з ёю і сваю турму, званы, пачутыя ім там, і той момант, які папярэднічаў абвалу. Глыбокая скруха зноў асела ў ягоных грудзях; малітва пачала схіляць  да каяння, і вусцішнай здалася яму існасць, якая валадарыць там, у пазахмар’і. Ён змяшаўся з людам, які паўсюль, заклапочаны