Литвек - электронная библиотека >> Ларыса Антонаўна Геніюш >> Проза >> Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза

Ларыса Геніюш Збор твораў у двух тамах Том 2. Проза

Сто ранаў у сэрца


Нарадзілася я ў 1910 г. на сваёй зямлі з дзядоў і бацькоў беларусаў. Дзед мой, Павел Францавіч Міклашэвіч[1], паходзіў з Крынак[2]. Паспеў ён яшчэ адрабіць 6 дзён паншчыны, а пасля прадаў свайго 1/2 участка зямлі (было іх два браты), да гэтага пазычыў грошай на банк і купіў сабе харошы маёнтачак Астапкаўшчыну. Кажуць, што дзед мой пасвіў гоўцы і знайшоў скарб, за які пасля і купляў сабе зямлю. Я ў гэта не веру. Ён быў працавіты і разумны чалавек, прытым славіўся сваёй чэснасцю. Быў амаль непісьменны, ледзь-ледзь мог каравенька падпісацца. Іншай мовы не ведаў, акрамя беларускай, і да смерці еў драўлянаю лыжкаю, каб не апарыць сабе языка.

Дзед мой ажаніўся ў 18 г[адоў] з Марфаю з Чамяроў, якой было 16 гадкоў. Было ў іх нешта 16 дзяцей, з якіх жыло 8. Пасля Астапкаўшчыны дзед мой купіў яшчэ Гудзевічы. Іх прайграла нейкая графіня ў карты, і дзеду яны прыйшліся нядорага. Кажуць, што тая графіня вельмі хацела вярнуць сабе Гудзевічы, але дзед мой іх не адпрадаў. Графіня яго праклінала, а ён лічыў, што яна гэтай зямлі не варта.

Калі тата[3] мой вярнуўся з далёкай японскай вайны, дзед ажаніў яго і купіў яму, на гэткі ж Віленска-Тульскі банк, Жлобаўцы каля старога мястэчка Воўпа. Там я і нарадзілася. Здавалася мне, што я паўстала з жытоў, з неба і траў, а перадусім – з любай беларускай мовы, на якой ласкава звярталіся да мяне бацькі, старэнькая няня і іншыя. Мне было светла і добра, але хутка забралі тату на вайну. Мы, тры малыя сястрычкі, уцякалі з мамаю на фургонах ад немцаў і апынуліся недзе аж на Украіне. Там і сустрэла нас пасля рэвалюцыя. З усіх гэтых вялікіх падзеяў застаўся ў душы маёй жах ад стрэлаў і ад забітых.

Бацька мой шчасліва вярнуўся з вайны, і толькі пры ім я чулася болей бяспечна.

Мама[4] мая паходзіла таксама з сялян з вёскі Завадзічы каля Чарлёнай на Гродзеншчыне. Яе бацька Васіль Манюта кінуў вёску і пайшоў на арэнду. Дзяцей у яго было таксама 16, з якіх выгадавалася толькі пяцёра. Малыя патрэбы сялян і іх вялікая працавітасць зрабілі іх хутка багатымі. Дзеда пачалі праследаваць ягоныя сваякі, хацелі нават забіць. Яго абвінавачвалі, што ён знайшоў залаты скарб і гэтакім чынам разбагацеў. Цярпеў дзед Васіль да той пары, пакуль нейкі ягоны сваяк не выараў з зямлі сагана з залатымі грашмі. Ён так крычаў з радасці, што набеглі людзі і ў момант расхваталі ўсе тыя грошы. Дзеда пакінулі ў спакоі.

Вось такім чынам мы пыйшлі ў паны, застаўшыся прытым шчырымі беларусамі.

У бежанстве вечарамі сыходзіліся да нас сваякі, бо ўсе мы сабраліся бліжэй сябе, успаміналі мінулае... Пра суды і зямлю, пра пасты і бабіны малітвы, пра тое, як збіраліся восенню ў Крынках і дзве нядзелі маліліся за памершых, як з’ядалі кадушку насоленай бараніны і выпівалі нямала гарэлкі. Аб тым, як баба Марфа ўспамінала паўстанцаў, якія, акрываўленыя і раненыя, палілі ў іхняй печы паперы, як прадзед мой, лясун Чамер, памагаў ім. Расказвалі пра дзівы і духаў, якія вельмі актыўна, паводле іх слоў, умешваліся ў жыццё гэтых сем’яў. Гутарылі пра Беларусь сваю з тугою, з вялікім каханнем і толькі мілаю роднаю моваю, зусім не так, як гутарылі з чужымі. Рваліся ўсе дамоў, рабілі планы, што будаваць, дзе сеяць, якое заводзіць быдла ды коні. I я горача кахала тую зямлю і чакала павароту дамоў разам з усімі.

На сваю радзіму мы вярнуліся ў 1919 г. Ехалі й зноў коньмі праз пустыя вёскі, дзе хаты былі без дзвярэй і без вокан, са стрэхаў расла крапіва, а вакол шумелі кустарнікі. Пуста было і ў нас на падворку. Стаялі абсмаленыя муры і захавалася толькі адна старая, маленькая хата. Было многа грыбоў і малавата хлеба. З бежанства вярталіся людзі, ніхто ім не памагаў. Супрагаю аралі зямлю, аднаўлялі хаты, пралі-ткалі і неяк жылі. Мяне аддалі вучыцца спачатку ў Гудзевічы, а пасля ў Ваўкавыск, у гімназію.

У Ваўкавыск я заўсягды ехала неахвотна. Цяжка мне было пакідаць зялёныя ці заснежаныя Жлобаўцы, сваю сям’ю, дзе ўжо нарадзіліся брацікі. Да болю мне было сумна без ветру ў палёх, без сялян і без дрэваў. Навука давалася мне лёгка, але зямля клікала мяне, моцна трымала ў зялёных руках маё сэрца, змушала думаць і параўноўваць.

Гімназія, як і ўсе школы тады, была польскай. Я была дачкой паноў, і да мяне адносіліся добра, але вось усіх харошых маіх землякоў лічылі толькі слугамі і мужыкамі.Мучылі мяне роздумы аб тым, што кожны родзіцца маленькі і голы, і як жа розна кожны абрастае тым шчасцем у жыцці. Якая ж няроўная, несправядлівая доля! Я глядзела на свой харошы народ, які дзялілі рэлігіямі, штучна творачы з нашых каталікоў палякаў, хаця адвечнай іх роднаю мовай была толькі беларуская мова. Гэта было зусім не ў духу Хрыста, і я пачала бачыць розніцу між Богам і клерам. Колькі ж можна дзяліць, разрозніваць і ўніжаць мой народ? – думала я тады.

Цяжка было беларусам вучыцца. Спачатку вучыліся чужой мовы, а пасля ўсяго іншага на чужой мове. Чужыя прыносілі нам малітву і навуку, толькі на “панскай” іхняй мове, уніжаючы нашу, Скарынаўскую. Каб здабыць беларусу сярэднюю асвету, часта трэба было выракацца народнасці і рэлігіі. Я не выраклася нічога, асабліва не выраклася майго народу і яго долі. Я кахала яго, як кахаюць родных бацькоў ці найбольшую дабрату, ці найвышэйшую праўду. Я была жывою часткай яго, багатая яго грунтоўнай культурай, ласкавая яго дабрынёй і сільная для змагання з яго горам.

Як зачараваны недругамі волат, ляжаў на вузкіх палосках Скарынаў народ і не меў магчымасці ісці шляхамі вялікага продка. Я верыла ў свой народ, і толькі мне хацелася некалі ўбачыць, якіх поспехаў дасягне ў школе пастух і як успрыме святло жывых ведаў служанка. У той беспрасветны час гэта толькі былі летуценні і гутаркі з месяцам.

Я далей не вучылася, у бацькоў было нас сямёра дзяцей, а навука каштавала вялікія грошы. Я была найстаршай з дзяцей, і часта бацька ўскладваў на мае дзявочыя плечы абавязкі гаспадара. Я вазіла прадаваць бульбу і збожжа, выпрошвала адклад ліцытацыі маёмасці за даўгі і неімаверна вялікія падаткі, старалася разлажыць на сплаткі вялікі банкаўскі доўг. Я горача кахала зямлю, садзіла на ёй лес і кветкі, жала і грабіла, прала лён і ўслухалася ў песні, казкі і прымаўкі нашых людзей. Паэзія Міцкевіча[5], філаматаў[6] і філарэтаў[7], яшчэ ў школе адкрыла мне вочы на вялікія скарбы, схаваныя ў нетрах народнай душы. Сяляне былі ў сваёй большасці бедныя, многа раз ужо яны падзялілі свае надзелы, і не ўсім з іх хапала хлеба да новага. Але яны былі сціплыя, зарадныя, працавітыя. Свята і цесна злучаныя з зямлёй, толькі яны маглі жыць і выжыць у