Литвек - электронная библиотека >> Рыгор Барадулін >> Детские стихи и др. >> Здубавецьця

Рыгор Барадулін Здубавецьця

Замест уступу


А вушацкія ведалі смак
У вусім,
Бо жыцьцё любілі.
Слова,
Як на Вялічка мацак,
Правяралі на зуб —
Зубілі.
Рэчы ўсе называлі так,
Як назвацца хацелі рэчы.
Кожны быў
Так кахаць мастак,
Каб на печы
Ня зяблі плечы.
Мерзьлі ногі ад сала,
Каб
Разьлятаўся на трэскі ложак.
І ня толькі словам да скаб
Праціналі.
Быў жарт, як вожык.
Спосабам,
Што шукаў іх сам,
Праганялі далей хваробы,
І бяз спонсараў,
Бяз рэклам
Страт ня мелі
Майстры-дзецяробы:
Дзяўчаты, дзяўчаты,
Ці ўсе вы пачаты,
Каторая не,
Падыходзь да мяне!
З тых,
Хто звык хадзіць нацянькі,
Кпяць спрадвеку жанкі й дзядзькі,
Разгаўляюцца словам скаромным
І ня лічаць яго бессаромным.
На паліцах навукі здаўна
Ня прыстала пыліцца ўзорам.
Хай завецца фалічным фальклорам
Сьмех здаровы,
Шурпатасьць радна.
Ведай, мудры чытач,
Ні фалічным,
Ні палічным з паліцаў
Ня лічым
Наш запал.
Як няма самагонкі,
Пі здароў, пі з даёнкі.
Да дна!

У кнізе захоўваецца аўтарскі правапіс.


Рагацьцё (замалёўкі)


Вушацкія называюць усё абы як сабранае, выдуманае й нявыдуманае, нішто й нешта, прастакаватае й хітраватае, вясёлае й сумнаватае адным словам «здубавецьця».


Адзін

На стол гаспадыня паставіла варыва. Сын першы чарэпнуў лыжкай, сербануў і заплакаў.

— Чаго ты, сынок, плачаш? — пытаецца бацька.

— Што я ў цябе адзін…

— Ня плач. Адзін ды ладзін.

Бацька сьмела чарэпае. Варам абдае ўсё ў роце.

— Адзін ты ў мяне, каб ты быў апошні…


Сумеў

Была талака ў пана. Усё зрабілі. Ну, пан і трактуе талакоўцаў. Сталы ломяцца ад закусі. Толькі там-сям сірацеюць пляшкі з дарагім пітвом. Трохі выпілі, нешта ўкусілі. Сумна разышліся.

І была талака ў беднага мужыка. Той на пачастунак нагнаў самагонкі, мацнейшай за самую заядлую лаянку. А на закусь — напарыў рэпы. Упіліся як не да сьмерці. Нехта шыю скруціў, нехта нагу вывернуў, некаму нос ледзьве не адкусілі. Прыйшоўшы ў сябе, доўга ўспаміналі ды прыгаворвалі: «Хоць бядняк, а сумеў жа людцаў прывеціць!»


Давай Макеенку

У Вушачы быў славуты савецкі служачы Макеенка. Славуты тым, што выпіваў 25 куфляў піва. І, казалі, калі заходзіў у раку, яшчэ ў тыя часіны глыбокую, вада сама трымала яго наплыву, як мячык. І яшчэ славуты быў як спец па жанчынах.

Жонка павяла карову да быка ў калгас прыгарадны, які сваёй галечай апраўдваў назву, у «Пралетарыю». Працаўнік каровінага загса ня бачыць, хто прывёў карову, дый пытаецца, а ці здаровая карова, ці дужага быка трэба, а з вуліцы прыёмшчыца адказвае, што здаровая. Тады злучнік-разлучнік крычыць:

— Давай ёй Макеенку!


Голас аглабліны

Сталінская дэмакратыя. Кулакоў ды шмат каго яшчэ пазбавілі права голасу ў камедыі выбараў. Едзе заможнік. Ідзе дзядзька зь бяднейшых. Заможнік як ехаў ды з разгону яму аглабліной у плечы. Ня збочыў.

— Ты чаго, класавы вораг! Ня мог крыкнуць? — мацюкаецца хадак.

— Я права голасу лішон…

Яна не сама сябе прыдумала прымаўка: дурны як аглоблі…


Мая таксама

У аднаго чалавека было шмат дзяцей. І ўсе — дочкі. А жаніхоў няма. У сябра ягонага таксама адны дочкі незамужнія. Жылі ў розных вёсках, далекавата. Бачыліся рэдка. Сустракаюцца, здароўкаюцца. І адразу:

— Ці ведаеш, Стахван, якое гора ў мяне?

— Не кажы, Селівей, мая таксама нарадзіла.


Дзецяроб

У багатых-забагатых бацькоў была дачка. Дужа хацела дзіця. Яе супакойвалі, што трэба назьбіраць надта шмат грошай, тады наняць дзецяроба. Ён і зробіць дзіця.

Адлучыліся гэта некуды бацькі. Засталася дома адна дачка. Грукаецца нехта. Дачка пад замком. Пытаецца, хто грукаецца. Чуе ў адказ, што гэта дзецяроб. Дзяўчына й кажа, што не хапае яшчэ грошай на дзецяроба, не назьбіралі. А гэты нехта згодны бясплатна ўсё зрабіць, каб дзіця было. Адамкнула дзьверы. Прыходзяць дамоў бацькі, а дачка сьпяшаецца ім паведаміць радасную навіну: быў дзецяроб і ні капейчыны за працу ня ўзяў…


Сьвіны бык

Жылі суседзямі мужык з жыдом. Мужыкоў кнур раз убіўся ў гарод да жыда. Той з прэтэнзіяй:

- Іван, а Іван! Твой сьвіны бык парыў мая ўся бульба.

— У мяне няма ніякага быка. Ёсьць толькі кнур.

— Пад які там шнур. Ён парыў абы-як — і ўздоўж і ўпоперак.


У Курты пад хвастом

Адзін вясковец украў быка, асьвежаваў, пачаў варыць, а ўсё астатняе мяса схаваў у яму пад падлогай.

Прыехалі шукаць. Сядзіць малы галапузы. Участковы яму тыц пальцам:

— Пуп — наеўся круп.

— А вот жа бычыны.

— А дзе бралі бычыну?

— У Курты пад хвастом.

Сучка Курта якраз сядзела на падлозе, дзе яма. На тым сьледства й скончылася.


Даўно сьпяць

Выйшла дзеўка замуж. Ночы зімовыя даўгія. А прасьці ёй даюць дужа. Яна прадзе-прадзе дый прыгаворвае:

— А ў майго таты даўно сьпяць…

Але ў новай сям'і ўвагі не зьвяртаюць.


Ці даўно йдзеш?

Ідзе сабе маладзіца дый, як любіў казаць некалі Караткевіч, маскаля пускае, гучна страляе, бо навокал нікога. Але празь нейкі час вырашыла азірнуцца. За ёй ідзе мужчына.

— Ці даўно ты йдзеш, чалавеча?

— Адтаго, як ты першы раз рогнула.


Як ахвяравалася

Маладзіца ахвяравалася паўзьці ад хаты да царквы. Паўзе. А спадніца спаўзла. Ідзе чалавек дый пытаецца:

— Як ты паўзеш?

— Як ахвяравалася, так і паўзу…


Дзе два коміны

Пад час польскае акупацыі жаўнеры пасьвіліся самапасам. У Кавалеўшчыне, што пад Вушачай, дзе нарадзіўся бацька мой, жаўнеры панадзіліся да крыху заможнейшага кавалеўца. Пазнакай служылі сінія вароты. Бедалага, нарэшце, зьняў вароты, тады палякі кіраваліся ў хату, дзе два коміны. Комін зімой ня збурыш.


Шыла

Шавец наказваў жонцы:

— Калі памру й будзеш хаваць, пакладзі мне ў труну шыла.

— Што, й там зьбіраешся боты шыць?

— Ды не. Калі ты сядзеш на маю магілку сраць, каб мог я табе ў зад шыла загнаць…


Там і радзіма

Пасля вайны па фінансавай лініі працаваў недалужны, падсьлепаваты Пейсахоў. Зь яго звычайна нязлосна пакеплівалі, асабліва дзяўчаты, на якіх ён ласа пазіраў.

Перавялі Пейсахова з раёна ў недалёкі сельсавет. Прыязджае ён неяк у Вушачу. Яго й