Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Драма >> Млын на Сініх Вірах

Уладзімір Караткевіч Млын на Сініх Вірах

Гераічная драма ў чатырох дзеях, васьмі карцінах

Дзеючыя асобы


Цыкмун Асінскі, млынар – 50 год.

Тэкля Каваль, яго сваячка – 56 год.

Марыся, дачка Цыкмуна – 18 год.

Андрэй Лаўрановіч, студэнт – 20 год.

Віктар Сміхальскі – 24 гады.

Каляда, пісьменнік, старшыня гарвыканкома, потым камісар атрада – 40 год.

Пятро Лаўрановіч, бацька Андрэя, камандзір партызанскага атрада – 42 гады.

Апанас Жаўрук – 56 год.

Пан Елпідзіфор Дзюбка, загадчык музея, пасля “камерсант” – 45 год.

Баба Ерэтычка, самагоншчыца – 48 год.

Высакародны злодзей – няпэўных год.

Трубайла, былы шляхціц – 43 гады.

Граф Адлерберг, камендант горада – афіцэр у гадах.

Бернгард Швальбе, камісар гестапа – 30 год.

Фон Ранцоў, маёр – 32 гады.

Зігфрыд Ільзенвельдэ, гаўптман – 26 год.

Генрых Штаркенфауст, Вольфганг Ламсдорф і Фердынанд Эверт - афіцэры.

Нямецкі ўрач.

Лірнік.

Народ на кірмашы, партызаны, вартавыя, нямецкія салдаты, людскі натоўп на барахолцы.


Дзея адбываецца ў ваколіцах маленькага раённага гарадка, загубленага ў глухіх лясах, у 1941–1942 гг.


Дзея першая

Стварылі вас не для жывёльнай долі, –

Для доблесці і ведаў. Людзі вы!

(Дантэ. “Пекла”. XXVI, 118 – 120)

Карціна першая


Кабінет старшыні гарвыканкома. Вялізны пакой, вельмі светлы, з двума квадратнымі вокнамі, за якімі панарама горада. Звычайнае кабінетнае абсталяванне: вялікі стол, крэслы. Двое дзвярэй: адны налева – выхад, другія направа – у зал. Карта на сцяне. Вельмі ціха і спакойна, але нешта не так, як заўсёды: папера на рэпрадуктары прадзёртая, з адчыненага сейфа на падлогу вывалілася купа паперы, фіранка вырываецца з акна на вуліцу, як сцяг. Відаць, што па пакоях гуляе пройма. Толькі пасля далятаюць здалёк гукі кананады. Ля акна Каляда і Пятро Лаўрановіч. Маўчаць. Кураць. I раптам гучны, злёгку асіплы голас з рэпрадуктара.


Голас з рэпрадуктара. Увага! Увага! Грамадзяне горада! На ўсходняй аколіцы ідуць баі. Палае горад! Палае горад! Грамадзяне горада, усе, хто можа трымаць зброю, ратуйце горад...

Лаўрановіч. Горад вырашылі здаць?

Каляда. Так. Утрымаць няма магчымасці... Жах бярэ глядзець на адступаючых. Чорныя ўсе, раненых вядуць... Немагчыма, ну немагчыма ж без дапамогі, без боепрыпасаў.

Лаўрановіч. А радыё яшчэ трымаецца?

Каляда. Там, напэўна, ужо немцы блізка, але яшчэ трымаецца. Гэта дыктар наш, Ветка, сепаратна сядзіць там... Кажа, што не пойдзе стуль. Яму ўсё добра відаць, вышэйшага месца за радыёвузел у горадзе няма. Зусім дрэнна, браце. На Ленінскай склады палаюць, нехта разбіў, дзе-нідзе грабёж там пачаўся. Напэўна, зладзеі...

Голас. Грамадзяне горада! Калісьці вашы продкі не пусцілі за гарадскія муры Іасафата Кунцэвіча, драпежнага ваўка, навялі на яго гарматы і наказалі пайсці прэч. Будзьце вартымі іхняй славы! Браты! Сёстры! Бацькі! Сыны! Таварышы! Бярыце зброю! Заходняя станцыя ледзь трымаецца.

Каляда. Калі прыйдуць людзі па справе з млынам?

Лаўрановіч. Прызначылі на трынаццаць гадзін.

Каляда. Добра. Пакуль тое будзе, паклічце Дзюбку.


Лаўрановіч выходзіць і вяртаецца з Дзюбкам.

Дзюбка апрануты старамодна і трохі зухавата, вусы падкручаны, у руках кіёк.


Сядайце, Елпідзіфор Сяргеевіч. Памятаеце нашу размову дзесяць дзён таму? Вы самі бачыце, час наступіў... Вы не камуніст, менавіта таму мы вас і выбралі, менш падазрэнняў. Вы не перадумалі? Не будзеце эвакуіравацца?

Дзюбка. Не, у мяне тут засталося яшчэ шмат экспанатаў. Але, перш за ўсё, дзякуй вам, што дапамаглі вывезці мой музей... Шчыра дзякую. Старажытныя шыферныя прасліцы... меч старасты адроўскага, бронзавы меч, такога і ў Гнёздаве няма... надзвычайныя косткі маманта, карціна Пэна... А вось чучалы пакінулі... мядзведзь, рысь яшчэ. I мая надзвычайная арніталагічная калекцыя. Мне заўсёды не шанцавала. Я, вядома, ад яе нікуды не паеду, так што, калі ласка, я да вашых паслуг.

Каляда. Што б вы сказалі, калі б вам прапанавалі трымаць канспіратыўную кватэру?

Дзюбка. Па прынцыпу: добрага сабаку на прывязі трымаюць? Ну што ж... Я, малады чалавек, маю, вядома, брушка і падобны да бухгалтара, але, мне здаецца, мы падчас той нашай размовы ўсё высветлілі. Так што размаўляць няма чаго. Значыцца, спатрэбіліся мае старыя косці, а я ў такіх выпадках не адмаўляюся тым, што я з большым задавальненнем сядзеў бы ў піўной і піў піва. Піва, вядома, лепей за шыбеніцу, але, як падумаеш, і за піва, нарэшцее, трэба расплачвацца.

Каляда. Добра. Пра абавязкі даведаецеся паслзя. Пакуль што, ведайце адно, пароль будзе вельмі складаны, запамятайце добра: “Ці не прадасцё што-небудзь цікавенькае? Можа, ёсць старыя фібулы або слуцкі пас (менавіта, пас). Водзыў: многа хочаце, гэтага няма, але ёсць унікальная каптарга. Зноў пароль: гэта значыць металічны кашэль? водзыў: так, з бычынай галавой”. Запамяталі? Добра.

Дзюбка. Чакайце, але з якой прычыны яны будуць пытацца ў мяне такое?

Каляда. Вы будзеце камерсантам, значным камерсантам. Грошы атрымаеце, іх будзе дастаткова. Адкрыеце ўласную краму пад шыльдаю, – трэба нешта вытанчанае, – ну, хаця б так: “Гандаль старажытнасцямі, рэчамі культу, інкунабуламі і прадметамі народнага мастацтва. Камерсант пан Е. С. Дзюбка”.

Дзюбка (абурыўшыся). Не, браткі, і ракаў не хачу, і ног не мачу. Я ў прынцыпе супраць прыватнага капіталу. Я разумею, трэба, каб хадзілі людзі, але чаму б мне не стаць, ну лудзільшчыкам, ці што. Я ўмею.

Каляда. Чалавек павінен працаваць па свайму густу. Каго здзівіць, што былы загадчык музея адкрыў гандаль старажытнасцямі. Грошы будуць. Вы будзеце мець магчымасць раз’язджаць па вёсках дзеля скупкі, ездзіць нават у вялікія гарады. Як жа, камерсант, паважная асоба. Будзеце запрашаць нямецкіх афіцэраў у госці, задавальняць іх, калі нам будзе патрэбна.

Дзюбка (менш рашуча). Гандляваць свяшчэннымі для мяне прадметамі? Не, не буду. Ды і скуль я іх дастану?

Каляда. Не турбуйцеся, гандляваць вы будзеце падробкамі. Мы паклапаціліся, яны ў вас будуць. Вы ведаеце пра калішнюю калекцыю Сіпайлы?

Дзюбка. Гэты блюзнір! Гэтае падла! Добра ведаю. Мы з ім спрачаліся дваццаць пяць год таму, ён думаў, што калі ён багатыр, дык ён мае добры густ. Трасца ў яго была, а не густ! Яму перакупшчыкі спіхнулі на дзесяць тысяч без малога самых грубых падробак, якія я бачыў. К-калек-цыянер!