Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Емяльянчык и др. >> Биографии и Мемуары и др. >> «Нарадзіўся я ліцьвінам…»: Тадэвуш Касцюшка >> страница 2
рук Дж. Вашынгтона, Т. Касцюшка ахвяраваў (у 1784–1785 гг.) вуніяцкай царкве ў в. Даўгаліскі Люблінскага ваяводства. Гэтую царкву наведвалі і маліліся ў ёй маці, сястра Ганна і сам Тадэвуш Касцюшка.)

У сваім імкненні замаўчаць, схаваць беларускае паходжанне Касцюшкі нават аўтарытэтная сучасная Wielka Encyklopedia Powszechna сцвярджае, што ён нібыта нарадзіўся на Валыні, якая з 1569 года была далучаная да Польшчы. Сам жа Касцюшка называў сябе ліцьвінам, г. зн. так, як называлі сябе ў тым часе ўсе беларусы{1}.

На думку біёграфаў, ён нарадзіўся ў вёсцы Сяхновічы, што пацвярджаецца надпісам на медалі, вырабленым у Парыжы ў 1818 годзе{2}. Паказваюць таксама на маёнтак Марачоўшчына каля мястэчка Косава (цяпер у Івацэвіцкім раёне) як на месца яго нараджэння. Аднак у абодвух выпадках размова ідзе пра Беларусь, а не пра Валынь ці Польшчу.


Дзіцячыя гады


У гістарычных дакументах прозвішча Касцюшка сустракаецца з 1458 года. Продкі Андрэя Тадэвуша займалі сціплае становішча ў грамадстве. Яго прадзед Аляксандар Іван быў падсудкам, а дзед Амбражэй — пісарам у Берасцейскім земскім судзе. Бацька Людвік ніякіх пасадаў не займаў, а меў толькі ганаровую годнасць мечніка Берасцейскага ваяводства і палкоўніка, хоць у войску ніколі не служыў.

У сям'і Тэклі і Людвіка Касцюшкаў было чацвёра дзяцей: Ганна, Язэп, Кацярына і Андрэй Тадэвуш. Да дзевяці гадоў Андрэй Тадэвуш выхоўваўся дома, як і ўсе дзеці незаможнай шляхты, без якіх-небудзь спецыяльных гувернёраў ці настаўнікаў, г. зн. яго маленства прайшло ў беларускай вёсцы. У дзевяць гадоў яго аддалі ў школу манаскага ордэна піяраў мястэчка Любешаў Пінскага павета, дзе ён навучаўся пяць гадоў, да 1760 года. Пасля сканчэння школы ён зноў вярнуўся ў Сяхновічы і цягам пяці гадоў дапамагаў маці па гаспадарцы (бацька памёр у 1758 годзе). У піярскай школе Касцюшка вывучаў лацінскую, польскую, французскую і нямецкую мовы, атрымаў пачатковыя веды з матэматыкі.


Рэч Паспалітая — канфедэрацыя Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага


Рэч Паспалітая Двух Народаў, якая ўтварылася ў выніку Люблінскай вуніі 1569 года, была канфедэрацыяй Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага. Кожная з гэтых дзяржаваў мела сваю тэрыторыю, сваю эканоміку і фінансы, сваё войска, асобную адміністрацыю і заканадаўства.

Суверэнныя правы Вялікага Княства Літоўскага атрымалі юрыдычнае замацаванне ў Статуце 1588 года. Законам ад 19 траўня 1655 года пацвярджалася забарона польскім войскам пераходзіць дзяржаўную мяжу Вялікага Княства.


Бязладдзе дзяржаўных органаў улады


У Рэчы Паспалітай кароль быў без улады, Сойм без сілы, а іншых сталых органаў улады і кіравання для ўсёй канфедэрацыі не было. У другой палове XVІІІ стагоддзя яна перажывала крызіс грамадскага і палітычнага ладу. Нарастала незадаволенасць сялян сваім становішчам. Да сялянскіх паўстанняў і бунтаў дадавалася жорсткая барацьба розных групаў унутры панавальнага стану — шляхты, а таксама барацьба за свае правы праваслаўнага насельніцтва. Рэлігійнае пытанне ўвесь час імкнулася выкарыстаць Расейская імперыя для апраўдання ўмяшання ў нутраныя справы суседзяў.

У гады юнацтва Тадэвуша Касцюшкі, г. зн. у сярэдзіне 60-х гадоў XVІІІ стагоддзя, была арганізаваная спроба дзяржаўных рэформаў у Рэчы Паспалітай. Прагрэсіўныя дзеячы імкнуліся прыстасаваць стары феадальны дзяржаўны апарат да новых эканамічных умоваў. У 1764 годзе яны паспрабавалі наладзіць работу Сойму і абмежаваць выкарыстанне дэпутатамі права «лібэрум вета». У 1767 годзе праваслаўная шляхта абвясціла хаўрус (гэтак званую канфедэрацыю) у Слуцку, а пратэстанцкая — у Торуні з патрабаваннем ураўноўвання ў правах праваслаўных і пратэстантаў з каталікамі. На патрабаванне расейскага пасла Рапніна ў лютым 1768 года ў Варшаве была падпісаная дамова з Расеяй, згодна з якой фармальна абвяшчалася роўнасць у правах праваслаўных з каталікамі.

У гэтым жа часе былі падрыхтаваныя гэтак званыя Кардынальныя правы Рэчы Паспалітай, якія абвяшчаліся непарушнымі пад гарантыяй Расеі. У іх замацоўваліся непахіснасць «лібэрум вета», шляхоцкія прывілеі і недапушчальнасць рэформаў дзяржаўнага ладу. Яшчэ ў сакавіку 1764 года Расея і Прусія дасягнулі дамоўленасці, каб не дапускаць сілаю зброі якіх-небудзь рэформаў дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай. Гэтае пагадненне сталася перадумовай будучага падзелу. Кардынальнымі правамі амаль поўнасцю былі ліквідаваныя рэформы, праведзеныя ў 1764 годзе. Галоўным новаўвядзеннем у Кардынальных правах быў пункт XX, паводле якога ў Польшчы ўводзіўся ў дзеянне артыкул першы раздзела ХІІ Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, дзе прадугледжвалася крымінальная адказнасць, аж да пакарання смерцю, шляхціча за забойства простага чалавека.

Супраць Варшаўскага пагаднення 1768 года аб ураўноўванні ў правах праваслаўных з каталікамі ў г. Бары (Заходняя Ўкраіна) была ўтвораная канфедэрацыя, якая заклікала да барацьбы за аднаўленне перавагаў каталіцкай рэлігіі, супраць умяшання замежных дзяржаваў, за захаванне ўсіх правоў і прывілеяў шляхты. Барская канфедэрацыя карысталася падтрымкай Францыі, якая падбухторыла Турэччыну на вайну з Расеяй. Прусія і Аўстрыя, скарыстаўшы тое, што Расея занятая вайной з Турэччынай, у 1770 годзе акупавалі частку польскіх земляў і прапанавалі Расеі ўзяць удзел у падзеле Рэчы Паспалітай. 5 жніўня 1772 года ў Пецярбурзе была падпісаная канвенцыя аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Да Аўстрыі, паводле канвенцыі, далучалася паўднёвая Польшча і частка Заходняй Украіны з гарадамі Перамышлем, Альбовам (старадаўні беларускі назоў места Львова), Галічам, да Прусіі — паўночна-заходняя частка Польшчы з гарадамі Быдгашч, Хелмно, да Расеі — Латгалія і ўсходняя частка Беларусі з гарадамі Полацкам, Віцебскам, Воршай, Магілевам, Рагачовам, Гомелем. (Толькі невялікая частка паслоў з Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку наваградскія, менскія і ваўкавыскія на чале з легендарным Тадэвушам Рэйтанам, спрабавалі ў Варшаве на «падзельным» сойме 1773 года сарваць зацверджанне падзелу. Але сіла была не на баку патрыётаў з Вялікага Княства. Адзін з іх, Самуль Корсак, браў потым чынны ўдзел у паўстанні 1794 года і загінуў пры абароне Варшавы.)

Першы падзел выявіў бязладдзе ў Рэчы Паспалітай і паказаў на неабходнасць рэформаў дзяржаўнага ладу. У 1775 годзе была зробленая спроба стварыць у гаспадарстве калегіяльны выканаўча-распарадчы орган, які б выконваў функцыі ўрада па найбольш важных пытаннях дзяржаўнага кіравання. З гэтаю мэтай была створаная Неадменная рада з 36 чалавек — 18 прадстаўнікоў Сената і 18 дэпутатаў ад