- 1
Уладзімір Караткевіч Жабкі і Чарапаха
На беразе маленькага ляснога возера-балотца разгарлаліся, разышліся і наладзілі канцэрт жабы. Церушыў на іхнія галоўкі цёплы дожджык, свяціла праз яго сонца. Весела было жабкам — вось яны і спявалі. І тут прыплыла пратокай з такога самага суседняга балотца-возера вялікая балотная Чарапаха. Жыла яна адна, пачула вясёлыя спевы і вось прыплыла, вынырнула, напалову вылезла на бераг і ўся аж зморшчылася ад асалоды. Надта добра спявалі жабкі. — Жабкі, жабкі, дзень добры. — А ты што за цуда-юда? — спыталі жабкі. — Я Чарапаха. — Бачыць такое не бачылі, чуць гэткае не чулі. Значыць, не можа цябе быць. — Ды ёсць жа я, — сумна сказала Чарапаха. — І як жа вы добра спяваеце! Паўтарыце, калі ласка. Проста салаўі. — Можам, — сказалі ўлешчаныя жабкі. Ку-ма, кума Бор-ршчык вар-рыла. — Выдатна, — сказала Чарапаха. — Выключна. Жабкі-жабкі, прыміце мяне ў свой хор. — А ты спяваць умееш? — Не. Я слухаць люблю. — Дык слухай. Здалёк. Ці прывядзі сястру, якая ўмее. — І яна не ўмее, — сумна сказала Чарапаха. — Мы, чарапахі, не ўмеем спяваць. Голасу нам не дадзена. — Дык нашто ты нам тады? — спыталі жабкі. — А слухаць вас хто будзе? Хваліць? — Нас і так усе чуюць. І ўсе хваляць — Ну і я ціхенька сядзела б ды хваліла, — сказала добрая і разумная Чарапаха. — Дык ты, можа, яшчэ нешта ўмееш? — спытала Галоўная Жаба ў хоры, якая аж дзьмулася ад важнасці. — Плаваць умею. Ныраць. — Гэта й мы ўмеем. А скакаць умееш? — Не, — уздыхнула Чарапаха. — Нічога ты не ўмееш… А мы яшчэ нясём ікру. Жабурынне. — Я замест яе яйкі нясу, — сказала Чарапаха. — Вялікія. — Ф-фу, — сказала Галоўная, — яйкі… Ну, паспрабуй усё ж заспяваць. I Чарапаха зарыпела:
Свеціць месячык з гары
На глыбокія віры.
На шчытах у чарапах
Сіняе святло гарыць.
Што вар-рыла, кум-ма, кум-ма?
Борш, бор-ршч, бур-ракі.
Бур-ракоў не было —
Бр-ручкі навар-рыла…
- 1