Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Эссе, очерк, этюд, набросок >> Званы ў прадоннях азёр

Уладзімір Караткевіч Званы ў прадоннях азёр


Кажуць балады Палесся,
Што ў даўнія злыя гады
У правалах танулі замкі,
Цэрквы і гарады.
Азёры ўставалі над шпілямі,
Палі залізваў разліў,
I рыбкі ў байніцы вежаў
Сотняй вясёлак плылі.
Але кажуць дасюль, што ў прадоннях,
Над якімі бяжыць чарот,
Жывы ў гарадах падводных
Стары палескі народ.
Жывыя яго паданні,
I песня, і мовы строй
У недасяжных глыбінях,
Пад сіняй азёрнай вадой.
Яны зберагаюць скарбы
За сябе і за нас ўсіх,
А мы цягнем свой крыж штодзённы,
I мы забываем іх.
Але дзень настае, калі раптам
На світанні, нібыта праз сон,
З даляў блакітных мы чуем
Ціхі падводны звон.
Гэта значыць, што з вежаў нябачных,
Праз світанак над мокрай лазой
Клічуць жывых супакутваць
Званы ў прадоннях азёр:
"Прыйдзіце, каб нам убачыць
На беразе кветку агню.
У нас замест птушак — рыбы,
Багноўкі — замест ячмяню.
Але мы зберагаем Сэрца.
Але нашы й вашы грахі
Выкупляем мы ў прорвах азёраў,
Як калісьці ў пажарах ліхіх.
Прыйдзіце. I словам продкаў
Вады ўскалыхніце свінец,
Каб ведаць, што вы — жывыя,
Што мы недарэмна — на дне.
Што мы недарэмна чакаем,
Калі на паверхню зямлі
Узрынуць, амытыя хвалямі,
Белых званіц караблі.
I звон залунае вясёлы,
I светла ўдараць званы
Над агульнымі вечнымі сёламі
Нас, азёрных, і вас, зямных".
. . . . . . . . .
Калі захлынаецца песня,
Адчаем туманіцца зор, —
Клічуць душу на Палессе
Званы з прадонняў азёр.

I. Пачатак ласкавага чэрвеня


На самым пачатку ласкавага чэрвеня званы паклікалі з Мінска адразу трох чалавек. Штопраўда, аднаго, — а імя яму было, да вашага ведама, Зянон, — адначасова паклікалі і другія, браслаўскія, званы, і ён павінен быў прыяднацца да астатніх бадзяг пазней, недзе ў Мазыры. Мы вымушаны былі змірыцца з гэтым, хаця адсутнасць мастацтвазнаўцы рабіла нашу экспедыцыю крыху непаўнацэннай і, ва ўсякім разе, змяншала нашу самапавагу. Але нічога зрабіць было нельга: мастацтвазнаўцы ёсць самыя неарганізаваныя людзі на гэтай і без таго неарганізаванай зямлі.

Астатнія два былі крыху больш арганізаваныя. I вось яны, журналіст Валянцін і літаратар Уладзімір, ваш пакорлівы слуга, у належны дзень узброіліся фотаапаратамі, рукзакамі, вудамі і мужнасцю і годна ўзышлі на борт паветранага лайнера Мінск — Гомель. Выгляд у гэтых двох быў дужа неавантажны: патрапаныя курткі, нагавіцы, якія прымушалі жадаць лепшага, а на адным яшчэ і кірзавыя боты. Толькі першакласная тэхніка журналіста давала некаторае паняцце, што гэта культурныя людзі, а не басякі.

Лайнер скокнуў і высадзіў іх у старажытным горадзе на Сажы, дзе ўжо чакаў агітпараход "Маякоўскі", на якім яны павінны былі адплысці ў "краіну Палессе", зрабіць першы этап падарожжа, каб пасля ўжо самім біць ногі на нямераных палескіх дарогах.

Гомель купаўся ў сонцы, чалавечых усмешках, лістоце славутых сваіх паркаў і ў свежай фарбе на мурах свежаадрамантаваных дамоў. Не хапала толькі букетаў і хлеба-солі, якія падносіць гераічным даследчыкам і першапраходцам прыгожая супрацоўніца аэрапорта. Дабраліся мы да прычала, дзе проста ля берага прыткнуўся наш плывучы дом, кінулі рукзакі ў лялечную каюту (два ложкі і паліца для таго, хто спазніўся, бо хто позна прыходзіць — косці знаходзіць і сам сабе шкодзіць) і выбраліся ў горад.

…Усе вы былі ў Гомелі, так што не трэба пераконваць, што гэта за горад, і ў тым, што "і за Гомлем людзі е", не трэба расказваць, што такое добры Сож, белакаменны палац над ім, гэтыя алеі і вуліцы. Не трэба расказваць і пра тое, што менавіта ў палацы склалася калісьці ядро маскоўскай бібліятэкі Леніна.

Так што пра горад — толькі па неабходнасці. Пра шэрыя пляжы, на якіх сядзяць у абдымку закаханыя, пра змрочную магільню Паскевічаў, дзе ляжаць доўгавалосыя муміі, пра рупныя рукі страхароў, тынкоўшчыкаў і майстроў "па драўлянай частцы", якія рэстаўруюць гэтую магільню, і пра разумных прарабаў па "спецыяльнай навуковай рэстаўрацыі".

I не трэба нічога расказваць пра лапчастыя каштаны, апетыя і без таго сотнямі паэтаў, і пра выключныя пейзажы з балкона вежы, і пра тое, што журналістаў трэба трымаць за порткі, калі яны, у пошуках лепшага ракурсу, звешваюцца з гэтага балкона галавою ўніз, рызыкуючы згубіць акуляры, а заадно — і галаву.

Гораду проста трэба сказаць дзякуй за падараваную любоў, за адзеты каменем бераг, па якім, рызыкуючы паламаць ногі, прабіраешся светлай летняй ноччу на свой параход, за бязлюдна шэрыя, сумныя, як харошы верш, пустыя вуліцы і плошчы перад світаннем і за апошні ўзмах рукі на развітанне яму.

На развітанне, за якім пачалася новая краіна, прага і кліч нашага закаханага сэрца.


II. Плывучы манастыр


Абедзве журналісткі, якія павінны былі ўваходзіць у нашу групу, у апошні момант адмовіліся ехаць, спасылаючыся на больш-менш неаб'ектыўныя прычы ны. Такія ўжо таямніцы жаночай душы!

Таму мы накіраваліся ў наш прыгожы паход па старую палескую культуру адны, як то і належыць крыжаносцам. I каб не наш мілы летні кок — Амяльянаўна, — на караблі ўвогуле не было б ніводнай кабеты.

Мужны і суровы дух першых вікінгаў валодаў намі. Свет, дзе не было месца сантыментам і слінцяйству. А было нас спачатку восем чалавек, малайчына ды малайчына. Усе, акрамя Амяльянаўны, удалыя хлопцы і ўсе бацькавічы,

Спіс каманды з кароткімі паслужнымі дадзенымі:

1. Глышкін Мікалай Фёдаравіч, начальнік па агітацыйнай частцы, заўзяты, да забыцця сну і ежы, рыбалоў з усім, што адсюль вынікае (хай даруе мне бог, я так і не аддаў яму дзесятка рыбалоўных — першакласных! замежных! — кручкоў, якія бессаромна ў яго пазычыў, бо сваіх не хапіла).

2. Кірыльчанка Андрэй Іванавіч, з якога б і пачынаць, бо гэта капітан, суровы рачны воўк, знаўца фарватэру і людзей.

З. Намеснік капітана Толя. Па бацьку Фадзеевіч. Астатняе вывудзіць не ўдалося. Чарнявы і гожы ўлюбёнец усіх агітуемых па дэбаркадэрах і вёсках (ну, наконт некаторай часткі хлопцаў я гэтага, вядома, не скажу, а скажу толькі наконт прыгожай паловы роду чалавечага). Па сумяшчальніцтву — кінамеханік.

4. Амяльянаўна. Кок, які з нашай рыбы і нашага шчаўя, плюс сваё мастацтва, рабіла дзівы, ад якіх язык праглынаеш (вы яшчэ пераканаецеся,