Литвек - электронная библиотека >> Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч >> Эссе, очерк, этюд, набросок >> Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч Зямля пад белымі крыламі

Уступ


Зараз вясна. Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы — хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.

І таму мне здаецца, што ў гэтыя — і не толькі ў гэтыя — дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць "зямлёю пад белымі крыламі". І не здзіўляйцеся, дзяўчаты і хлопцы, на дзіўную назву кнігі, якая трапіла да вашых рук.

Да пэўнай ступені бусел — сімвал Беларусі. Ёсць, вядома, дацкія буслы, апетыя Андэрсенам, ёсць буслы і ў іншых заходніх краінах. Ёсць яны і на поўдні. Але на ўсход ад Беларусі, калі не лічыць сярэднюю Азію, яны ўжо амаль не водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей.

Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі. А мне пад іхні палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі радзіму. І для вас я і хачу, наколькі хопіць маіх ведаў і здольнасцяў, расказаць пра яе.

Па-першае, чаму "Беларусь"? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх.

Першы: белыя адзенні даўніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры.

Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы — здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Паў Уладзімір, Разань, Кіеў. Да Ноўгарада захопнікі не дайшлі толькі таму, што пачаліся дажджы.

Мы — адбіліся. І менавіта таму мы "белая", "чыстая ад нашэсця татараў" Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае. І вы заўсёды памятайце гэта.


Здарылася так, што я пачаў па-сапраўднаму пазнаваць Беларусь толькі ў вашым узросце. Яна была "да вайны", і за час вайны моцна забылася. Бамбёжкі, акружэнні, эвакуацыя. Масква ў кастрычніку 1941 года, горы Урала, Казахстан, Арэнбургскія стэпы. А пасля руіны Мінска і роднае мне Оршы, высечаныя ля дарог акупантамі (ад жаху перад партызанамі) лясы, пераховы забітых людзей. Так усё і пачало запісвацца зноў, нібыта на чыстай дошцы. Любоў да Беларусі нараджалася ў самыя галодныя, халодныя і цяжкія часы. І, магчыма, таму стала асабліва моцная.

Бачыў я пасля, як цяжка даводзiлася нам аднаўляць сваю гаспадарку, падводзiць пад кроквы новыя хаты замест спаленых, садзiць новыя сады, будаваць новыя школы. Бачыў на свае вочы, як аднаўлялiся Мiнск i дзесяткi iншых нашых гарадоў. Бачыў, як набiралi сiлы беларускiя сёлы. I вось менавiта таму, што я — сведка, я i лiчу, што маю некаторае права расказаць пра нашу рэспублiку вам, дарагiя падлеткi.

Мы з вамі дзеці адной гісторыі, аднолькавай сучаснасці і агульнай будучыні. Нас яднае агульны лёс. Нават у "важлівых дробязях".

Уся розніца паміж мною і вамі ў тым, што я на нейкія трыццаць год старэйшы за вас і таму крыху болей бачыў. Дажывяце да майго — можа, будзеце куды больш бывалыя. А пакуль што я хачу трошкі памагчы вам у вашых першых кроках, даць вам ключ ад нашага дома, каб далей вы ўжо асвойваліся ў ім самі.

Я аб'ездзіў на Беларусі амаль ўсё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей. І менавіта таму, дарагія дзяўчаты і хлопцы, я стану гаварыць з вамі толькі аб тым, што сам бачыў і чуў. Гэта будзе кніга, напісаная сведкам, які многае (што датычыць сучаснасці) бачыў на ўласныя вочы. І я дужа хацеў бы, каб вы мне верылі, нават калі я стану вам расказваць самы незвычайныя рэчы. Таму што жыццё багацейшае, чым мы яго ўяўляем. Жыццё часам бывае настолькі падобнае на казку, што нельга не ўскрыкнуць: "Ды не можа гэтага быць!"

Вы можаце спытаць, нашто гэта вам, калi вы самi жывяце тут i шмат чаго бачыце "на свае вочы". Ну, па-першае, Беларусь вельмi розная. Розняцца людзi, будоўлi, пейзажы. Калi вы жывяце на вёсцы недзе пад Столiнам, вы можаце не ведаць, як жывуць вашы браты i равеснiкi недзе на Вiцебшчыне. Па-другое, калi вы — дзiця вялiкага горада, вы можаце ўвогуле не мець уяўлення пра першабытныя лясы недзе над Бярозай-ракой. Па-трэцяе, не тая ўжо i вёска. Людзi носяць не тыя ўборы, глядзяць замест батлейкi тэлевiзары. Яны жывуць нязмерна лепей, але i: падабней адзiн да аднаго. I мне хочацца расказаць вам аб тым, што знiкае i чаму я быў сведкам, каб добра ведалi сваё месца ў гэтым жыццi i вы.

Мне патрэбна будзе расказаць і пра гісторыю. І тут вы, вядома, мажаце злавіць мяне на слове, сказаўшы, што не мог я, скажам, быць сведкам барацьбы майго народа з крыжакамі. Ваша праўда. Але я ў гэтых выпадках, ведайце, браў кнігі людзей найбольш вартых даверу, кнігі сумленныя і цікава напісаныя.

То пойдзем у наша падарожжа.

У дарогу, сябры!


I. Зямля мая беларуская

Ад палескiх iмхоў да асвейскiх крынiц


Насельніцтва Беларусі складае больш за 9 мільёнаў 300 тысяч чалавек. З іх беларусаў 7 мільёнаў 286 610 чалавек. У вайну, вы ведаеце, загінуў кожны чацвёрты жыхар рэспублікі. Часам едзеш лесам, і раптам — паляна, здзічэлыя садовыя дрэвы (вёска так і не адрадзілася) і абеліск, а на ім словы, ад якіх сціскаюцца кулакі і ідзе па скуры мароз:

“Тут пахаваны расстраляныя немцамі

12. IX.1943 г.

Кароль Алена Мікітаўна

1925 года нараджэння,

Павел 1920 г.,

Васіль 1898 г.,

Зофія 1892 г.,

Уладзімір 1922 г.,

Іван 1924 г.,

Мікола 1927 г.,

Марыя 1934 г.,

Вера 1939 г.,

бабуля 70 год,

Сіневіч Антон Валяр’янавіч 1884 г.

і Серафіма Іллінічна 1888 г.

і іншыя”.

Гэта значыць, за сувязь з партызанамі ці проста так, з помсты, прыехалі немцы, ачапілі сяло, загналі мірных жыхароў у гумно і спалілі. Такім ці іншым чынам было ператворана ў попел 9200 вёсак. 706 з іх — разам з людзьмі. І 187 засталіся неадноўленыя. Акрамя таго, знішчана 209 гарадоў і пасёлкаў.

Але не трэба думаць — ды вы і самі чулі гэта з расказаў старэйшых, што забітыя гінулі пакорліва. Гэта не так. Хто мог змагацца — загінуў у баі: на фронце, у падполлі або ў партызанскіх атрадах. Беларусь нездарма называюць краінай класічнай партызанскай барацьбы. Партызанаў было тут 374 тысячы. Падпольшчыкаў каля 70 тысяч чалавек. Гэта толькі тыя, што змагаліся са зброяю ў руках, не лічачы сувязных. А калі ўжо казаць пра тых, хто спачуваў, збіраў звесткі, здабываў медыкаменты, ежу і іншае, калі гаварыць пра так званы “партызанскі рэзерв”, то ў лік партызан смела можна залічыць ледзь не ўвесь народ.

Наша Беларусь займае 207,6 тысячы квадратных кіламетраў, ці 0,9 % тэрыторыі СССР, але гэта больш чым Балгарыя, больш чым ЧССР, чым Венгрыя, чым Партугалія, Грэцыя, і больш чым Бельгія,