Литвек - электронная библиотека >> Васіль Быкаў >> Советская проза и др. >> Дажыць да світання >> страница 2
яго байцы. За Шалудзяком высіўся Краснакуцкі, мажны прыгажун у вастраверхім, як і ў Дзюбіна, шлеме-будзёнаўцы, побач застыў даўгашыі Кудравец і ля яго — непрыкметны маўклівы Заяц. Апошні на сцежцы стаяў, напэўна, самы малады тут, баец Півавараў. Лейтэнант недастаткова ведаў іх, тых, з кім неўзабаве прыйдзецца яму падзяліць славу або смерць, але выбару ў яго не было. Вядома, было б куды лепш адправіцца на такую справу з добра знаёмымі, выпрабаванымі ў баях хлопцамі, але дзе яны, тыя яго добра знаёмыя хлопцы? Цяпер цяжка ўжо і прыпомніць усе вёскі, магільнікі, усе ляскі і пагоркі, дзе ў брацкіх і адзіночных магілах пазаставаліся яны, яго батарэйцы. За пяць месяцаў вайны ўцалела няшмат, тыдзень назад з ім разам прабілася цераз лінію фронту ўсяго чацвёра. Двое прытым аказаліся абмарожаныя, аднаго паранілі пры пераходзе каля Аляксееўкі; да самага канца з ім аставаўся вычысліцель сяржант Варанок. Гэты Варанок вельмі спатрэбіўся б цяпер, але Іваноўскі не мог адшукаць яго. Вычысліцеля адправілі ў стралковы батальён на перадавую, адкуль, як вядома, не ўсе вяртаюцца…

— Так… Раўняйсь! Смірна! Таварыш лейтэнант…

— Вольна, — сказаў лейтэнант і запытаўся: — Усе ведаеце, куды ідзём?

— Ведаем, — прабасіў Лукашоў.

Астатнія згодна маўчалі.

- Ідзём да немца. Нашто і чаго — пра гэта пасля. А цяпер — хто хворы? Ніхто? Усе, значыць, здаровыя? Хто на лыжах хадзіць не ўмее?

Кароценькі строй насцярожана сціх, цёмныя, прытомленыя чаканнем і ўвагаю твары пакорна і ўважліва пазіралі з-пад бязевых капюшонаў на свайго камандзіра, які цяпер непадзельна браў пад сваю апеку іх салдацкі лёс. Усе, прыціхшы, маўчалі, напэўна, яшчэ не ва ўсім, што чакала іх, разабраліся самі. Але нічога болей, як цалкам пакласціся на яго, іх камандзіра, ды на гэтага вось цыбатага старшыну, каторы другі дзень апякаў групу, ім не заставалася.

Іваноўскі цераз проразь у маскіровачных штанах прасунуў руку ў кішэню і выцягнуў важкі кубік гадзінніка, некалі зняты ім з падбітага нямецкага танка. Гадзіннік жвава і радасна зацікаў на далоні, засвяціўшы ўсімі лічбамі свайго цыферблата. Было без дзесяці хвілін сем.

— Дык вось, у нашым распараджэнні дванаццаць гадзін. За гэты час, мінус гадзіну-другую на пераход баявых парадкаў праціўніка, трэба адмахаць шэсцьдзесят кіламетраў. Зразумела? Хто на гэта не здольны?

Уважлівым позіркам ён абвёў строй, у каторым ніхто не варухнуўся нават, і так было ціха, што чуўся шорхат сняжынак на даху. Але зноў ніхто не азваўся на гэта яго далёка не дробязнае пытанне.

— Тады ўсё. Старшына — замыкаючы. Група — за мной марш!

Іх ніхто не праводзіў тут, уся таропкая падрыхтоўка да пераходу была закончана загадзя. Гадзіну назад на КП камандзіра стралковага батальёна яны дамовіліся, што батальён будзе маўчаць, каб не насцярожваць немцаў, і яны пастараюцца прашмыгнуць незаўважанымі ў шэрым паўзмроку. Зрэшты, калі б і патрабавалася дапамога, то чым ім мог памагчы батальён, які толькі зваўся батальёнам, а на справе складаўся са стралковае роты — не больш, якім, дарэчы, і камандаваў нядаўні ротны, старшы лейтэнант, кулямётчык. У крайнім выпадку ён абяцаў прыкрыць іх агнём, хоць гэта і было вымушанае абяцанне, паколькі таго патрабаваў капітан з разведаддзела штарма, каторы прысутнічаў тут. Але капітан пабудзе ды пойдзе, а батальёну ваяваць далей, боепрыпасаў жа ў яго не густа, і начальства патрабуе берагчы іх для болей важнага выпадку.

Праўда, капітан зусім не настойваў, каб ён пераходзіў менавіта тут і цяпер. Гледзячы, як стаў заціхаць снегапад і перад імі дужа адкрыта і пустэльна раскінуўся гэты рачны прасцяг з крывулястай паласой кустоўя пасярэдзіне, прадстаўнік штаба сказаў:

— Сапраўды, як на пустой талерцы. Але рашай сам, лейтэнант. Табе відней.

— Пайду, — проста сказаў Іваноўскі.

— Што ж, твая справа. Можа, яно і лепш: сунуцца туды, дзе не чакаюць.

«Чорт іх ведае, дзе яны не чакаюць. Не запытаеш», — заклапочана падумаў лейтэнант. Але ён не мог больш адкладваць — у той справе, дзеля якой яны адпраўляліся, прамаруджанне сапраўды было падобна на смерць. А ён і так ужо прамарудзіў звыш меры, хаця, канечне, і не па сваёй волі.

Грузнучы па костачкі, а дзе і па калена ў снег, байцы гуськом узышлі на пагорак. Іваноўскі азірнуўся і ўпершыню адчуў задаволенасць — кароценькая калона яго паслухмяна падабралася, ніхто не адстаў; спыніўся ён, і амаль адначасова спыніліся астатнія. Далей трэба было пачакаць, можа, перадыхнуць нават, залегчы — з вяршыні зарэчнага пагорка іх маглі ўжо заўважыць немцы. Над поплавам і справа на схілах, дзе акапаўся батальён, стаяла цішыня, далёкія водгукі бою каціліся з-за лесу справа, там жа нешта няярка адсвечвала ў цёмным і мутным ад нізкіх аблокаў небе. Перад ім наўскос раскінуўся ў паўзмроку поплаў з расплывістымі плямамі кустоўяў, прысыпанага снегам трыснягу над рэчкай, грыўкамі быльнягу. Да рэчкі было паўкіламетра, не менш, гэтую прастору трэба было адолець на кукішках, пасля добры адрэзак паўзці па-пластунску, а далей ужо і трудна вызначыць як — толькі б хутчэй апынуцца па той бок поплаву ў нябачным адгэтуль лесе.

— Лажысь! За мной марш! — напаўголаса скамандаваў лейтэнант і апусціўся локцямі ў снег.

Снег быў глыбокі, пульхны, бы вата, і марозна-пякучы. Ён лез ва ўсе прарэхі маскіровачнага халата, набіваўся ў рукавіцы, за пазуху, у рукавы, халявы ботаў і раставаў там, агіднай макрэддзю ліпнучы да разгарачанага цела. Гэтая яго макрэдзь, аднак, хутка грэлася ўперамешку з потам; было душна, парна, задушлівая знямога горыччу распірала грудзі. Іваноўскі зубамі здзёр з рукі рукавіцу і мокрымі пальцамі рассмыкнуў матузок капюшона. Твару стала вальней, прахалодней, а галоўнае — адклала вушы, ён пачуў шорхат ветру ў быльнягу і невыразныя разрозненыя гукі ззаду. Прапаўзлі яны, мабыць, з паўкіламетра, пагорачак з сасняком ледзьве шарэў ззаду на краі начнога змрочнага неба, якое ў зімовых прыцемках амаль злівалася са снегавым долам. Следу-баразны, пракладзенай іх дзесяццю целамі, на шчасце, не было відаць нават зблізку, зрэшты, як і саміх байцоў. Праўда, Іваноўскі ведаў, што варта ўзляцець ракеце, як, нібы на далоні, стане відаць і снег, і яны самі.

Пакуль, аднак, было ціха і цёмна. Бой грукацеў за ляском убаку, на краі неба звечара шырокім агнявым сполахам бліскала зарніца далёкае кананады, і прамерзлая зямля пад іх локцямі глуха, няспынна дрыжэла. У тым жа баку за лесам раз за разам пырхалі жоўтыя зоркі ракет і гаслі ў мутнай мешаніне святла са змрокам. Але яны былі далёка, тыя ракеты.

Трэба было як найхутчэй рухацца далей, пярэдняга краю яны яшчэ не адолелі, яшчэ з кіламетр спатрэбіцца паўзці па рэчышчы ля кустоўя. Але ўжо і