Литвек - электронная библиотека >> Эрык Фрэнк Расэл и др. >> Научная Фантастика и др. >> Замежная фантастыка >> страница 101
палкоўніка.

— Значыцца, ты сумуеш па зорках, — сказаў Піне, з цікавасцю разглядаючы юнака. — Чаму б гэта?

— Чаму чалавеку чаго-небудзь хочацца? — адказаў Жуль і няўцямна паціснуў плячамі. — Мабыць, так я ўжо створаны.

— Цудоўны адказ, — ухваліў Піне. — Так ужо чалавек створаны. Тысячы людзей кожную гадзіну давяраюць сваё жыццё аднаму-адзінаму пілоту. І нічога кепскага з імі не здараецца. А чаму? Ды таму, што так ужо ён створаны — пілотам. — Палкоўнік павольна агледзеў Жуля з ног да галавы. — І ўсё-такі ты пячэш хлеб.

— Павінен жа нехта і хлеб пячы, — умяшаўся Траба. — Не ўсім жа лятаць да зорак.

— Маўчаць! — загадаў Піне. — Вы ўступаеце ў змову з жанчынай, каб забіць жывую душу, — значыцца, вы забойца. Зрэшты, гэтага трэба было чакаць. Вы ж ураджэнец берагоў Роны, а там забойцаў процьма.

— Пане палкоўнік, я зняважаны…

— Хочаш ты і надалей служыць гэтаму забойцу? — спытаў палкоўнік у Жуля.

— Мсье Траба быў гэтакі добры да мяне. Вы мне даруйце…

— А як жа яму не быць добрым, — перабіў Піне. — Ён хітрун. Усе Траба заўсёды былі хітрыя. — Ён весела падміргнуў пекару, Жуль гэта прыкмеціў, і ў яго адразу зрабілася лягчэй на душы. — Але ад усіх навабранцаў абавязкова патрабуецца адно, — гаварыў далей палкоўнік ужо больш сур'ёзным тонам. — Паспрабуй здагадацца, што менавіта.

— Кемлівасць, пане палкоўнік? — рызыкнуў Жуль.

— Так, безумоўна, але адной кемлівасці мала. Патрабуецца, каб навабранец усёй сваёй істотай ірваўся ў космас.

— Дык гэтак жа і ва ўсім, — зноў умяшаўся Траба. — Калі любіш сваю работу, працуеш як мага старанней і чым найлепш. От узяць хоць бы мяне: калі б мне было ўсё адно, што хлеб, што не хлеб, я, мусіць, жаваў бы цяпер тытунь у электрычнай пякарні і рук бы ніколі не мыў.

— Кожны год у Касмічны каледж паступаюць дзесяць тысяч юнакоў, — сказаў Піне Жулю. — І болей за восем тысяч яго не заканчваюць. Ім не хапае пораху вытрымаць чатыры гады ўпартай працы і засяродзіць усе свае думкі і ўсе сілы душы на адным. Так што шмат хто кідае на паўдарозе. Сорам і ганьба! Ты згодзен?

— Згодзен, пане палкоўнік, сорам і ганьба, — пацвердзіў Жуль і насупіў бровы.

— Ха! — сказаў Піне, вельмі задаволены. — У такім выпадку давай пазбавім гэтага крывапіўца Траба яго здабычы. Мы знойдзем яму другога хлопца, які створаны для таго, каб стаць пекарам.

— Але, мсье…

— Я дам табе рэкамендацыю ў Касмічны каледж і ўзамен прашу ў цябе толькі аднаго.

У Жуля заняло дух.

— О пане палкоўнік! Чаго ж?

— Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!


Ён сядзеў у сябе ў кабіне, вочы ў яго запалі і пачырванелі ад стомы, а «Прывід» імкліва праразаў прастору. За дваццаць напружаных, пакутлівых гадоў ён збудаваў цэлую лесвіцу і прыступка за прыступкай падняўся да чына капітана. Цяпер ён славіўся як адзін з сама дасведчаных, спрактыкаваных камандзіраў касмічнай службы. І ўсё гэта непарушна грунтавалася на адной запаведзі, якая падтрымлівала яго ў сама цяжкія хвіліны: «Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!»

Яго маці і палкоўнік Піне даўно памерлі, але да апошняй сваёй часіны яны ім ганарыліся: ён жа стаў капітанам.

Ён быў штурманам, другім пілотам, потым першым, і месца яго было на носе карабля, як ён заўсёды марыў, і ён сапраўды акунаўся ў неабсяжны зорны свет, які гэтак любіў. Мерна чаргаваліся гадзіны, што былі адведзены на сон, адпачынак і работу, і, калі ён працаваў, яго ўвесь час перапаўняла неаслабнае захапленне перад тым, што яму даводзілася бачыць, назіраць, вывучаць.

А цяпер ён прамяняў усё гэта на добраахвотнае зняволенне ў нетрах карабля, і навокал ужо нічога не было — адны толькі цьмяныя сцены са сплаву тытану ды завалены паперамі стол.

У любую хвіліну работы, у любую хвіліну адпачынку, а нярэдка і перарываючы сон ён адказваў на пытанні, прымаў рашэнні, рабіў запісы ў спецыяльных кнігах, запаўняў тысячы дзелавых бланкаў. Як кажуць, спрэс адна пісаніна…

Праз гадзіну пасля вячэры:

— Прашу прабачэння, капітан. Гэты таўстун з Дзюсельдорфа зноў напіўся да зялёных чорцікаў. Выцяў сцюарда, які спрабаваў яго ўціхамірыць. Прашу дазволу замкнуць яго на гаўптвахце.

— Дазваляю.

Або сярод неспакойнага чуйнага сну хтосьці рашуча трасе яго за плячо:

— Прашу прабачэння, капітан. У дзесятай і адзінаццатай дзюзах раскалолася пракладка. Прашу дазволу адключыць энергію на дзве гадзіны, пакуль будзе праводзіцца рамонт.

— Дазваляю. Няхай дзяжурны штурман паведаміць мне пра каардынаты, як толькі здолее весці далей палёт.

Праз дзве гадзіны зноў тармосяць за плячо:

— Прашу дараваць за турботы, капітан. Рамонт закончаны. Вось нашы каардынаты.

Пытанні.

Запаўненне бланкаў.

Просьбы, даклады, запатрабаванні, здарэнні, рашэнні, адказы, распараджэнні, загады. Ні хвіліны спакою.

І зноў паперы.

— Прашу прабачэння, капітан. Двое пасажыраў, Уільям Арчэр і Мэрыён Уайт, хочуць пажаніцца і аформіць шлюб. Калі вам будзе зручна правесці абрад.

— Медыцынскі агляд прайшлі?

— Прайшлі, капітан.

— Пярсцёнак у жаніха ёсць?

— Няма, капітан.

— Даведайцеся дакладны памер і выдайце яму пярсцёнак з карабельных запасаў па звычайнай цане — дваццаць даляраў.

— А калі будзе абрад, капітан?

— У чатыры склянкі. Паведаміце мне, ці задавальняе іх гэты час.

І зноў паперы. Два пасведчанні аб нараджэнні і іх копіі, два пасведчанні аб эміграцыі, дзве медыцынскія даведкі, два дазволы на ўезд. Пасведчанні аб шлюбе ў трох экземплярах — для ўрада Зямлі, для ўрада Сірыуса і для Ўліковага аддзела Кіраўніцтва касмічнай службы. І адзін арыгінальны экземпляр для маладой.

І гэтак без канца, усе справы, якія толькі можна ўявіць, вялікія і малыя, у любы час дня і ночы, без усякага перадыху. Калі карабель пасля доўгага палёту нарэшце прызямляўся, адзін толькі капітан спускаўся ўніз па трапе няўпэўненымі крокамі, галава ў яго кружылася ад пастаяннага нервовага напружання і недасыпання, і гэта нікога не здзіўляла, як быццам так і трэба. Часам яго адольвала спакуса падаць рапарт з просьбай панізіць яго ў чыне, але ж…

«Заўсёды будзь такі, каб мне не было за цябе сорамна!»

«Прывід» зрабіў пасадку ў Баталбары, на планеце Дэйсед сістэмы Сірыуса. Палёт працягваўся дзвесце восемдзесят пяць зямных сутак.

Калі былі скончаны ўсе фармальнасці, што звязаны з пасадкай, капітан Жуль Рыу сышоў з карабля і нібы ў тумане паплёўся да гасцініцы матулі Крэчмер. Так было заведзена, і так раілі рабіць сама лепшыя псіхолагі.

Камандзіру карабля патрэбен глыбокі асвяжальны сон, прытым сон доўгі і непрабудны. Але перш за ўсё яму трэба назусім пазбыцца ўсякіх думак пра