Литвек - электронная библиотека >> Рэй Брэдбэры и др. >> Научная Фантастика и др. >> Замежная фантастыка >> страница 3
чалавечнасці і маралі. Толькі на гэтым шляху можна пазбегнуць «пастак» цывілізацыі.

Да апавяданняў Ф. Браўна і Ван-Вогта і прымыкае «Месяц дваццаці рук» італьянскага пісьменніка Л. Альдані. Перад намі зноў экстрэмальная сітуацыя, людзі шукаюць і знаходзяць выхад, даволі арыгінальны. Аднак застаецца і ўнутранае незадавальненне ад апавядання. Магчыма, таму, што лёс урача дваісты: тут і пакуты сумлення — быццам убаку аказаўся, хоць і выканаў ролю футбаліста, з падачы якога забіты ўсе галы ў пераможным матчы. Але тут таксама і пакуты зайздрасці да славы таварышаў. Чаму б і не? Фізічна касманаўты будуць падрыхтаваны цудоўна, як і ў наш час, а вось у маральных адносінах?..

Так, тэхналагічная цывілізацыя пры сваім развіцці робіць чалавечую душу больш сухой, халоднай, грубай, «рацыянальнай». Гэта тым больш дзіўна і непажадана, таму што дзеянні чалавека становяцца больш грандыёзнымі.. Вось тут, бадай, знаходзіцца адна з самых небяспечных «пастак» цывілізацыі, таму што яна адносіцца да чалавечай душы.

Пераадолець гэту «пастку» можна толькі мастацтвам. Сапраўдны мастак можа адкрыць людзям вочы на прыгажосць свету, узвысіць чалавека рамантычна, унесці ў яго душу цяпло. Генры Філд у апавяданні Р. Брэдберы «Пра вандраванні вечныя і пра Зямлю» выклікае з мінулага не жывапісца, не кінарэжысёра, не скульптара, а пісьменніка. XXIII стагоддзе, «ракеты, атамныя цуды, вандраванні да чужых планет і двайнога сонца…». I ніхто з пісьменнікаў не можа апісаць гэта. Спрабавалі ўсе, але ні ў кога не атрымалася. I тады з дапамогай спецыяльна пабудаванай «машыны часу» з 1938 года бярэцца Томас Вулф, амерыканскі пісьменнік, празаік з магутным лірычным талентам.

Р. Брэдберы, чый стыль блізкі да стылю Вулфа, напісаў сваё апавяданне пасля таго, як пазнаёміўся з пісьмом Вулфа, якое было напісана 12 жніўня 1938 года, за месяц да смерці Вулфа: «Я зрабіў доўгае падарожжа і пабываў у дзіўнай краіне, і я вельмі блізка бачыў чорнага чалавека (маецца на ўвазе «чорны чалавек», які наведаў Моцарта перад смерцю, цяпер гэты вобраз стаў моцнай і своеасаблівай метафарай. — С. С. і У. Ц.)… Я адчуваю сябе так, як калі б скрозь шырокае акно паглядзеў на жыццё, якога не ведаў ніколі раней…»

Пісьменнік-фантаст Р. Брэдберы ўбачыў тайну ў гэтых словах, і з’явілася цудоўнае апавяданне. Вулфа выклікаюць у будучыню, каб ён апісаў XXIII стагоддзе, каб ён адкрыў людзям навакольны свет, напоўніў яго фарбамі, пахамі, рухам, сэнсам. Каб ён паказаў людзям, якое цудоўнае жыццё. I ён напісаў пра космас і пра чалавека, пра міжпланетныя караблі, пах металу, пра нястрымныя захапленні, з якімі адрываешся ад Зямлі і імкнешся да задачы больш цяжкай, да суму больш горкага. Ён апісаў марсіянскія гарады, параўнаў іх з камянямі, якія знесены з горных вяршынь нейкай імклівай, неверагоднай лавінай і застылі нарэшце ззяючымі россыпамі…

Брэдберы ўзяў матыў Вулфа, але сутнасць апавядання аб большым, чым толькі захапленне мастака светам. Тут і вечная праблема адлюстравання і пазнання мастаком сваёй эпохі, і вечнае імкненне паэта расказваць аб велічы чалавека.

Праблема складаная. Сапраўды, Гамер напісаў свае вялікія паэмы праз 300–400 гадоў пасля Траянскай вайны. «Песня пра Нібелунгаў» канчаткова сфарміравалася ў XXII–XXIII стагоддзях і расказвае аб гібелі Бургунскага каралеўства ў V стагоддзі. Рускія быліны склаліся Ў XVI–XVIII стагоддзях, але ў іх жа — водгукі на падзеі ў Кіеўскай Русі X–XIII стагоддзяў.

Такім чынам, ёсць нейкая заканамернасць, у адпаведнасці з якой паэтычны матэрыял для буйных літаратурных твораў накопліваўся стагоддзямі, перш чым з’яўляўся геніальны паэт, які здольны ўвасобіць яго ў цэльны і яркі мастацкі твор.

I пакуль толькі Уладзімір Маякоўскі змог магутна, цэльна, шчыра адлюстраваць і Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю, і вобраз яе правадыра У. I. Леніна. I побач да гэтага часу паставіць няма каго, а ў сучаснасці яшчэ няма паэта, які быў бы здольны на сапраўды эпічную прапрацоўку вялікага матэрыялу.

Ну, а калі б нам давялося выбіраць, каго з беларускіх пісьменнікаў трэба «выцягнуць у будучыню», каб апісаць яе, мы б узялі Уладзіміра Караткевіча.

Зборнік заканчваецца лірычным апавяданнем Э. Ф. Расела «Неба, неба…». Чалавек выбірае свой шлях, ідзе па ім, робіць намаганні і дабіваецца перамог. Але заўсёды у ім павінна жыць памяць пра дзяцінства, радзіму. І ўсюды, куды б не закідаў яго лёс, ён павінен захоўвацт у сабе, у сваёй душы сапраўдны пачатак, тое зерне, з якога ён вырас як асоба.


Станіслаў Саладоўнікаў, Уладзімір Цвяткоў


П'ер Буль Планета малпаў

Частка першая

Раздзел I


Джын і Філіс бавілі час, вандруючы ў космасе ўдалечыні ад населеных сусветаў.

Міжпланетныя вандроўкі сталі ўжо звычайнай справай, дый міжзорныя пералёты не лічыліся сенсацыйнымі. Зоркалёты рэгулярных ліній дастаўлялі турыстаў у казачныя гарады Сірыуса, а фінансавых тузоў — на знакамітыя біржы Арктура і Альдэбарана[1].

Але Джын і Філіс, гэтая пара нічым не занятых дзетак мультымільянераў, былі вядомыя сваёй эксцэнтрычнасцю і схільнасцю да рамантыкі. Шукаючы задавальнення, яны падарожнічалі ў бязмежнай прасторы пад ветразямі.

Іх касмічная яхта ўяўляла сабою нешта накшталт сферы, знешняя абалонка якой — незвычайна тонкі і лёгкі ветразь — надзімалася пад уздзеяннем светлавых промняў. Калі б гэты міні-карабель застаўся без кіравання непадалёк ад якойсьці зоркі — аднак на дастатковай ад яе адлегласці, там, дзе сіла прыцягнення не надта вялікая, — ён бы памкнуўся назад ад гэтай зоркі па прамой лініі. Але зорная сістэма, жыхарамі якой былі Джын і Філіс, мела не адно, а ажно тры сонцы, даволі блізка адно ад аднаго, таму сонечныя вятры ў ёй дзьмулі з трох бакоў пад рознымі вугламі. І вось Джын прыдумаў сапраўды дзіўны спосаб перамяшчэння. На сферычным ветразі яго карабля было мноства чорных шторак, якія згортваліся ці разгортваліся ў залежнасці ад жадання рулявога — пры кожным яго манеўры мянялася здольнасць адбіцця, а адначасова з ёю і накірунак раўнадзейных сіл светлавых патокаў. Апроч таго, эластычная сфера-ветразь магла расцягвацца або скарачацца, і калі Джын хацеў паскорыць ход, ён павялічваў дыяметр абалонкі да максімуму — тады велізарная плошча ветразя надзімалася пад націскам светлавых патокаў, і яхта імкліва ляцела ў неабсяжнасць з фантастычнай хуткасцю, ад якой у Джына і яго сяброўкі кружылася галава; захопленыя палётам, яны абдымаліся і заміралі, гледзячы ў таемную бездань бязмежных абсягаў, што несліся насустрач ім. Калі ж Джын хацеў запаволіць ход, то націскаў другую кнопку. Сферычны