Литвек - электронная библиотека >> Чынгіз Айтматаў >> Советская проза и др. >> Буранны паўстанак >> страница 81
«Жалбарс! Жалбарс! Хадзі сюды», — і схіліўся, каб завязаць вузел на ягонай шыі. І тут якраз нешта здарылася ў небе, нешта скранулася ў пространі, нешта нарастала, грымотна нарастала там. І зусім побач, недзе блізка зусім, у зоне касмадрома, ускінулася ў неба яркая ўспышка грознага полымя. Буранны Едыгей аж здрыгануўся ад нечаканасці і спалоху, а вярблюд з крыкам кінуўся ў саразекі… Сабака ціснуўся да Едыгеевых ног.

Гэта пачала ўздымацца ў неба першая баявая ракета-робат, прызначаная для стрэчнай аперацыі «Абруч». У саразеках было роўна восем гадзін вечара. Услед за першай ірванулася ўвысь другая, за ёй трэцяя, і яшчэ, і яшчэ… Ракеты памкнулі ў дальні космас закладваць вакол зямнога шара пастаянны кардон, каб нічога не зыначылася ў зямных справах, каб усё заставалася як ёсць…

Неба абрынулася на галаву, страсянулася ў клубах рухомага полымя і дыму… Чалавек, вярблюд, сабака — гэтыя безабаронныя істоты звар'яцела кінуліся прэч. Ахопленыя жахам, яны беглі разам, шукаючы падтрымкі адно ў адным, беглі стэпам, і аграмадныя вогненныя бліскі высвечвалі іх…

Але як бы доўга яны ні беглі, гэта быў бег на месцы, бо кожны новы выбух накрываў іх з галавой віхурай неабдымнага полымя і святла, аглушаў нетутэйшымі грымотамі…

А яны беглі — чалавек, вярблюд і сабака, беглі не аглядваючыся, і раптам, здалося Едыгею, над ім з'явілася нейкая белая птушка — ці не тая, што некалі пырхнула з белай хусцінкі Найман-Аны, калі жанчына падала з сядла, працятая стралой уласнага сына-манкурта… Белая птушка ляцела побач з чалавекам і крычала яму ў тых грымотах і ў тым сконе свету:

— Чый ты? Як тваё імя? Успомні сваё імя? Твой бацька — Даненбай, Даненбай, Даненбай, Даненбай, Даненбай…

І доўга яшчэ чуўся яе голас у пагусцелай цемры…


Праз колькі дзён з Кзыл-Арды прыбылі на Баранлы-Буранны абедзве Едыгеевы дочкі Саўле і Шарапат, з мужамі, з дзецьмі, атрымаўшы тэлеграму аб смерці саразекскага Казангапа. Памянуць, падзяліць з усімі жалобу прыехалі, а разам з тым і пагасцяваць у бацькоў, бо не бывае дабра без горычы.

Калі яны сышлі з цягніка ўсёй гурмой і аб'явіліся каля Едыгеева парога, бацькі дома не было, а Укубала выбегла насустрач і, плачучы, кідаючыся ў абдымкі, цалуючыся, усё прыгаворвала:

— Дзякуй, вялікі дзякуй табе, божа! Ай, як добра! Бацька як узрадуецца! Як добра, што прыехалі! І ўсе разам прыехалі, сабраліся ды прыехалі! Бацька такі ўжо будзе рады!

— А дзе ж бацька? — спыталася Шарапат.

— А ён вернецца пад вечар. Паехаў з раніцы да начальства нейкага, па важнай справе. Потым раскажу. Ды што ж вы стаіцё? Гэта ж ваш дом, дзеці мае…


Цягнікі ў гэтых мясцінах усё гэтак жа ішлі з захаду на ўсход і з усходу на захад…


Примечания

1

Тамам — канец.

(обратно)

2

Хайван — скаціна.

(обратно)

3

Какетай — ласкава-памяншальны і ў той жа час паблажлівы зварот.

(обратно)

4

Таўбакель — была не была.

(обратно)

5

Агай — настаўнік.

(обратно)

6

Я няшчасная вярблюдзіца, што прыйшла ўдыхнуць пах шкуры вярблюдзяняці, набітага саломай.

(обратно)

7

Жаламан — імя, утворанае ад двух слоў: «жол» — шлях, «аман» — здароўе, па сэнсу — будзь здаровым у дарозе (кірг.).

(обратно)

8

Мы, гэта мы, сынок. Не прапускаюць нас на могільнік. Зрабі што-небудзь, дапамажы нам, сынок.

(обратно)