Литвек - электронная библиотека >> Васіль Быкаў >> Советская проза >> Мёртвым не баліць

Васіль Быкаў Мёртвым не баліць

1


Звоніць тэлефон, і яна бярэ трубку.

Дванаццаць мужчын, аблёгшыся на адпаліраваны, шырокі, нібы прылавак, бар’ер, затойваюць дыханне. Нашыя вочы скіроўваюцца і нерухомеюць на яе прыпудраным заклапочаным твары. Мы прагнем яе позірку, які, адчуваем, вось-вось павінен або расчараваць, або ашчаслівіць. Наогул, мы гатовы да ўсяго, абы толькі было нешта пэўнае. Найгорш у жыцці няпэўнасць: яна адбірае волю да дзеяння. Але жанчына, нібы ўнікаючы адказу, заклапочана варушыць тонкімі падведзенымі броўкамі. Хвіліна тэлефоннай увагі, торопкія адзнакі ў бланках, што ляжаць перад ёй на шкле, скупыя прафесійныя перапыты ў трубку здаюцца надзвычай доўгімі. Урэшце яна адрывае ад вуха трубку.

— Таварышы, месцаў няма.

Над бар’ерам працяглы ўздых расчаравання. Прыкрасць на твары. Шоргат падэшваў унізе.

— I не будзе?

— Не магу сказаць.

Зноў няпэўнасць? Шкада.

А гасцініца шыкоўная. Самая лепшая ў горадзе. Лічы, у самым цэнтры. 3 асобнымі пакоямі. Белакафельнымі ваннамі. Люстранай жаўцізной паркету. Царскай шырыні ложкамі ў нумарах. У даўжэзных, на цэлую вуліцу, калідорах гэткія ж даўжэзныя мяккія дарожкі. Між паверхаў сноўдае ліфт. Ветлівыя цёткі-горнічныя першыя вітаюцца з жыльцамі. Такое запамінаецца. Асабліва правінцыялу, які раз у год трапляе сюды па справах службы. Праўда, трохі палохае цана. Да камандзіровачных даводзіцца прыкладваць свае. Але не часта можна сабе дазволіць і пераплаціць. Тым больш у гадавіну Перамогі. Да таго ж выбіраць не прыходзіцца — у іншых гасцініцах даўно ўжо ніводнага месца.

Вось толькі гэта чаканне…

Насупраць за круглым сталом незаняты стул, і я адыходжу ад бар’ера. Ззаду варушыцца мой сусёд — лысы, згорблены чалавек з «Известиями», — ён будзе пільнаваць чаргу. А мне стаяць ужо цяжкавата: ные нага. Здраднік — новы пратэз з першага ж кроку агідна рыпае. Сусед ззаду апускае газету. «Малады, а — глядзі ты! — калека…» — напэўна, думае ён цяпер. Я ўжо добра ўгадваю, што думаюць людзі, заўважаючы маё калецтва. I мне гэта, па-праўдзе, даволі-такі надакучыла. Да свайго невясёлага лёсу я ўжо прывык. Праўда, за дваццаць гадоў было рознае. Здаралася, і пакутаваў… Сапраўды, яшчэ хацелася бегаць за мячом, як стаў інвалідам. Мабыць, трохі зарана. Толькі людзям не загадаеш. Другі падумае ды і прамаўчыць. А іншы пачне лезці з роспытамі.

Стараюся ступаць як мага раўней. Здаецца, гэта выходзіць няблага. Ва ўсякім разе, прывычна. Але слізкі паркет, мусіць, выдае маю скутасць. I яшчэ — нутраны рып пратэза. Той жулікаваты з выгляду майстар, які мне яго ладзіў сёння, казаў, што абрыпіцца. Толькі штось не абрыпваецца.

За сталом малады хлопец у стракатым, акурат як і ў мяне, пінжаку таропка падбірае ногі.

— А вы б ёй дакументы паказалі. Навошта тырчаць у гэтай чарзе?

Як заўжды, ад чужой спагады робіцца няёмка, і я нешта мармычу вінавата-неразборлівае.

— Павінны знайсці. Ужо для інваліда вайны не знайсці аднаго месца!..

Ён кідае гэта мне і з хмурым тварам пачынае аглядаць пазногці. Я не дужа зграбна апускаюся ў крэсла. I адкуль яму вядома, што я — інвалід вайны? А можа, няшчасны выпадак? Парушэнне тэхнікі бяспекі? Хоць, вядома, выдае ўзрост. Маладзейшыя, яны вызначаюць беспамылкова. А старэйшыя часам яшчэ называюць маладым чалавекам. Сапраўды, з твару я маладжавы. Гэта і зводзіць у зман. Маладых жа не ашукаеш. На такія штукі ў іх занадта натрэніраванае вока. Мусіць, апроч маладжавасці, трэба яшчэ нешта, чым мы ўжо не валодаем. Прамінулі ў сваю маладосць.

Хлопец тым часам паводзіць сябе так, быццам болей мяне не заўважае. Усе ягоныя эмоцыі схаваны пад маскай халаднаватай замкнёнасці. Але я адчуваю: у яго да мяне прыязнасць. Толькі ён прытрымлівае яе. Таксама як і цікаўнасць. Чамусьці ў адносінах між мужчынамі так прынята. Нібы выказаць свае пачуцці — слабасць.

А мне хлопец чымсь падабаецца. Можа, менавіта вось гэтай незалежнай замкнёнасцю, якая заўжды прымушае падазраваць глыбіню і змястоўнасць. Хоць у маладосці, пэўна, болей вабіць адкрытасць. Глыбіня і характар прыходзяць з гадамі, а маладых аздабляе шчырасць. У гэтага ж засяроджаны, не дужа схільны да шчырасці позірк. Зграбная свежая канадка на галаве. На лацкане стракатага пінжака сіні эмалевы ромбік. Вядома, тэхнічная ВНУ. Відаць, нейкі інжынер, прыехаў здалёку па справах вытворчасці. Што ў ягоным жыцці? Напэўна, маладая жонка, малое дзіцё. Стандартная малагабарытная кватэра дзе-небудзь у новым квартале. I, вядома, найцікавейшая ў свеце галіна — электроніка або радыётэхніка. Цяпер гэта сфера захаплення многіх. На жаль, мы ў такім узросце займаліся іншым. Зрэшты, таму і засталіся ў жыцці недавучкамі. Але што зробіш: іншы быў час. Свет ваяваў. Кожны мужчына мераў свае вартасці салдацкаю мерай. Артылерыя, танкі, авіяцыя — думалася, гэта надоўга. Колькі яны адабралі сілы, замарозілі здольнасцей…

Хлопец, мабыць, заўважае мой позірк і маю да яго стоеную цікавасць. Далей маўчаць нам ужо і няёмка. Ён дастае з кішэні пачак «Шыпкі» і лёгкім прывычным рухам пасоўвае да мяне.

— Курыце?

— Не, дзякуй.

— Кінулі ці не пачыналі?

— Некалі пачынаў. Ды раненне перашкодзіла.

З секунднай няўцямнасцю ён пазірае на мае ногі, затым болей працяглым позіркам акідвае грудзі. Я разумею яго недаўменне: якая сувязь — нага і курыва? Але ці варта казаць яшчэ і пра раненне ў грудзі, якое ледзьве не абярнулася для мяне фіналам. Да таго ж хлопец, напэўна, чакае ўбачыць на маім борце планкі ўзнагарод. Вядома, ён адукаваны чалавек, нямала начытаўся пра вайну і гатовы бачыць ва мне героя. Мусіць, таму, што дужа ўжо шмат разоў даводзілася тлумачыць усе гэта, цяпер я маўчу. Хлопец прыкурвае цыгарэту і крута паварочваецца ў крэсле. Ля адміністратара пачынаецца нейкае ажыўленне. Ці не з’явілася што?

Не, здаецца, трывога марная. У чаргу доўгацярплівых кандыдатаў у начлежнікі спрабуе ўлезці нейкі прастадушны дзядзька. Ён у новай ватоўцы, з вялізным чамаданам-куфрам і поўнаю сеткай батонаў. Напэўна, з вёскі. Станавіцца ў хвост чаргі дзядзьку няма ахвоты, і ён плячом і локцем спрабуе зашчаміцца між таўстуном з пакетам пад пахай і чалавекам у скураной куртцы. Таўстун спознена ўзнімае трывогу.

— Куды лезеце? Куды лезеце? Вы дзе стаялі?

— Ну, стаяў. Ну! Анягож! Каб жа не стаяў… Стаяў. Што я, хлусіць буду?

— Дзе, пакажыце, дзе вы стаялі? — злосна пыхае на яго таўстун.

Дзядзька, відаць па ўсім, нідзе не стаяў. Але ён, што б там ні стала, не хоча пакідаць месца, блізкае да адміністратара. Да таго ж ён паспеў прасунуць між мужчын руку і ўчапіцца за нікеляваны борцік бар’ера. Цяпер дзядзьку не зрушыць. Многацярплівую чаргу