Литвек - электронная библиотека >> Васіль Быкаў >> Военная проза >> Аблава

Васіль Быкаў Аблава

Раздзел першы Чалавек на імшарыне

Прырэчная лугавая імшарына з раскіданымі па ёй бухматымі купкамі лазняку ды грыўкамі зрудзелага бярэзніку дружна зелянела позняю восеньскай атавай. У доле скрозь было мокра, няўходна, мох часам асядаў пад нагамі, і тады з-пад яго цвіркала мутная жыжа. Але мох дужа не правальваўся, дрыгвы тут не было. Гэта цяпер, увосень, імшарына набрыняла вадой і стала падобнаю на балота, а ўлетку, у пару сенакосу, дык тут скрозь было суха, вольна хадзілі касцы, бабы і нават ездзілі на брыках, калі звозілі сена. Дзе-нідзе ў доле яшчэ і цяпер налітыя чорнай вадой блішчэлі сляды конскіх ног. Пасля дажджоў прырэчнае балота шырока разлілося, заліло імшарыну, якая, бы цеста на дражджах, пачала пухнуць мяккім вільготным мохам. Скураныя пасталы на нагах у чалавека даўно раскіслі ад балотнай вады, анучы наскрозь змакрэлі. Але чалавек не заўважаў таго і між кустоўя ўпарта імкнуўся кудысьці. Наўкола стаяла цішыня, нідзе не было нікога. Людзі завіхаліся на палетках, выбіралі бульбу, — нашто цяпер каму гэтая дальняя прырэчная імшарына? Чалавек, мабыць, ведаў тое і ўсё ж адчуваў сябе неспакойна, нават трывожна; хада яго была такая насцярожаная, што, здавалася, варта недзе каркнуць вароне, як ён здрыганецца і абамрэ на месцы.

Быў ён немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы, з жылаватай выцягнутай шыяй. На даўно не голеным твары чырванеў даўгі прастуджаны нос, з-пад святлявых броваў насцярожана зыркалі шэрыя вочы. Рот яго быў трохі разяўлены — ад стомы ці залішняй увагі, і з-пад абвіслых вусоў вытыркаліся два ніжнія зубы, іншых спераду не было відаць. Дыханне ў чалавека чулася сіпатае і частае — усё ж, мусіць, далася яму ў знакі гэтая хада па балоце. Апрануты ён быў у зрудзелы ад старасці вясковы армячок-паддзёўку, залаплены на плячы чорным суконным лапікам, на запалым жываце скасабочана трымалася раменная папружка. Пакамечаная кепка на галаве даўно ўжо страціла сваю ранейшую форму і выглядала нібы аблавушка — відаць, насілі яе не адзін год. Мабыць, таксама, як і порткі, спераду і ззаду абсаджаныя лапікамі, на якія, у сваю чаргу, былі прышыты новыя лапікі — такія зношаныя былі порткі. Бадай, самае спраўнае на чалавеку былі ягоныя пасталы, хоць і раскіслыя ад вады, але з моцнай сырамятнай скуры, туга сцягненыя на нагах вераўчанымі забэрскамі, канцы якіх былі абкручаны аднізу на калашынах тых нехуцавых порткаў. Ніякай ношы ці хатулька ў чалавека не было відаць, вольныя рукі яго, аднак, не матляліся, а напаўсагнутыя насцярожана віселі па баках.

Відаць было па ўсім, што чалавек даўно ішоў адзін, звыкся са сваёй адзінотай і старанна абмінаў людзей. Людзі для яго былі найвялікшаю небяспекай у полі, на дарогах, ці не таму ён выбіраў шлях воддаль ад дарог, паселішчаў, між параснікаў і балацявін або цераз лес. За час блукання ён адвык ад чалавечага голасу, сам маўчаў, толькі напружана, да болю ў галаве, думаў і безупынна ўзіраўся ў наваколле. Слых яго стаў такі востры, што ён лёгка заўважаў самы кволы птушыны шолах у кустоўі, за вярсту лавіў стук калёс на дарозе; нягучны дзіцячы вокрык даваў яму знаць, дзе пасвіцца вясковы статак. Статка ён не баяўся, ужо разы тры, натрапіўшы на пастушкоў, разжываўся ў іх хлебам ці бульбінай, аднойчы нават паспытаў трохі сала. Сала дала дзяўчынка, якая разам з другой гэткай жа малечай пасвіла шэсць каровак на ржышчы пад лесам, і ён, вылезшы з кустоўя, спярша папытаўся, якая вёска здаля на пагорку і як клічуць дзяўчынку. Мусіць, тая ўсё ж напалохалася, але адразу выняла з кішэні бацькавай світкі загорнуты ў чыстую анучку свой полудзень і моўчкі аддала дзядзьку. Ён узяў, адышоўся і, хоць быў згаладнелы, бы воўк, не мог узяцца есці — так узрушыў яго той яснавокі позіркі дзяўчаці, які неспадзеўкі нагадаў яму ягоную дачушку Волечку. Добра адышоўшыся па ўзлеску, ён зашыўся ў гушчар і не стрымаўся — заплакаў, мо першы раз з таго часу як пахаваў дачушку. Не суджана было ёй пабачыць сваю зямельку, прыбраў бог на чужой старане, навек супакоіў над жвіровым абрывам далёкай сцюдзёнай ракі.

А бацька дайшоў.

Прырэчная імшарына разам з ракой крута паварочвала ўбок, наперадзе між кустоўя засінеўся хвойны грудок, і Хведар Роўба запаволіў хаду, гатовы зусім спыніцца. На твары яго адбіўся выраз тугі, нават болю, ён зморшчыўся сваімі зашчаціненымі маршчакамі, нібы збіраўся заплакаць. Ды і сапраўды ледзь не заплакаў, расчулены, можа, пазнаўшы памятную з дзяцінства мясціну — той пясчаны грудок сярод балацявіны, на якім зімой і ўлетку зелянела купка стромкіх старых хваін. Там, ведаў, была дарога, якою ён калісьці ездзіў на станцыю, у мястэчка, малы — з бацькамі на кірмашы, затым у раён да начальства, колькі разоў вазіў нарыхтоўкі збожжа, падатак просты і два разы цвёрды. Грудок, здаецца, не змяніўся за ўсе доўгія пяць гадоў, як Хведар не бачыў яго, хвойкі нібы папрыгажэлі нават і бухмата зелянелі зводдаль, быццам слалі яму прывітанне з таго даўняга самотнага дня, як ён апошні раз глядзеў на іх з воза па дарозе на станцыю.

Вельмі яму хацелася падысці да грудка, каб хоць зірнуць на знаёмыя мядзяныя камлі хвой, сухі жвірысты дол, ды ён не пайшоў. Блізка было і жадана, але… Наперадзе, мусіць, чакалі яго і яшчэ болей родныя мясціны, а там, за грудком на дарозе, маглі паявіцца людзі. Свае, знаёмыя, дзеравенцы. Але сустрэчы са сваімі і знаёмымі ён баяўся болей за ўсё.

«Божа літасцівы, чаму ж я такі нешчаслівы? — звыкла падумалася Хведару, як думалася бадай штодня ўсе пяць гадоў ягоных пакут. — Жывуць людзі, спакойна ходзяць па гэтай зямельцы, і, мусіць, ніхто не ведае, як без яе. А я…» А ён, калісьці гвалтам адарваны ад яе, здаецца, здзічэў нутром ад самоты па ёй, спарахнеў розумам. Двойчы за апошні год ён уцякаў — па-дурному, без падрыхтоўкі і аніякага шанцу, дзе ж было дапяцца да ўдачы. Але во ці не пашэнціла ўсё ж, калі ўжо зніклі ўсе спадзяванкі. Здаецца, і напраўду хутка ён убачыць свой родны кут, сваё поле, стрэхі маленечкай падлеснай вёскі Нядолішча, з яе малаўрадлівымі палеткамі, балоцістым выганам і параснікамі, дзе мінулі яго маладыя гады, дзе будучыня колісь паклікала яго да незабыўнага, зманлівага шчасця. Няўжо цяпер яму надарыцца такое? Ад таго грудка па дарозе заставалася тры вярсты да канчатковае мэты яго падарожжа. Няўжо яна спраўдзіцца?

Каб не ісці па дарозе і размінуцца з грудком, трэба было неяк праскочыць па вузенькай голай лагчынцы з ручаём, перайсці па той бок дарогі, бо на гэтым пачыналася балота, па якім ён, мабыць, не пройдзе. Тут ужо ён наскрозь усё ведаў, не трэба было пытацца. Ён і раней ні пра што не пытаўся, хіба дзе ў пастушкоў, аднойчы — у бабкі, што з кійком у руках