Литвек - электронная библиотека >> Кастусь Акула >> Современная проза >> Усякая ўсячына

Кастусь Акула

Тараканы ў саладусе



ДЗЕЯЧЫЯ АСОБЫ:

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

ЗЬЯВА 1-я.

ЗЬЯВА 2-я

ЗЬЯВА 3-я

ЗЬЯВА 4-я

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

ЗЬЯВА 1-я

ЗЬЯВА 2-я

ЗЬЯВА 3-я

ЗЬЯВА 4-я

ЗЬЯВА 5-я

ЗЬЯВА 6-я

ЗЬЯВА 7-я

ЗЬЯВА 8-я

ЗЬЯВА 9-я

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

ЗЬЯВА 1-я

ЗЬЯВА 2-я

ЗЬЯВА 3-я

ЗЬЯВА 4-я


ДЗЕЯЧЫЯ АСОБЫ:

1. СЬЦЯПАН ПІНКЕВІЧ (ПІНК) - новапрыехаўшы ў Канаду беларускі селянін, каля 40 год.

2. МАРЫЛЯ - яго жонка, у тым жа веку.

3. ВАСІЛЬ (БІЛ) - сын, 9-13 год.

4. ТАНЯ (ТОНІ) - дачка, 16-20 год.

5. ДЖОЎ - Канадыец, залётнік Тані, 18-22 гады.

6. ЯНКА ЖЫХАР - старшыня Беларускае Касы Самапомачы, у сярэдніх гадах.

7. МІКОЛА КОРЧ - сакратар тае-ж Касы, 20-24 гады

8. ДЖАН - канадыйскі фармар, старэйшы

9. СЯБРА ЎПРАВЫ КАСЫ


ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Сярэдняй вялічыні пакой у бараку перахаднога абозу. Пасярод - стол і два ўслоны. У адным куце ляжаць клункі з вопраткай, у іншым - куча брашураў-"комікаў". Зь левага боку дзьверы. На правай сьцяне люстэрка, пасярод - вакно.


ЗЬЯВА 1-я.

Янка Жыхар і Мікола Корч.


Янка сядзіць каля стала, Мікола ходзіць па пакоі, часта заглядаючы ў вакно. Абодвы апрануты палетняму.


МІКОЛА: Ты пэўны, што мы ў іхны пакой трапілі?


ЯНКА: Пэўны?... Нумар вунь, як бык, стаіць на дзвярох. У чый-жа, калі ня іхны? (Устае ад стала).


МІКОЛА: Дзе, ты думеш, маглі яны дзецца? Паведамляў-жа, што на чацьвёртую тут будзем (паглядае на гадзіньнік). А ты ведаеш, што я сягоньня да Шабэлка на вясельле быў запрошаны?


ЯНКА: Ідзі ты!...


МІКОЛА: Запраўды. І змушаны быў адмовіцца, каб гэтым людзям памагчы. Дый ня надта мне хацелася, бо із Полькай жэніцца.


ЯНКА: Зь кім гэта?


МІКОЛА: Хіба-ж ты ня ведаеш?


ЯНКА: З тэй Ядвісяй?


МІКОЛА: Так. Із тэй самай паннай Ядвісяй.


ЯНКА: Мусіць добра яго забрытала...


МІКОЛА: А як-жа! Ды яшчэ як забрытала! Ізноў, як той казаў, адзін з нашых Беларусаў замуж выходзіць.


ЯНКА: Як гэта ты кажаш - выходзіць замуж? Хіба-ж жэніцца?


МІКОЛА: Ды якраз што ня жэніцца, а выходзіць замуж, бо вянчаецца ў польскім касьцеле, хоць сам і праваслаўны. Ды баба ўжо добра яго на свой капыл перакруціла. Каб ты толькі чуў! Так пшэкае і цоцкае зь ёй папольску, што аж слухаць брыдка. Ужо сябе й Беларусам лічыць перастае.


ЯНКА: Вось яно як. А такі, здаецца, быў сьведамы й добры хлопец.


МІКОЛА(гіранічна): Надзвычайна добры. І сяньня нічога нельга яму закінуць, апроч мяшка на галаву.


ЯНКА: Сьмех на бок, але сумнае зьявішча. Прападаюць нашыя людзі - дзе за спадніцу, а дзе за дурніцу...


МІКОЛА: Ну і як-бы гэтаму запабегчы?


ЯНКА: Больш усьведамленьня трэба, актыўнасьці нашых арганізацыяў. Асабліва моладзь трэба зактывізаваць, даць ім спорт, гульні, чытаць павучальныя творы, даклады, ставіць п'есы... Божа мой, колькі карыснага можна й трэба было-б зрабіць, абы толькі мага каму...


МІКОЛА: Вось тут, як кажуць, цэлы сабака закапаны, што каб было каму. Праекты - адно, а практычная шэрая штодзённая грамадзкая праца - гэта іншае. Зрэшты, слабыя адыйдуць, а моцныя застануцца.


ЯНКА: Між іншага, гаворачы аб мясцовых абставінах і нашых людзях, чуў я пра адно вельмі сьмешнае здарэньне. Праўда гэта, ці не, сам мяркуй. Значыцца, прыехала сям'я - муж і жонка ў Канаду. Пасяліліся ў горадзе. Пачалі абжывацца. Жанчына хутка завяла знаёмства з суседкай, нейкай галічанкай, якая лепш ведала мясцовыя парадкі. Вось тая суседка, - ведаеш якія суседзі бываюць: на добрае й благое цябе зьвядуць, - убіла гэтай жанчыне ў галаву, што тутака ў Канадзе бабы ўсе правы за сабой маюць, гэтта значыцца, што яны, а ня мужчыны могуць усім загадваць. Нашай жанчыне гэта вельмі спадабалася і, доўга ня думаючы, пастанавіла яна гэных жаночых правоў скаштаваць...


Прыходзіць аднойчы муж з працы і глядзіць, ажно няма вячэры. Думае чалавек, мо баба захварэла, ці што, бярэ й сам рыхтуе вячэру. Але на другі й трэці дзень - тое самае. Тут ужо пытаецца муж жонку ў чым справа, чаму такая раптоўная й бязь ніякіх прычынаў зьмена. А баба яму ў вадказ: - калі ты да гэтага часу ня чуў, што ў Канадзе бабы пануюць і ўсе правы за сабой маюць, дык пара ўжо, каб пераканаўся. Ад гэтага часу ты будзеш ня толькі для сябе, але й для мяне страву рыхтаваць, а я буду рабіць, што мне ўздумаецца, і табе яшчэ загадваць! Во як!


Баба мерку перабрала. Муж ня выцерпеў і так яе аплявушыў, што аж зоркі ўбачыла. Выбегла жанчына на вуліцу й крычыць на ўсё горла, паліцыю кліча. Адкуль ні вазьміся, прыбег паліцыянт. Але жанчына ня ўмела паангельску гаварыць. Дык плача, паказвае на шчаку ды ўсё паўтарае: - тут! тут! значыцца, што тут яе муж зьбіў.


Слова "тут", паангельску tooth абазначае зуб. Паліцыянт падумаў, што жанчыне зуб так моцна баліць, дык бярэ й цягне яе да дэнтысты.

(Хлопцы пачынаюць рагатаць).


Дэнтыста таксама, не дагаварыўшыся, узяў ды вырваў бабе здаровы зуб. Прыходзіць яна дадому дый плача. - Няхай яе ліха, - кажа, - гэту Канаду. Няма тут ніякіх жаночых правоў. Мала таго, што муж мяне так зьбіў, дык гэтыя яшчэ ўзялі й здаровы зуб вырвалі.


МІКОЛА: Добры жарт (сьмяецца).


ЯНКА: Чалавек апавядаў мне й бажыўся, што гэта ня жарт, а чысьцюсенькая праўда...


МІКОЛА: Праўда, як маскоўская (сьмяецца).


Янка (паглядаючы на гадзіньнік): Ліха яго ведае, што з гэтымі сталася, ужо паўгадзіны чакаем. Слухай, а калі фармар мае прыехаць?


МІКОЛА: Ды неўзабаве, за якое паўгадзіны. Званіў мне, што каля пятай мае быць. (За дзьвярмі чуваць хуткі тупат ног. Дзьверы раптоўна адчыняюцца, убягае Васіль і, убачыўшы двух незнаёмых, скоранька, трэснуўшы дзьвярмі, выбягае назад).


ГОЛАС ВАСІЛЯ ( за дзьвярмі): Мама! Мама! Нейкія людзі ў нас ёсьць!


ГОЛАС МАРЫЛІ: Можа гэта і ёсьцека тыя Беларусы...


ГОЛАС СЬЦЯПАНА: Адкуль-жа яны? Ці-ж-бы мы іх ня ўбачылі?


ЗЬЯВА 2-я

Тыя-ж, Сьцяпан, Марыля, Таня й Васіль.


Уваходзіць Сьцяпан, за ім Марыля, Таня й Васіль. Усе сьціпла апрануты. Васіль адразу сьпяшыць у