Литвек - электронная библиотека >> Змітрок Бядуля >> Рассказ >> Бондар >> страница 3
на кухню.

О, як закалацілася яго сэрца…

V

Як ашпараныя, выскачылі з панінай кухні Даніла і Аўдоцця. Пані нават не зацікавілася глянуць на пекную работу Данілы. Заплаціла не таргуючыся, і гэтым справа скончылася. Грошы ён кінуў ля ганку, выйшаўшы на двор. Употайку ад яго іх падняла Аўдоцця.

Пані, сама гэтага не разумеючы, бязлітасна плюнула чалавеку ў самую душу, зрабіла яму такую рану, якая ніколі не загоіцца. Крыўда была бязмежна балючая, неспадзяваная, хацелася яму валасы сівыя рваць на галаве і выць. Яго скінулі з гары ў глыбокую яму.

Усю дарогу, ідучы назад у вёску, ён сваёй жонцы ні слова не сказаў. Ішлі яны, як з пахавання. Даніла пахаваў найлепшую частку сваёй душы. Памерлі яго мары, якімі ён цешыўся ўсё жыццё.

Сонца засумавала разам з ім. Поле снежнае непрытульным зрабілася. Хвоі пад сівымі зімовымі шапкамі шапацелі аб вялікім Данілавым горы. Увесь яркі абшар пакрыла жалоба…

Ці зразумеюць людзі Данілу? Не! Будуць кепікі строіць з яго, дурнем абзавуць.

Як вярнуліся Даніла з жонкай дахаты, дык паваліўся на кучу белых стружак ля свайго варштата. Жонка не пробавала яго ўцяшаць. Тая самая роспач вісела і над ёю. Слёзы, гарачыя і буйныя, капалі з яе вачэй на гліняную падлогу…

Пасля гэтага здарэння Даніла стаў маўклівы і пануры. Бондарства ён закінуў. Інструменты яго паіржавелі, бо ў хаце ён рэдка калі бываў — валяўся цэлымі днямі п'яны ў карчме пад сталом. Бедная Аўдоцця цярпела і голад, і холад, але пераносіла ўсё моўчкі і нікому не жалілася.

А як прывезлі суседзі з карчмы нежывога Данілу, дык яна таксама голасу не падняла, толькі ціхутка плакала.

А як людзі змайстравалі труну, шурпатую і нязграбную, і як палажылі Данілу ў гэту труну, тады толькі ўспомніла яна «залатыя рукі» нябожчыка. Якім бы вокам Даніла глянуў на гэтую непрыгожую труну?

Яе сэрца прабраў вялікі жаль па дарагім чалавеку. І яе гора пачало вылівацца ў прыгожыя словы сумных прычытанняў.

Аўдоцця павалілася вобземлю і пачала галасіць, даючы волю свайму гору. Ніхто не мог яе супакоіць. Суседкі слухалі, слёзы выціралі і дзівіліся, адкуль такі гладкі язык у заўсёды маўклівай Аўдоцці.

— Калі б каго-колечы з нашых Даніла навучыў, той добрым словам успамінаў бы, як бацьку роднага шанаваў. А то ад пані з двара пахвальбы чакаў. Не туды заехаў!

Так гаварылі суседзі.

Хутка за сваім старым памерла і Аўдоцця. Па ёй ніхто не галасіў, бо была адна-адзінокая, без сваякоў і без родных.