Литвек - электронная библиотека >> Змітрок Бядуля >> Рассказ >> Велікодныя яйкі >> страница 3
— Гэта — святы, гэта — багамаз! — казалі другія.

Тым часам чутка аб дзіўных велікодных яйках дайшла і да братоў-студэнтаў з блізкай вёскі.

Студэнты зацікавіліся і таксама прыйшлі паглядзець.

Доўга разглядалі яны сцены, размалёваныя вуголлямі, і шапталіся паміж сабой. Малюнкі на сценах ім яшчэ больш падабаліся, чымся малюнкі на яйках.

Пры гэтым Мікіціха з жалем расказала ім, як Сцяпанка яе замучыў сваімі малюнкамі і які ён нікчэмны хлапец.

Сцяпанка Пяцкун стаяў, як вінаваты, з апушчанай галоўкай.

Студэнты забралі хлопчыка з сабой і падарылі яму прыгожую скрыначку з рознымі фарбамі. Яны абяцалі яго вучыць і ў горад забраць, кажучы пры гэтым, што з яго выйдзе вялікі чалавек.

Бясконца радасны вярнуўся Сцяпанка дахаты. Увесь час думаў, якая можа быць карысць ад «вялікага чалавека». І ўспомніў ён, што ў вёсцы ў іх быў калісьці вельмі вялікі чалавек, вышэй ростам ад усіх у вёсцы, рыбалоў Міхась. Але той быў яшчэ большы п'яніца і задзёра, і ніхто яго не любіў.

Не спадабалася Сцяпанку быць «вялікім чалавекам» — доля Міхася-рыбалова яго не вабіла.

— Лепей буду маленькім, — думаў ён, — але каб паехаць у горад вучыцца.

Вярнуўся хлопчык дахаты, і маці ў яго спыталася, што панічы яму гаварылі.

Сцяпанка спачатку саромеўся, а потым сказаў:

— Я буду некалі вялікім чалавекам!

— Эх, эх! — засмяялася Мікіціха. — Навіну казалі разумнікі канапляныя! А я табе кажу, што калі будзеш займацца цацкамі, дык не дарасцеш да вялікага чалавека і не будзеш гаспадаром, бо з голаду памрэш! А пакуль што ідзі есці, мой «вялікі чалавек», бо ўжо другі дзень, як не бачыла — ці еў ты што-колечы…

А ці будзе некалі Сцяпанка вялікім чалавекам, ці заззяе над ім зорка светлая — не ведаем. Гэта залежыць ад таго, як далейшы лёс яго жыцця пакіруецца.