Литвек - электронная библиотека >> Вільгельм Гауф >> Рассказ >> Гісторыя Альмансора >> страница 4
ўздымаліся, вочы палалі. Часам ён ледзь не перапыняў юнага нявольніка, але канец аповеду яго, падалося, не задаволіў.

— Цяпер яму, кажаш, быў бы дваццаць адзін год? — пачаў ён распытваць апавядальніка.

— Ён майго ўзросту, гаспадару, дваццаць адзін ці дваццаць два.

— І які горад ён назваў месцам свайго нараджэння? Ты пра гэта нічога не казаў.

— Калі я не памыляюся, — быў адказ, — гэта Александрыя.

— Александрыя! — усклікнуў шэйх. — Гэта мой сын! Дзе ён?! Ты хіба не казаў, што яго клічуць Кайрам? У яго карыя вочы і цёмныя валасы?

— Так і ёсць! У моманты шчырасці ён называў сябе не Альмансорам, а Кайрамам!

— Але скажы мне нарэшце дзеля Аллаха… ягоны бацька купіў яго на тваіх вачах, так, як ты расказаў? Ён назваў пакупніка бацькам? Значыць, гэта ўсё ж не мой сын!

— Ён сказаў мне: “Няхай будзе блаславёны Алах пасля такіх доўгіх няшчасцяў — гэта рынкавая плошча майго роднага горада”. Праз пэўны час з-за рогу з’явіўся знатны чалавек, і тады Альмансор усклікнуў: “О, які каштоўны падарунак нябёсаў — вочы! Я яшчэ раз убачыў майго шаноўнага бацьку!” Чалавек той падышоў да нас, агледзеў усіх і ўрэшце купіў героя маёй гісторыі. Тады той звярнуўся да Алаха з малітвай падзякі і прашаптаў мне: “Зараз я вяртаюся ў палаты шчасця, бо мяне купіў мой уласны бацька”.

— Значыць, гэта не мой сын, не мой Кайрам! — з болем прамовіў шэйх.

Тут юнак не вытрымаў — з ягоных вачэй паліліся слёзы радасці, ён упаў ніц перад шэйхам і ўсклікнуў:

— І ўсё ж гэта ваш сын, Кайрам, Альмансор, бо яго купілі менавіта вы!

— Алах, Алах! Цуд, які вялікі цуд! — усклікнулі прысутныя і праціснуліся бліжэй.

Шэйх жа знямела глядзеў на юнака, які падняў да яго прыгожы твар.

— Мой сябар Мустафа! — звярнуўся шэйх да старога дэрвіша. — Мае вочы заслалі слёзы, і я не бачу, ці захаваліся на гэтым твары рысы маці, да якое падобны мой Кайрам. Падыдзі бліжэй і паглядзі на яго!

Стары падышоў, доўга глядзеў на юнака, потым паклаў руку яму на лоб і сказаў:

— Кайрам! Як гучала выслоўе, якое ты атрымаў ад мяне і забраў з сабой у лагер франкаў у той нешчаслівы дзень?

— Мой дарагі настаўнік! — адказаў юнак, кранаючыся вуснамі рукі старога. — Яно гучала так: “Хто любіць Алаха і мае чыстае сумленне, той і ў пустэльні няшчасця не самотны, бо мае двух спадарожнікаў, якія яго суцешаць і падтрымаюць”.

Стары ўдзячна падняў вочы да неба, прыціснуў юнака да грудзей, перадаў яго шэйху і сказаў:

— Вазьмі яго! Як дакладна вядома, што ты дзесяць гадоў па ім смуткаваў, так дакладна і тое, што гэта твой сын Кайрам.

Ад радасці і шчасця шэйх не помніў сябе. Ён бесперапынна ўглядаўся ў рысы юнака, у якіх, без сумневаў, пазнаваў вобраз страчанага сына. Усе прысутныя раздзялілі ягоную радасць, бо любілі шэйха, і кожны пачуваўся так, нібыта сёння яму самому быў падораны сын.

Спевы і весялосць напоўнілі залу, як у дні радасці і шчасця. Юнак мусіў яшчэ раз, больш падрабязна, расказаць сваю гісторыю, і ўсе ўзнеслі хвалу арабскаму прафесару і імператару, як і ўсім астатнім, хто клапаціўся пра Кайрама. Госці пачалі разыходзіцца толькі ноччу, і кожнага шэйх шчодра адарыў на памяць пра гэты радасны дзень.

Шэйх прадставіў свайму сыну чатырох маладых людзей і запрасіў іх часта яго наведваць. Было вырашана, што з пісарам юнак будзе чытаць, з мастаком — выбірацца ў невялікія падарожжы, з купцом — спяваць і танчыць, а чацверты будзе ладзіць пры двары забавы. Іх таксама шчодра адарылі, і яны, шчаслівыя, пакінулі дом шэйха.

— Каму мы павінныя за ўсё гэта дзякаваць? — гаварылі яны паміж сабой. — Каму яшчэ, як не старому? Хто мог такое ўявіць, калі мы стаялі перад гэтым домам і гаманілі пра шэйха?

— А мы ж маглі не прыслухацца да павучанняў старога, — сказаў другі, — ці наогул выставіць яго на смех. На ім была ірваная бедная вопратка — хто б мог падумаць, што гэта мудры Мустафа?

— Дык цудоўна! Хіба не тут мы гучна абмяркоўвалі свае жаданні? — прамовіў пісар. — Адзін з нас хацеў вандраваць, другі — спяваць і танчыць, трэці — бавіць час у добрай кампаніі, а я — чытаць і слухаць гісторыі. Хіба не ўсе нашыя мары здзейсніліся? Я магу чытаць усе кнігі шэйха і набываць любыя, якія захачу.

— А мне дазволена ўпрыгожваць ягоны стол, ладзіць ягоныя найлепшыя забавы і самому ў іх удзельнічаць, — сказаў другі.

— А я ў любы момант, як з’явіцца ў мяне такое жаданне, магу паслухаць спевы і ігру на струнных альбо паглядзець на танец, пайсці да шэйха і папрасіць у яго рабоў.

— А я? — усклікнуў мастак. — Да гэтага дня я быў бедны і не мог нават выйсці з горада, а зараз змагу падарожнічаць куды захачу.

— Так, — прамовілі яны разам, — добра, што мы паслухаліся старога, а інакш хто ведае, што з намі сталася б!

І, сказаўшы так, яны, шчаслівыя, пайшлі дадому.

Примечания

1

Votre serviteur — Да вашых паслугаў (фр.).

(обратно)

2

Petit Caporal — Маленькі Капрал (фр.). Мянушка Напалеона І.

(обратно)