Литвек - электронная библиотека >> Максім Гарэцкі >> Советская проза и др. >> Дзве душы >> страница 32
Абдзіраловіч з агідаю кінуў чытаць, апрануўся, і яны пайшлі.

Радаснае, цёплае святло залівала вуліцы, блішчэла на плінтусовых тратуарах, трамвайных рэйках і вокнах дамоў. Крамы і ўсё ўсюды было зачынена, як у свята; з дамоў патроху высыпаў рабочы народ, схадзіўся, гаманіў, строіўся на хаўтуры, быццам салдаты на парад. З Зарэчча і Слабады ішлі кучкамі прыбраныя работнікі з чырвонымі стужачкамі на грудзёх; яны прыстоівалі на рагу і грудам чыталі налеплены на сцены цэрэмоніал пахавання: гдзе каму схадзіцца і адкуль і калі выхадзіць. Ішоў чырвоны баталіён з аркестрам музыкі, прамчаўся аўтамабіль з дубовым вянком, зараз мелі пачаць вынас.

Абдзіраловіч хацеў цяпер жа зайсці паглядзець на нябожчыка, ды Васіль не пайшоў.

— Я быў, — казаў ён, — ну што там: стаіць пачэсная варта, і больш нічога. Ахмет плачаць, жаліцца, што века труны ніяк не прыстаець, бо нага сагнутая стаіць высака.

Калі яны прыйшлі на Васілёву кватэру і селі піць гарбату, у гаспадынінай палавіне ўзняўся дзяціны скогат.

— Чэкго ж ты хцэш? Чэкго? — крычэла на дзіцёнка радня гаспадыні, бежанька-полька. — Не кшыч, бо вшыстко рувно ніц не мам ці даць, ну! Мільч!

Васіль пачырванеў, схапіў акраец хлеба, адкроіў скібку і пабег. Абдзіраловіч чуў, як ён за дзвярамі сустрэўся з гаспадыняй, і яна быццам пярэчыла, быццам паддавала ахвоты:

— Што пан робіць? Ці ж так можна? Заўжды ўвесь паёк аддасцё Юзіку… Далібог, нам так сорамна, што не ведаем навет, як і дзякаваць пану.

Абдзіраловіч чуў, як яна зашлёпала пантофлямі, а Васіль пабег к дзіцёнку.

З вуліцы даляцела музыка, бубен цяжка вухаў. Працэсія ўжо кранулася ад кватэры нябожчыка. Абдзіраловіч адчыніў вакно і пачуў засмучона-паважныя і прыгожыя гукі хаўтурнага марша. Чорны мурашнік людзей з чырвонымі штандарамі, з грознымі напісамі рынуў па вуліцы. Далёка там плыла адчыненая труна з нябожчыкам — на плячох у работнікаў, а следам гутаўся катафалк. Гукі марша ўсё дужэлі і бальней хапалі за душу засмучона-паважным, наканованым.

1919

Примечания

1

Абразок на грудзёх у праваслаўных архірэяў.

(обратно)

2

Кавалак рукапісу «Дзвюх душ», пачынаючы ад гэтага радка, узялі й не аддалі назад прадстаўнікі акупацыйнай улады, што рабілі рэвізію ў ліпені 1919 г. у рэдакцыі «Беларуская Думка», у якой аповесць друкавалася.

(обратно)

3

Ізюму.

(обратно)

4

Па-маскоўску: «Областной Исполнительный Комитет Западной Армии и Фронта», а пакарочана: «Обл-іс-ком-зап».

(обратно)