Литвек - электронная библиотека >> Джэк Лондан >> Приключения >> Мечаны

Джэк Лондан Мечаны

Цяпер я не вельмі высокай думкі пра Стывена Макея, хоць быў час, калі я кляўся яго імем. Я любіў яго некалі, як свайго роднага брата. А цяпер, калі давядзецца зноў сустрэцца з ім, я за сябе не ручаюся. У мяне проста ў галаве не месціцца, як чалавек, з якім я дзяліў харч і коўдру, з якім перабіраўся на сабаках цераз Чылкуцкі перавал, мог зрабіць такую подласць. Я заўсёды лічыў Стыва чэсным хлопцам, добрым таварышам, у натуры ў якога не было ні кроплі помслівасці ці злосці. Не, больш ніколі не буду давярацца свайму ўменню разбірацца ў людзях. Вы папытаецеся чаму? Таму, што я выхадзіў гэтага чалавека, калі ён трызніў у тыфознай гарачцы, мы разам здыхалі ад голаду каля вытокаў Сцюарта, ён выратаваў маё жыццё на Малым Ласосе; і пасля ўсяго гэтага, пасля столькіх разам пражытых гадоў адно, што я магу сказаць пра Стывена Макея, — паганца такога я яшчэ не сустракаў.

Мы выправіліся на Кландайк восенню 1897 года ў час «залатой ліхаманкі», але выйшлі вельмі позна і не паспелі перабрацца цераз Чылкуцкі перавал да замаразкаў. Мы ўжо прайшлі кавалак дарогі, цягнучы на сабе наш рыштунак. Пайшоў снег. Мы вымушаны былі купіць сабак, каб прадоўжыць наша падарожжа на нартах. Так і трапіў да нас той самы Мечаны. Сабакі тады былі дарагія, і за Мечанага мы заплацілі сто дзесяць даляраў. На выгляд ён быў варты гэтых грошай. Я кажу «на выгляд», бо ён быў самы прыгожы сабака, якога я калі-небудзь бачыў на сваім вяку. Важыў ён шэсцьдзесят фунтаў і меў усе якасці добрага ездавога сабакі. Мы ніяк не маглі вызначыць яго пароду. Ён не быў ні лайкай, ні мэлмутам, ні эскімоскім сабакам; ён падобны быў на іх усіх і ў той жа час — ні на кога. Было ў ім нешта і ад эўрапейскага сабакі: на адным баку ў яго сярод жоўта-рыжых і папяліста-белых узораў красавалася чорная, быццам вугаль, лапіна велічынёю з патэльню. За гэтую лапіну мы і далі яму мянушку Мечаны.

Сабака быў сапраўдны прыгажун. Калі ён быў у форме, мускулы выпіналіся пад скурай. На ўсёй Алясцы не знайсці было здаравейшага і разумнейшага на выгляд сабакі. Даволі было толькі зірнуць на Мечанага, каб вызначыць, што ў запрэжцы ён зможа цягнуць за трох сабак адной з ім вагі. Можа, ён і мог, але ж я ніколі гэтага не бачыў. Розум яго скіроўваўся не на гэта. Вось красці ён умеў дасканала. Мечаны вызначаўся адной вельмі агіднай асаблівасцю: ён заўсёды ўгадваў, калі прадбачыцца работа, і заўсёды ўмеў уцячы ад яе. У яго быў нейкі незвычайны талент — своечасова згубіцца і своечасова знайсціся. Але як толькі даходзіла да работы, Мечаны зусім траціў кемлівасць і ператвараўся ў бездапаможную, дрыжачую, як кусок студзеня, скаціну, — сэрца аблівалася крывёю ад жалю да яго.

Іншы раз мне думаецца, што прычына гэтага зусім не тупасць. Магчыма, Мечаны таксама, як і некаторыя людзі, якіх я ведаў у свой час, быў занадта разумны для таго, каб працаваць. Я не здзіўдюся, калі пры ўсёй яго кемлівасці, ён проста ашукваў нас. Магчыма, ён добра памеркаваўшы, вырашыў, што лепей няхай сяды-тады налупцуюць, чым штодзень працаваць, хоць і не лупцуюць. На такія прыкідкі ў Мечанага розуму хапіла б.

Ведаеце, бывала, сяду, зірну яму ў вочы і такім розумам яны свецяцца, што ў мяне пачынаюць мурашкі па спіне бегаць і дрыжыкі бяруць. Нават не магу словамі выказаць, якім розумам яны свяціліся. Гэта вышэй за ўсякія словы. Я бачыў гэта — вось і ўсё тут. Глянуць Мечанаму ў вочы іншы раз было тое самае, што зазірнуць у чалавечую душу. Тое, што бачыў я тамака, пужала мяне і нараджала ў маім мозгу розныя думкі пра перасяленне душ і пра ўсякае глупства. Не паверыце, але я адчуваў нешта вельмі важнае ў вачах у гэтай жывёліны; у іх была нейкая думка, якую мне было цяжка зразумець, бо я не дарос да яе разумення. Як бы там ні было (ведаю, што выстаўляю сябе на смех) гэтыя вочы збівалі мяне з панталыку. Нават не магу прыблізна вызначыць, што бачыў я ў гэтых вачах. Гэта не быў копер або святло: нешта рухалася ў той час, калі самі вочы аставаліся нерухомыя. Я дапускаю, што я, нават не бачыў, як яно рухалася, проста я адчуваў гэта. Выразнасць, экспрэсія — вось што гэта было такое. І я не мог працівіцца. Не, хутчэй гэта было нешта адметнае ад простай выразнасці. Не ведаю дакладна, што гэта магло быць, але яно выклікала пачуццё роўнасці. Не сентыментальнага падабенства, не. Гэта было, хутчэй, пачуццё роўнасці. Тыя вочы ніколі не прасілі, як, напрыклад, вочы аленя. У іх быў выклік. Не, гэта быў не ваяўнічы выклік, а проста сцвярджэнне роўнасці. Не думаю, што сцвярджэнне рабілася знарок: усё было натуральна. У яго паглядзе было штосьці, штосьці там свяцілася. Нават не свяцілася, а паяўлялася. Ведаю, што мялю лухту, але ж калі б вы зазірнулі ў тыя сабачыя вочы так, як глядзеў у іх я, вы б усё зразумелі самі. Стыў у вачах Мечанага адчуваў тое самае.

Аднойчы я паспрабаваў забіць Мечанага — карысці ад яго не было ніякай. Але я не змог зрабіць гэтага. Я павёў яго ў кусты, а ён цягнуўся за мною паволі і неахвотна. Ён ведаў, што гэта ўсё значыла. Я спыніўся ў зручным месцы, наступіў на вяроўку і выцягнуў свой вялікі кольт. Сабака сеў і глядзеў на мяне. Паверыце, ён не прасіў літасці. Ён проста глядзеў. Я ўбачыў, што ў яго ў вачах паявілася нешта недаступнае, іменна паявілася. Я не бачыў гэтага, я адчуваў, што вочы ў Мечанага напоўніліся нечым недаступным для майго разумення. Я разгубіўся. Забіць яго было ўсё роўна, што забіць смелага чалавека, які глядзеў спакойна ў дула пісталета, нібы пытаючыся: «Ну, хто з нас струсіць?» Ды яшчэ мне здавалася, што вось-вось я ўлаўлю ў яго ў вачах тое недаступнае. Замест таго каб націснуць на спускавы кручок, я анямеў, ловячы тое недаступнае. Яно было блізка ад мяне, бліскала ў яго вачах. А потым забіваць было позна. Я спалохаўся. Мяне калацілі дрыжыкі, зрабілася млосна. Я бездапаможна апусціў рукі і глядзеў на сабаку, а той глядзеў на мяне, пакуль я не адчуў, што вар’яцею. Хочаце ведаць, што я зрабіў? Я кінуў пісталет і пабег да лагера. Сэрца маё сціснулася ад страху.

Стыў смяяўся з мяне. Але праз тыдзень я прыкмеціў, як Стыў павёў Мечанага ў лес, пэўна, з тым самым намерам. Ён вярнуўся адзін, а трошкі пазней за ім прыцягнуўся Мечаны.

Як бы там ні было, але Мечаны ні за што не хацеў працаваць. Мы наскрэблі сто дзесяць даляраў, каб купіць яго, а ён адмаўляўся працаваць. Ён нават не хацеў нацягваць пастронкаў. Спачатку, калі Мечанага першы раз запрэглі, Стыў угаворваў яго, а сабака толькі крыху сцепануўся. Але пастронкаў так і не нацягнуў. Сабака спакойна стаяў, пахістваючыся з боку ў бок. Тады Стыў сцебануў яго пугай, і сабака завыў — працяжна, па-воўчы. Гэта вывела Стыва з сябе, і ён сцебануў Мечанага некалькі разоў запар. Я не вытрываў, выбег з палаткі і кінуўся да іх. Я сказаў Стыву, што ён быў