Литвек - электронная библиотека >> Іван Пятровіч Шамякін >> Советская проза >> Гандлярка і паэт >> страница 2
ўдалася ў маці і пасля восьмага класа школу кінула. Год гандлявала разам з маці, пасля пайшла працаваць у трамвайнае дэпо.

У васемнаццаць гадоў Вольга выйшла замуж за вагонаважатага Адама Аўсюка. Зяць падабаўся старой Ляновічысе, хоць і быў галадранец — прыйшоў у дом з адным маленькім чамаданчыкам.

Але — вясёлы, не цураўся ніякай работы, нават не саромеўся прадаваць на рынку абсмаленых курэй, капусту, свініну. Было ў яго нешта ад характару самой Ляновічыхі, таму і паразумеліся яны. Толькі п’яны Адась рабіўся дурным — лез біцца, неаднойчы вяртаўся з «ліхтарамі». Старому Ляновічу вельмі не падабалася, што важаты трамвая напіваецца да шаленства. «Як ты заўтра людзей будзеш вазіць? Яшчэ зарэжаш каго! Каб я быў вашым начальнікам, то такіх блізка не падпускаў бы да вагона».

I бываюць жа такія недарэчныя, проста-такі нейкія фатальныя супадзенні! У цёмную лістападаўскую раніцу, калі выпаў першы мокры снег, стары гарбар не ўціснуўся ў перапоўнены трамвай, павіс на падножцы, сарваўся ці, можа, незнарок спіхнуў хто, трапіў пад колы — і яму адрэзала ногі: на другі дзень ён сканаў у бальніцы.

Вагон вёў не Адась, але ўсё адно сярод камароўскіх абывацеляў, як кругі па вадзе, пайшлі самыя неверагодныя, дзікія плёткі, дайшлі да Вольгі, да яе мужа, да старой Ляновічыхі, усіх балюча ранілі.

Здаецца, без асаблівай любові і прыхільнасці адзін да аднаго жылі Ляновічы. Хрысця гаварыла пра свайго Міхала са скептычнай паблажлівасцю, рэдка калі раілася з ім у сваіх камерцыйных справах. Дзеці прызнавалі больш матчын аўтарытэт, бацька заўсёды знаходзіўся як бы ў цяні. А не стала яго — асірацела хата, і сама Ляновічыха адразу змарнела, сцішылася, страціла цікавасць да багацця, пабляклі неяк адразу для яе ўсе набытыя нікеляваныя ложкі, паліраваныя шафы, густа абсыпаныя нафталінам футры. Адно хіба яна яшчэ з цікавасцю чакала — будучага ўнука ці ўнучку, Вользіну: Казіміравага сына ад развядзёнкі не любіла, чамусьці чужым унук здаваўся ёй.

Але тое, што пасля смерці мужа страчвала пастарэлая маці, з малой сілай і энергіяй нараджалася, ажывала ў Вользе. Працу ў дэпо яна кінула і амаль цалкам узяла на сябе матчыны абавязкі па гандлі ўсім тым, што вырасла на гародзе і ў хлявах. Розніца хіба адна была: працавала яна не з такой апантанасцю, як маці, умела ўсю самую цяжкую, чорную работу на Адася ўзваліць. Але на рынку паводзіла сябе, бадай, больш умела, спрытна і ў той жа час асцярожна, з улікам кан’юнктуры, якая змянілася: халодная і галаднаватая зіма трыццаць дзевятага — саракавога гадоў, калі ішла фінская вайна, — гэта не дваццатыя нэпаўскія гады, у якія разгортвала сваю камерцыю яе маладая, тады яшчэ поўная сілы маці. Аднак і ў такіх нялёгкіх умовах камароўскія гандляркі хутка прызналі маладую Ляновічыху за сваю завадатарку. Ад маці і імя засталося ёй — Ляновічыха, хоць і была яна Аўсюк. Маладая Ляновічыха. А старая як бы страціла гэтае вядомае на ўсю Камароўку імя, цяпер для суседзяў яна была просга Хрысця ці Крыся, некаторыя так скарачалі яе імя — на польскі лад, бо Ляновіч лічыўся католікам, хоць у касцёл ніколі не хадзіў і вянчаўся ў царкве — Хрысціна была з праваслаўнай набожнай сям’і.

Унучкі Хрысціна не дачакалася. Па вясне, калі пачаліся работы на гародзе, выйшла капаць пад грады — цяжарнай Вользе нельга было — ды так і асела ў разору. Суседка праз плот убачыла ненатуральнасць яе паставы, узняла трывогу. Выбегла з хаты Вольга — а маці ўжо мёртвая. «Лёгкая смерць, — казалі суседкі і сяброўкі, выціраючы скупыя слёзы. — Дзе ўсё жыццё прарабіла, там і памерла — на зямеяьцы нашай камароўскай».

У ліпені Вольга нарадзіла дзяўчынку і назвала яе Святланай, яшчэ да нараджэння назвала, модным тады было гэтае імя. Пасля з’яўлення дзіцяці зрабілася Вольга яшчэ больш падобная на маці сваёй апантанасцю ў працы, энергіяй ва ўсім, настырнасцю, якая часта межавала з нахабнасцю, асабліва там, дзе трэба было адстаяць сваё. О, за сваё, за адно каліва цыбулі яна магла горла перагрызці! Аўсюку, партрэт якога вісеў у трамвайным парку на Дошцы стаханаўцаў, часта было няёмка за жонку, ён спрабаваў ушчуваць яе: «Воля, нядобра гэта. Цяпер людзі гэтым не жывуць, не той час. Са мной вунь Зенчык, сакратар наш партыйны, гаварыў, каб я ў партыю рыхтаваўся…»

Але і ў гэтым — у адносінах да мужа — яна зрабілася падобная да маці. Там, на працы, у трамвайным парку, ён, можа, нават абавязаны працаваць па-стаханаўску, уступаць у прафсаюз, у партыю — куды хоча, каб не адставаў ад людзей. а тут, дома, — паўнаўладная гаспадыня яна, і рабіць будзе — што ёй падабаецца. што яна лічыць неабходным для дабрабыту сям’і, для дачкі сваёй і дзяцей, якія народзяцца, таму лепш няхай ён не замінае ёй, калі хоча, каб у хаце быў лад. Так і сказала мужу, праўда, не так груба, як казала некалі бацьку маці, больш далікатна, ласкава. але з цвёрдасцю не меншай. А ў Адама такой цвёрдасці не ставала. П’яны, ён мог даць жонцы кухталя, тыцнуць у твар кулаком і паставіць пад вокам «ліхтар», але потым, цвярозы, прасіў прабачэння, часта на каленях, дарэчы, гэта яна, Вольга, прымусіла яго яшчэ пры жыцці маці ўпасці на калені і паклясціся, што пальцам яе ніколі не кране. Клятву сваю ён хутка парушыў, але ведаў ужо, як замаліць свой грэх, як улагодзіць жонку — стаць на калені і зноў клясціся. Вользе такі «шпіктакль» падабаўся.

Месяца за паўтара да пачатку вайны Адама ўзялі на ваенныя зборы, і Вольга засталася адна з малой, не вельмі бядуючы: на гародзе ўжо ўсё пасеяна, пасаджана, ёй заставалася толькі вынасіць на рынак радыску, салату і цыбулю. Праца не цяжкая, і час цёплы — дзесяцімесячную Святланку можна было браць з сабою; так часта і прывозіла ў адной калясцы малую і радыску і пераконвалася, што дзіця нядрэнна памагае ў гандлі: інтэлігенты не праходзяць міма, каб не зацікавіцца добранькай ружовашчокай дзяўчынкай і не менш прывабнай маці, і абавязкова тады купляюць і не таргуюцца, плацяць, колькі скажаш, ды яшчэ іншы раз і рэшту не хочуць браць. Вольга ніколі не ашуквала пакупнікоў, такі быў запавет маці, але калі хто сам, загледзеўшыся на яе вочы, рабіўся шчодры — ад капеек яго не адмаўлялася, лічыла, што інтэлігенты грошы зарабляюць лёгка: іншы, акрамя пяра, цяжэйшага нічога ў рукі не бярэ ці языком перад студэнтамі паменціць — і яму сотні адвальваюць, а яна ўсю вясну лапату ды матыку з рук не выпускала, з дзіцем вымушана на рынак хадзіць, то за такую працу не грэх і лішнюю капейку ўзяць. Увогуле, самыя прыемныя для яе пакупнікі былі інтэлігентныя мужчыны, кожны з іх распальваў яе цікаўнасць: што гэта за чалавек? дзе ён робіць? З імі яна была вясёлая, тактоўная. А вось жанчын, убраных па-інтэлігенцку, не любіла, лічыла ўсіх такімі ж бабамі, як яна сама, і