Литвек - электронная библиотека >> Кузьма Чорны >> Классическая проза >> Заўтрашнi дзень >> страница 5
жа перагiбаў. Ён прычапiўся i да Антона Крамарэвiча: "А чаму ты адразу не сядзеў на зямлi, а быў немаведама дзе, а чаму твая жонка была ў калгасе, а ты i на воку тут нi ў кога не быў, а хто цябе ведае, што ты там дзе рабiў, а можа ты якiм злом там займаўся. Дык, значыцца, ты не маеш права стаць членам калгаса. Твая жонка няхай будзе, а ты не".

- Дык што ж мне з жонкай развод браць, цi што?! - устрапянуўся збянтэжаны Крамарэвiч.

- Калi ты браў яе замуж, то ты ў мяне не пытаўся. Што ж ты цяпер пытаеш! У цябе павiнна быць свая галава на плячах.

Слабавольны Антон Крамарэвiч уныў душой. Ён пачаў думаць, што дзеля якiх-небудзь, яму невядомых, а Сушчэвiчу вядомых прычын трэба, каб ён разлучыўся з жонкай. Дык жа трэба ратавацца. Самае лепшае, каб доўга не паказвацца Сушчэвiчу на вочы. Але ж трэба канчаць хату. Ужо нямнога асталося. I вось ён надумаўся: зноў з'ехаць i астацца на чыгунцы, пакуль развеецца над яго галавой хмара, а хату няхай паспрабуе канчаць жонка, няхай наймае людзей, а грошы ён падашле. Аднак жа сталася не зусiм так, як ён думаў. Праўда, хмара i сапраўды развеялася: неўзабаве i сам Сушчэвiч пра ўсё забыў. Але адной жанчыне было занадта ўжо клопатна давесцi да заканчэння i парадку новую будынiну. Яна пiсала яму аб гэтым пiсьмо за пiсьмом. Ён жа не адважыўся так адразу назад вярнуцца. "Яшчэ год цi два", - думаў ён. Да таго ж яму вельмi спадабалася новая служба на чыгунцы. Нарэшце прыйшло пiсьмо: "Хату я накрыла, каб сцены не гнiлi, а вокны i дзверы забiла дошкамi. Няхай так стаiць сабе, пакуль усё выйдзе на лад, нейк жа скончыцца пакрысе. Дзякуй Богу, жыць ёсць дзе, дождж i ў старой хаце за карак не лье". Ён прачытаў пiсьмо i аддаўся горкай задуменнасцi. Дзень пайшоў за днём i месяц за месяцам, i не тое што год, а i два, i больш прайшло. I так нейк жылося да часу. Усё чагосьцi чакалася. I дачакалася да вялiкага няшчасця. Ужо i не пайшлi пiсьмы ад яе i дзяцей, i невядома стала, цi хаця жывыя яны асталiся.

Праз тую станцыю, дзе служыў Антон Крамарэвiч, прайшлi апошнiя цягнiкi, i немцы былi ўжо зусiм блiзка. Не тое што ад кананады, усё траслося i рвалася ад частых налётаў нямецкай авiяцыi, але ўжо i нямецкiя танкi падышлi былi да самай станцыi i зноў знiклi. Антон Крамарэвiч разам з усiмi, з кiм ён жыў i працаваў тут доўгi час, быў у знiшчальным атрадзе, якi затрымлiваў падазроных асоб, капаў супрацьтанкавыя равы, узводзiў насыпы, забiваў надаўбы, спаткаў быў нямецкiя танкi стральбой i гранатамi. I многа тут яшчэ было работы гэтаму атраду. Але яшчэ няясна было: цi астанецца атрад тут, як прыйдуць немцы. Падыходзiў апошнi момант. А на станцыi аставалiся яшчэ таварныя вагоны, цэлы эшалон. Гэта быў таварны цягнiк, у паравоз якога трапiла бомба i ранiла машынiста. Начальнiк станцыi выбраў з усiх Антона Крамарэвiча: ён ведаў, што Крамарэвiч такi чалавек, што калi ў яго не хопiць пачуцця абавязкаў давесцi справу да канца, то таксама не хопiць i смеласцi не давесцi яе да канца. Антон Крамарэвiч увесь час, некалькi гадзiн, стаяў на паравозе пры раненым машынiсце. Машынiст быў забiнтован па твары, плячах i жываце i сядзеў на высокiм табурэце. Крамарэвiч стаяў пры iм i то даваў яму пiць, то рабiў тое, што казаў яму машынiст. Без агнёў i цiхiм ходам яны адводзiлi цягнiк у тыл. Але паравоз быў сапсаваны бамбардзiроўкай, i язда была такая марудная, а нямецкiя самалёты шукалi сабе спажывы так часта, што цяжка было гнаць ад сябе безнадзейнасць. Ехалi, цi, праўдзiвей сказаць, паўзлi ўсю ноч i ранiцу i тады, калi сонца рушыла на поўдзень. Тут якраз i здарылася тое, што вырашыла далейшыя Крамарэвiчавы паводзiны: немец зверху заўважыў цягнiк i стаў над iм кружыцца. Машынiст спынiўся. Трэба думаць, што немец пачаў трацiць цягнiк са сваiх вачэй i, можа быць, каб зусiм не згубiць яго для сябе, ён бадай што на ўсялякi выпадак скiнуў увесь груз сваiх бомбаў. Гэты страшны пачастунак упаў так блiзка ад цягнiка, што паравоз i пярэднiя чатыры вагоны ўздрыганулiся, зрушылiся набок, пагнулiся i сталi нягоднымi для далейшага руху. Машынiста i Крамарэвiча выкiнула з паравоза. Крамарэвiч ачомаўся праз некалькi гадзiн, i не так сабе, а ад артылерыйскай кананады. Немцы абстрэльвалi гэтую мясцовасць з гармат. Усюды ўзнiмалiся ўзрывы. Пыл з дымам раз'ядаў вочы i грудзi. Крамарэвiч хацеў прыўзняцца i адчуў, што ранен у грудзi. Кроў закарэла i пакiнула iсцi. Уночы свяцiў месяц. Крамарэвiч хацеў стаць на ногi i ўпаў у непрытомнасць. Вельмi можа быць, што жудасны холад, якi можа быў i ад хворасцi, вярнуў яго да памяцi. Ён калацiўся з холаду i не ведаў, колькi часу ён так праляжаў. Заходзiла сонца, i зямля была мокрая, мусiць, нядаўна прайшоў дождж. З нечалавечай натугай Крамарэвiч усё ж такi падняўся на ногi i паспрабаваў паволi iсцi. Яго вадзiла ўбакi, i ў вачах стаялi чорныя кругi. Сам не ведаючы куды, ён усё iшоў, растапырыўшы рукi, быццам мацаючы паветра i трымаючыся за яго. Разышоўшыся, ён аднак жа пайшоў лягчэй. Ён садзiўся i лажыўся на зямлю i зноў iшоў. У адным месцы, дзе чарнелiся кусты i дрэвы, ён чуў зусiм блiзка ад сябе нямецкую гаворку i ледзьве мог схапiць грудзьмi паветра. На рассвiтаннi ён бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкiх танкаў. Ён лёг пад куст палявога быльнягу i не варушыўся. I нiколi так моцна, як у гэтыя моманты, не ныла яго душа па Алесi, Ганцы, Толю i ёй, добрай яго жонцы, такой блiзкай i роднай жанчыне. I па тым кутку пры лесе, дзе сэрца многа знаходзiла цiхай радасцi i дзе ўцеха з малога была лепш за радасць з вялiкага. Пераляжаўшы так многа гадзiн, ён зноў пайшоў. Ужо ён быў слабы i ад раны, i ад голаду. Многа сiлы адабрала i ўся гэтая валтузня. Ён ведаў адно. Па ўсёй мясцовасцi панавалi ўжо немцы, а мясцовасць была незнаёмая. Яшчэ праз паўсутак ён дацягнуўся да нейкай дробнай вёсачкi, дапаў да скошанай i прывялай травы каля частакола з рассунутымi прутамi. Бязвусы, босы i ў чорнай рубашцы без падпяразкi чалавек угледзеў яго i разгаварыўся з iм. Ён паспагадаў яму ў няшчасцi i паклаў на леташнюю салому ў сваёй пунi. Кожны дзень ён прыносiў яму два разы хлеб i малако, i так пайшоў тыдзень за тыднем. Адно што душа была не на месцы, а так усё iшло добра. Хоць паволi, марудна, як свiтанне ўвосень, але варочалася здароўе, а значыцца, у чалавека i надзеi ажывалi. Антон Крамарэвiч, ужо ўвосень, упершыню выйшаў з пунi, ахоплены одумам, што яму цяпер рабiць. Гаспадар яго быў чалавек цiхi i баяўся немцаў. Ён распытваў па людзях, што дзе чуваць, а пасля падоўгу сядзеў з Крамарэвiчам, i яны раiлiся i думалi, як далей трымацца i цi трэба Крамарэвiчу падавацца цяпер у свой раён, дзе аставалiся жонка i дзецi. Хадзiлi аднак жа чуткi, што ў тым раёне, далёкiм адгэтуль, многа нямецкага войска, i там людзi забiлi трох гiтлераўскiх афiцэраў, i карны атрад там даўно ўжо, i няма як туды паткнуцца. Вельмi можа быць, што Крамарэвiч занадта рана падняўся з саломы i не вылежаў хваробы да канца. Бо праз невялiкi час рана адкрылася i