Литвек - электронная библиотека >> Ала Сямёнава >> Современная проза и др. >> Слова сапраўднага лад >> страница 3
адцягненыя разважанні: грунтавыя воды, эрозія, карозія. Спрацоўваў той самы трывалы стэрэатып — браць у прыроды. не дзеля забавы ж — дзеля людзей. Іх дабрабыту.

Памылкі такія — у маштабах дзяржаўных — дорага каштуюць. І робяць іх героі зусім не адмоўныя. Станоўчыя? Так, як быццам — калі глядзець на асобу Мацвея Роўды з боку чыста этычнага. Пра людзей дбае, не пра ўласную карысць. Усім сэрцам любіць Палессе, родную вёску. Чалавек ён актыўнага, сацыяльна значнага дзеяння. Але ж як паглядзець на ляноту яго думкі? На жорсткую цану яго ўчынкаў?

Тут, трэба сказаць, героі «ваеннай» прозы звычайна набываюць перавагу. На вайне абставіны не прымаюць ні кампрамісу, ні нейтралітэту. Учынак у канкрэтнай сітуацыі выяўляе сутнасць чалавека. На вайне надзвычай ясная першапачатковая сутнасць канфлікту. Вораг — гэта вораг, здрада — гэта здрада. Першы крок да здрады — ён па сутнасці выключае магчымасць звароту. Ісціна відавочная. Учынак у канкрэтнай сітуацыі выяўляе сутнасць чалавека. Станоўчую ці адмоўную. Прычым выпрабаванне заўсёды за межамі побытавых эмоцый, наяўнае імкненне да гранічнай этычнай яснасці, да вырашэння найцяжэйшых супрацьлегласцей. Дарэчы, у творах «ваеннай» прозы апошняга часу змяніўся ракурс праблем, але засталася нязменнай духоўная сутнасць героя. Выяўляецца ўсё антымяшчанскае (згадаем гандлярку Шамякіна), надасабістае, усё, што можа ўзняць чалавека і ўзвысіць яго над самім сабой. І ў чым яшчэ найвялікшая сіла прыцягнення герояў ваеннай пары — гэта самыя звычайныя людзі, кожны можа суаднесці іх з самім сабой. Хаця б тая ж Сцепаніда са «Знака бяды». Яна ўсёй сістэмай сваіх жыццёвых дзеянняў увасабляе лепшае, па што здольны чалавек. Звычайны рэальны чалавек. Вывяраюць свае духоўныя сілы героі раманаў І. Чыгрынава. Знікаюць прыватныя вымярэнні. Пашыраюцца далягляды ўсведамлення. Думае селянін Парфён Вяршкоў пра лёс свайго народа, пра тых, хто да яго жыў на гэтай зямлі, пра тое, што давала сілы людзям, калі прыходзіў вораг. Думае пра тое, чым моцны яго народ. Асабліва востра адчувае сябе часцінкай народа Зазыба, адчувае асабістую адказнасць за лёс яго і за лёс сваіх аднавяскоўцаў. Ставяць сваё «я» ў суадносіны з гістарычным момантам героі І. Навуменкі і А. Марціновіча.

Што важна і пераканаўча, у залежнасці, зразумела, ад мастацкай выхаванасці: аўтары ідуць не, ад абстрактных разважанняў, не ад кніжных эксперыментаў — ад праўды жыцця. У тым ліку і А. Адамовіч, хаця ён дэкларуе хаду сваёй думкі не ў выглядзе сцвярджэння, у выглядзе адмаўлення (калі мець на ўвазе «Карнікаў»), адмаўлення страснага, жорстка арыентаванага на захаванне гуманістычных ідэалаў.

Героіка часу стварае гераічныя характары. Ці антыгерояў. Адкрытых. Ярка выяўленых. А вось галоўны герой шамякінскага рамана «Атланты і карыятыды» Максім Карнач і па натуры і па характару канфлікту — змагар, але сама па сабе прырода канфлікту тут, зразумела, іншая, чымсьці ў ваеннай прозе. Дылем на тую пару быць не магло. А тут перад Карпачом нармальныя савецкія работнікі. Тое, што сярод іх ёсць і чынушы, і бюракраты,— трэба давесці. І не заўсёды шляхам логікі. Канфлікт расцягваецца ў часе, бывае, што і на гады, імпульс — самазахавання, ці што?— спрацоўвае і ў карысць кампрамісаў. Але дзеля чаго кампрамісы? Які вынік іх сацыяльнай і чалавечай вартасці?

Сацыяльная і грамадзянская прырода кампрамісаў розная. Як розная мэта, дзеля чаго на іх ідуць. Скажам, заключэнне Брэсцкага міру (раман «Петраград — Брэст») — таксама кампраміс. Але кампраміс гістарычна неабходны. Дзеля захавання дасягненняў рэвалюцыі. Гэтага кампрамісу вымагалі і стратэгія і тактыка рэвалюцыі. Канечне, галоўны герой, які дзейнічае ў рамане, роўны гераічнаму часу, герой, што пазначыў сваім з'яўленнем цэлую эпоху ў гісторыі,— У. І. Ленін. Але геній, як вядома,— з'ява выключная. І выключныя падзеі, пра якія ідзе размова. Не проста экстрэмальны момант, момант, калі ствараецца гісторыя.

Кампрамісы ж Карнача — іншага сацыяльнага парадку — не вымагаюцца нейкай высокай мэтай. Гэта ўступкі самому сабе, сваім этычным, маральным высновам. Прыватныя палягчэнні; якія не падрываюць яго асноўных прынцыпаў. Не кампраметуюць іх, гэтыя прынцыпы, але драбняць асобу Карнача. Як чалавека і як грамадзяніна. Важна, аднак, што мы ўвесь час адчуваем канкрэтную сацыяльную, партыйную пазіцыю пісьменніка, які ідзе ад рэальнай рэчаіснасці. І спрабуе паставіць значныя праблемы, паказаўшы, як шкодзіць важнай справе і чалавечай годнасці нават часовае, нават у прыватным — прымірэнства. Паказвае — не між іншым — і тое, як складана быць непахісна непрымірымым чалавеку на адказнай пасадзе — столькі службовых і функцыянальных сувязей, столькі няпростых псіхалагічных сфер. Столькі супярэчнасцей і процілегласцей выдае неасабістае і асабістае жыццё. Але паказвае — і як гэта важна. Для ўсіх. Як важны яго светапогляд, яго культурны, этычны і псіхалагічны ўзровень. Як і ў таго ж Мацвея Роўды. Нешта ж у яго цэльнай, дзейснай натуры не спрацавала. Калі вырашаліся метады меліярацыі. Бо меліярацыя ж — не асушэнне балот, як часам гэта ўспрымаецца на ўзроўні побытавага разумення. Меліярацыя, нават паводле элементарнага тлумачэння слоўніка,— паляпшэнне, карэннае паляпшэнне зямель для сельскагаспадарчага карыстання шляхам асушэння балот, узмацнення сыпучых пяскоў, штучнага арашэння, дрэванасаджэнняў, наладжвання сажалак і вадаёмаў.

Вось тут і адыграла сваю ролю ўсё. І светапогляд — у першую пару вузкапрагматычны: даць хлеб. Сёння. Пра заўтра думалася, толькі катэгорыямі сённяшняга дня. І недахоп агульнай і прафесійнай культуры — развагі гідрагеолагаў успрымаліся не як канкрэтная дзелавая размова, а як адцягненыя разважанні пра далёкае, малаістотнае. І скіраваны на тое, што здавалася больш блізкім, этычны слых. Нахрапісты напор Шахрая. Маўляў, што там размазваць словы. Крышы, ламі, давай. Недахоп канкрэтных ведаў, непаслядоўнасць этычная — і вось яны, вынікі. У эпоху НТР гнасеалагічнае і этычнае непарыўна звязваюцца.

Хаця — быць паслядоўным няпроста на любой пасадзе. Разумеючы як сваю жыццёвую выснову заўсёды рабіць да знясільвання — апынаецца на бальнічным ложку Алімпіяда І. Пташнікава. Губляе спачатку пасаду калгаснага брыгадзіра (яго выпраўляюць на пенсію), а потым ахвяруе і ўласным жыццём непрымірымы Сцяпан Дзямідчык з аповесці. А. Жука «Паляванне па Апошняга Жураўля». Сцяпан Дзямідчык вельмі востра адчувае свой доўг і свой абавязак — быць гаспадаром па зямлі. І ў высокім значэнні гэтага слова, і ў рэальным, канкрэтным. Яго хвалюе ўсё, што адбываецца ў калгасе. І ён не вагаючыся адстойвае свае прынцыпы. І прынцыпы нашага жыцця. З пункту погляду