Литвек - электронная библиотека >> Віктар Шніп >> Современная проза и др. >> Пугачоўскі цырульнік >> страница 2

Прыгажосць — страшэнная сіла

2.06.2009. Вечарам з працы вяртаюся дахаты. На маёй лесвічнай пляцоўцы маладая прыгожая незнаёмая жанчына з дзяўчынкай школьніцай звяртаецца да мяне: «Мы ключы забыліся! Не можам у кватэру зайсці. Муж у камандзіроўцы. Дапамажыце ўзламаць дзверы». Доўга не думаючы, бяру з дому манціроўку і выходжу на лесвічную пляцоўку. Спрабую ўзламаць дзверы. На грукат­стукат з’яўляецца сусед Дзіма, які, убачыўшы мяне за працай, забірае манціроўку і пачынае з такім азвярэннем ламаць дзверы, што аж трэскі лятуць ува ўсе бакі. Крыху аддыхаўшыся, лаўлю сябе на пытанні: «Адкуль гэта раптам узялася ў нас новая суседка? Яе пару дзён назад не было! А што, калі гэта нейкая аферыстка? Мы ўзламаем дзверы, а яна вынясе з чужой кватэры ўсё, што зможа...» Уважліва агледзеўшы незнаёмку з галавы да ног, звяртаюся да Дзімы: «Канчай ламаць!» А Дзіма, нібыта мяне не чуе, працягвае штурм кватэры, бо незнаёмка, пачуўшы мяне, сказала: «Чым хутчэй узламаеце, тым больш заплачу!» Кончылася ўсё тым, што я адабраў у Дзімы манціроўку і прапанаваў незнаёмцы выклікаць майстра па ўскрыцці дзвярэй. Майстра прыехаў праз паўгадзіны, а я за гэты час даведаўся, што сапраўды ў нас два дні таму з’явіліся новыя суседзі...


Калі паэт, то сядзі...

4.06.2009. У гэтым годзе Васілю Быкаву было б 85... Успомнілася мая першая сустрэча з вялікім пісьменнікам. Гэта было на святкаванні трыццацігоддзя часопіса «Маладосць» у 1983 годзе. Я тады быў зусім маладым, і мяне рэдакцыя запрасіла выступіць ад імя ўсёй літаратурнай моладзі. Святкаванне праходзіла ў Доме літаратара. Я прыйшоў загадзя і мяне, каб не блытаўся сярод гасцей і наогул каб не ўцёк, Леанід Дайнека адвёў у кабінет літкансультантаў, дзе ўжо сядзеў Васіль Быкаў, якога я адразу пазнаў. Сказаўшы «Добры дзень», я сеў на вольнае крэсла. Васіль Уладзіміравіч, агледзеўшы мяне, грозна запытаўся: «Хто ты такі?!» — «Паэт. Віктар Шніп...» — нясмела адказаў я. «Ну, калі паэт, то сядзі!» — весялей сказаў Васіль Быкаў і пачаў распытвацца, адкуль я, хто мае бацькі, чым займаюся...


* * *


4.06.2009. У мяне ў кабінеце на сцяне партрэты Льва Сапегі і Васіля Цяпінскага. Гляджу на іх, як у вокны, за якімі спыніўся мінулы час, каб напамінаць нам, з чаго пачыналася нашае Сёння...


Жамойцін і Бембель

5.06.2009. Рыхтуем да друку кнігу «Смаргоншчына літаратурная». Сярод аўтараў — Алесь Жамойцін. На сённяшні дзень мала хто яго ведае, і ён зусім не ўспамінаецца ў абоймах творцаў, на якіх «трымаецца зруб сучаснай беларускай літаратуры». А гадоў дваццаць пяць таму пра першую кніжку Алеся пісаў і прарочыў яму вялікую літаратурную будучыню Ніл Гілевіч. Даўным­даўно паэт жыве ў Кушлянах і працуе ў Музеі Францішка Багушэвіча. Для мяне сваім служэннем Беларусі Алесь Жамойцін падобны да Алега Бембеля, які пайшоў у Жыровіцкі манастыр, каб служыць Богу...

Сядзіба Каганца і Апалінэра

6.06.2009. Дзяржынскі раён. Вёска Вялікія Навасёлкі. Сюды мяне з жонкай прывёз сябра Барыс, каб паглядзець на рэшткі палаца, пра які ён вычытаў у кнізе, прысвечанай Мінскай вобласці. Вёска сапраўды вялікая. У ёй шмат дрэў, зелянее старадаўні парк, на ўскрайку якога мы і знайшлі двухпавярховы з чырвонай цэглы палац, у якім замест падлогі крапіва. Па ўсім бачна, што яшчэ гадоў дваццаць таму на ім была страха. І, калі б у Навасёлках было талковае начальства, то не былі б побач збудаваны два шэрыя будынкі, у якіх размясціліся пошта і крама, а ўсё гэта магло быць у палацы. У глыбіні парку захаваўся стары панскі маёнтак, у якім пасля вайны быў дзіцячы дом, а цяпер — бальніца. Выязджаючы з вёскі, каля дарогі сярод дрэў і кустоў заўважылі чорны крыж. На жаль, не спыніліся і не паглядзелі, хто там пахаваны. Ужо ў Мінску нам патэлефанаваў сябра і сказаў, што ў Вялікіх Навасёлках мы бачылі спадчынную сядзібу старадаўняга шляхецкага роду Кастравіцкіх, які даў Беларусі пісьменніка Каруся Каганца, а Францыі — Гіёма Апалінэра…


Ад нас застануцца не нашы пасады

8.06.2009. «Ты харошы паэт. Але ў цябе няма патрэбнай для вялікага паэта біяграфіі...» — кажа мне знаёмы літаратар, які, мяркуючы па тоне размовы, лічыць, што ў яго патрэбная біяграфія ёсць. «І якой жа біяграфіі ў мяне няма?» — цікаўлюся, хоць і ведаю, што суразмоўца мае на ўвазе. «У цябе ўсё добра ў сям’і. Ты не п’янствуеш. Ты спакойны. Ты займаеш пасады. Ты часта друкуешся. Табе ўзнагароды даюць...» — пералічвае літаратар. Я пагаджаюся з ім і маўчу пра тое, што пасля заканчэння архітэктурна­будаўнічага тэхнікума не забраў дакументы, каб не пайсці працаваць. І не пайшоў, а сем гадоў жыў у Мінску без прапіскі, час ад часу па ўжо несапраўдным студэнцкім білеце ўладкоўваючыся грузчыкам на лікёра­гарэлачны завод «Крышталь». Ніколі не быў у камсамоле. Не служыў у войску, бо тры гады не маглі мяне адшукаць, а калі знайшлі, то знайшоўся ў абласным ваенкамаце чалавек, які, запытаўшыся, ці хачу я служыць, і пачуўшы маё «не», сказаў: «Добра. Ідзі пішы вершы...» І я пайшоў далей біць лынды па Мінску і пісаць вершы... І сёння, азіраючыся ў сваё мінулае, я нікому не зычу таго, што мне давялося перажыць з 1978 па 1985 год... І не трэба мне «патрэбнай для вялікага паэта біяграфіі», а тым больш што «ад нас застануцца не нашы пасады...»


Крызіс і перабудова

8.06.2009. Сустрэў пісьменніцу Ніну Загорскую. На яе пытанне пра жыццё адказаў: «Усё было б добра, калі б не сусветны фінансавы крызіс». Ніна Сямёнаўна тут жа сказала: «Гэты крызіс прыдумалі тыя ж людзі, якія ў свой час прыдумалі перабудову...»


У дзяцінстве і цяпер

8.06.2009. З паэтам Глебам Артханавым успамінаем пра дзяцінства. «Яшчэ зусім нядаўна ў Свіслачы можна было купацца...» — кажа мой суразмоўца. А я дадаю: «А цяпер там толькі тонуць...»


Агуркі і яблыкі па пяць капеек

9.06.2009. У выдавецтва тэлефануюць не толькі пішучыя людзі, каб запытацца, калі можна прынесці рукапіс ці «чаму мяне не выдаеце, а друкуеце ўсякіх графаманаў», а часам і чытачы, каб проста пагаварыць. Вось і сёння патэлефанаваў чытач: «Можна з вамі пагаварыць?» — «Можна»,— адказваю я. І чалавек пачынае свой маналог: «Я палкоўнік у адстаўцы. У Мінску жыву дваццаць два гады. Выбар быў, дзе пасля службы застацца: Адэса ці Мінск. Жонка настаяла, каб паехаць жыць у Беларусь, бо ў вас жывуць спакойныя людзі. І я цяпер не шкадую. Пенсія ў мяне 900 тысяч. Суседзі пытаюцца: «За што табе такая пенсія?» За тое, што на месцы не сядзеў, а да пенсіі жыў, куды пашлюць. У маім пяціпавярховым доме ў пад’ездзе працуе толькі адзін мужчына, а ўсе астатнія п’юць. Бяда! Калі я служыў у Адэсе, у мяне быў «Жыгуль». Я на ім па пляжы ездзіў. Следам дзеўкі бегалі. Красата! Жыць тады можна было. Яблыкі і агуркі былі па пяць капеек! Вы памятаеце?» — «Не памятаю...» — адказваю я і кладу