Литвек - электронная библиотека >> Уладзімер Глыбінны >> Современная проза >> На сьвятой зямлі
Уладзімер Глыбінны
НА СЬВЯТОЙ ЗЯМЛІ

УСТУП


З княжага Полацку ў сьвяты град

«...Пріими дух мой от мене во святем граде Твоем Іерусаліме, пресели мя в Вышній град Твой Іерусалим. Покой мя на лоне 

Патриарха Авраама со всеми угождшими те, аминь». 

З малітвы Сьв. Еўфрасіні Полацкай 


Калі дванаццацігадовую полацкую князёўну Прадславу ахінула раскоша Сьвятога Духа і падказала ёй ісьці ў манастыр, ніякія спакусы дабротаў сьвецкага жыцьця ня спынілі навагі прыняць пастрыжэньне. Колькі ні галасіла ейная маці і як ні стараўся пераканаць яе ў перавазе людзкога жыцьця ейны бацька - князь Юры Сьвятаслаў Усяславіч, як ні спакушалі яе багатыя, знаныя жаніхі з князёўскіх родаў, і як, нарэшце ні стараліся ўзьдзеіць на яе родныя дзядзькі, не скарылася маладая князёўна. Голас Божы ў ёй выявіўся мацнейшым і непераадольным перад абліччам абы якіх спакусаў. І вось унучка славутага Полацкага князя-волата Ўсяслава становіцца манахіняй Еўфрасініяй, каб служыць Божай справе, будаваць манастыры, шырыць духовае слова, перапісваючы кнігі, малюючы абразы, вышываючы рызы, упрыгожваючы мастацкімі каштоўнасьцямі крыжы, выхоўваючы манашак у пашане і любові да Бога, дапамагаючы бедным. Пад ейным кіраўніцтвам прынялі пастрыжэньне родная сястра Гардыслава (Аўдакія), стрыечная сястра Звеніслава (Еўпраксія), пасьля дзьве пляменьніцы, Агафія і Еўфімія. А на схіле свайго жыцьця Сьв. Еўфрасінія знайшла ў сабе досыць сілы, каб разам з сястрою Еўпраксіяй і братам Давідам паехаць у сьвятыя месцы Палестынскія. Наведала Канстантынопаль, Сабор Сьв. Сафіі і іншыя цэрквы, прыняла багаславеньне патрыярха. На Сьвятой Зямлі колькі разоў пакланілася Гробу Гасподняму, паставіла там залатую кадзільніцу і прасіла Госпада Бога ў маліцьве, каб спадобіў яе адыйсьці ў лепшы сьвет у Сьвятым горадзе. Праз 24 дні пасьля занядужаньня аддала дух Богу 23 траўня 1167 г. і была пахована ў Палестынскім манастыры Феадосія. У 1186 г. мошчы Сьв. Еўфрасініі былі перавезены ў Кіеў, адкуль у 1910 г. былі пераненесеныя ў родны горад Полацак.

Летапісцы княжага града Полацка адзначаюць асаблівую славу тога места, што ўзгадаваў такую слаўную дачку, «нявесту Хрыстову», прападобную Сьв. Еўфрасінію Полацкую. Ейны шлях з княжага Полацку ў далёкую Сьвятую Зямлю і Сьвяты град Ерусалім заўсёды быў і будзе на векі вечныя пуцяводнай зоркай для ўсіх тых, хто прагне адведаць пакутную радзіму Хрыста. Э гэтай думкай не разлучаўся і наш беларускі паломнік, які пасьля 799 гадоў пасьля Сьв. Еўфрасініі прайшоўся ейнымі шляхамі па гарачай Палестынскай зямлі ў пошуках тае-ж духовае і жыватворчае вады, што вадзіла і водзіць ці аднаго паломніка з усяго сьвету да Хрыстовае крыніцы.

І. У дарозе праз ярдань...


«Дожджык, дожджык, перастань!

Я паеду на Ярдань...»

(З песьні)


Усевалад Ціхановіч усю ночную дарогу праз акіян, Францыю, Італію ды Сяродземнае мора ніяк ня мог дайсьці да спакою. На ўсходзе далягляд заружавеў нечакана рана, і вочы мімавольна цягнуліся пасалавелым позіркам да самалётнага вакна, пад вузенькай проламкай якога пераліваліся на ўсе лады й адценьні нязвычна зыркія, да болю ў зрэнках праменьні раньняга, яшчэ поўнага белаты, сонца. А яно раптам пачало ўсё больш настырліва і рашуча наступаць з усходу. Тае начы нібыта й ня было. У дрыготкім гуле неяк неўзаважна прабеглі гадзіны ночнае рупнасьці. Неўспадзеўкі морак пачаў таяць і каля Ўсевалада. Адылі, нат прыпаўшы да празрыстае шыбіны і любуючыся то бялявымі хмарынкамі, якія суцэльнай коўдраю ўсьцілалі акіян унізе і тварылі ўражаньне нябеснага скляпеньня пад самалётам, то жмурачыся ад сьвітальнага заранку, ён ня мог вызваліцца ад глыбокага ўтрапеньня, якое ім уладала скрозь. Ніякая пярэстасьць і нязвыкласьць уражаньняў не магла адцягнуць яго ад тае галоўнае думкі, што сьвідравала голаў і будзіла трапятаньне ўсхваляванае душы. Мроі пераносілі яго з прасьцягаў акіяну, пазьней з прастораў францускіх палёў, што набягалі зелянінай дуброваў і жаўцізною пшанічных палетак, а далей ад італьянскіх дбайна высаджаных садоў і панатыканых уздоўж узьбярэжжа каменных глыбаў-гарадоў, туды... куды ён цяпер ляцеў пасьля столькіх год мараў, плянаў, меркаваньняў, трызьненьняў. У думках і ўявах ён ужо даўно, ад пачатку рыхтаваньняў быў там, куды цяпер высака ў паднябесьсі нёс яго гэты ракетны лятун.

Сьвятая Зямля!.. О, як яму жадалася хутчай адчуць пад падэшвамі гарачыню распаленага пяску, па якім хадзіў Вялікі Збаўца, сваімі вачыма навечна занатаваць у памяці так добра ведамыя з Сьвятога Пісьма, дарагія сэрцу мясьціны! Прадчуваньне блізкімі іх пачалося ўжо ў Сірыйскай пустыні, калі за вокнамі тралейбуса, што на ўсю хуткасьць нёс паломнікаў на поўдзень ад Дамаска да Ерусаліму, навыперадкі беглі бясконцыя палі чорнага каменьня ды занядбанага людзьмі парыжэлага пяску. Перад зьмярканьнем, калі дзённая гарачыня раптам пачала зьнікаць пад павевам прахалоды, а тралейбус сунуўся ўздоўж даліны з першымі адзнакамі пажоўклай зеляніны, было абвешчана, што падарожныя ўжо на запаветнай Палестынскай Зямлі. Недзе ў перадгор'і час-часам пабліскавала істужка далёкай рачулкі. Яна то зьнікала за горамі зыбучага пяску, то зноў раптоўна зіхацела няроўнай цененькай палоскай на даляглядзе. І раптам, зусім нячакана, ужо ў непрагляднай цямноце аўтобус запыніўся адразу за мостам на высокім насыпу.

- Рака Ярдань! - пранеслася ад аднаго да другога шапатлівым голасам уразьлівая навіна.

- Сьвятая Ярдань! - ураз адгукнулася маланкай у сьведамасьці кажнага паломніка. І кажны навыперадкі подбегам стараўся хутчэй апынуцца на беразе каля струменю, якім калісьці амываўся ў духовай раскошы наш Вучыцель. Паломнікі пачалі згружвацца на ўсхонным каменным беразе, які якраз каля мосту тварыў досьць шырокую пляцоўку. Кажны пільна ўзіраўся ў таямнічы бляск віратлівага невялікага струменю ўнізе, цікаваў водбліскі ўзыходзячага маладзіка ў ім і з нявыказным трапятаньнем сэрца ўслухоўваўся ў ягонае ціхае, поўнае таёмнага сэнсу, вуркатаньне. Неўзабаве Ўладыка, суправаджаны колькімі сьвятарамі-паломнікамі, распачаў маленьне. Аб'яднаныя паломніцкім энтузіязмам галасы ўскаланулі прастору. Гулкае рэха далёка ў горы і пустыні панесла словы малітваў, поўных чалавечага смутку і болю за таго, чыім імем на векі вечныя стаўся слаўным і набыў незгасальнае сымбалічнае сілы гэты выток жывое вады сярод няжывой, здавалася-б, спаленай дашчэнту, пустыні. І доўга-доўга ночную цішыню пустыні, што аддавала цяпер назапашанае за доўгі ліпеньскі гарачы дзень цяпло бяздоннай нябеснай сіні, разрывала гучна-вымоўная слава