Литвек - электронная библиотека >> Павел Андреевич Мисько >> Детские приключения >> Эрпіды на планеце Зямля

1


Ці было калі-небудзь з вамі такое? Захочацца чагосьці моцна-моцна, аж не выцерпець, а яно і збываецца. Як у казцы! Ды не проста збываецца, а наробіцца ўсяго ў сто разоў больш за самыя смелыя пажаданні.

Такое здарылася з Ванем Гардзеем. Гардзей - яго прозвішча, хоць і гучыць як імя ці мянушка якога ганарліўца. А Ванеў дзед завецца Гардзей Гардзей - дзе імя, дзе прозвішча? Паспрабуй разбярыся. Вяскоўцы таму і завуць дзеда Двайны Гардзей.

Дык вось... Устаў сёння Двайны Гардзей на досвітку, выйшаў на двор паглядзець на ўсход. Ці ружавеецца там? Ці добрая будзе пагода? Прыкідваў, як лепш адзецца ў лес - збіраўся ісці ў грыбы. А пагода абяцалася добрая, ніводзін лісток не шалахцеў. І ціха яшчэ было, толькі дзесьці гула машына ды кукарэкаў бесталковы Галабродзькаў певень. Крычаў не ў пару, бо ўсе пеўні даўно ўжо адспявалі па трэцім разе.

Дык вось, любуецца дзед Гардзей усходам і раптам бачыць, як з ружовасці выяснілася імклівая палоска, чыркнула-бліснула па цёмным паўночным баку неба, выбухнула агнём над Партызанскім лесам і патухла. І гук пачуўся, нібы хто страсянуў у паветры цупкаю палатнінаю, а потым яшчэ і гром бабахнуў, толькі рэха пайшло - «Ах, ах, ах!»

Зайшоў дзед у хату і аб'явіў:

- Метэарыт на лес упаў.

- Ну-у?! - усхапіўся з пасцелі Лёня, большы Ванеў брат. А ўжо ад яго крыку і Ваня прачнуўся:

- Калі-і?! Не можа быць!

- Можа. Толькі што... - спакойна сказаў дзед. - Ідзі, Аляксей Гардзеевіч, я падмяню, - звярнуўся ён да сына, забраў з яго рук апалонік і пачаў сам наліваць на скавараду блінец. Гэта ў сям'і Гардзеяў як рытуал: цеста на блінцы размешвала маці, некалькі штук выпякала для сябе і бегла на ферму. Яна даяркаю працуе ў калгасе, клопату ў яе шмат. Блінную эстафету прымае бацька, пячэ заадно і сала на скаварадзе, бо са смятанаю не любіць. Хуценька снедае і кіруе на калгасны двор. Там стаіць яго трактар, чакае работа. Да каструлі з цестам прыступае дзед, ён пячэ для сябе і для Лёні - старшакласнікі ходзяць у школу на першую змену. Калі Ваня затрымаецца ў пасцелі - яму ісці ў другую змену, - то потым пячэ блінцы сам сабе. Усе любяць, каб былі яны свежанькія і гарачыя.

- Дзеду, дай чэснае слова! Ты не выдумаў пра метэарыт? - затузаў Ваня дзеда за руку.

- Ну вось яшчэ... Не верыш - правер. Можа, нават балід, а не метэарыт, бухнула ў тым баку моцна. - Дзед быў не які-небудзь старасвецкі, а сучасны начытаны дзед.

- Мы ўсім класам прачэшам лес, толькі дай больш дакладныя каардынаты, - тузаў яго Лёня з другога боку. Любіў ён замежныя словы.

- Калі агонь бліснуў, то мог і лес загарэцца. Заскочу ў праўленне, лесніку пазваню, хай праверыць, - сказаў бацька і ступіў за парог.

- Нябесныя з'явы - штукі падманлівыя, - сказаў дзед. - Думаеш, далёка ўсё было, а яно блізка; думаеш, блізка, а яно - у космасе. Адно магу сказаць: якраз на поўначы была тая ўспышка.

Ваня памыўся похапкам, сеў за стол разам з Лёнем. Не падабалася яму, што ўсе гэтак зацікавіліся тым метэарытам. Еў як не сваім ротам, бо галава ўжо была забіта думкамі. «Няўжо, і праўда, метэарыт?! Няўжо і ў нас такое дзіва здарылася? От бы мне знайсці яго, прывалачы ў школу!» Забыў Ваня начыста, што ўчора недарабіў урокаў: трэба яшчэ дарашаць слупок прыкладаў па матэматыцы, давучыць верш. «Метэарытам назвы даюць... Як наш назавуць? «Клінцаўскае дзіва?» Вёску ж нашу Клінцы завуць... А калі я знайду яго? «Метэарыт Івана Гардзея?» Хаця б Лёня адразу не завярнуў у лес... Не, яму часу не будзе, на ўрокі спозніцца. А от дзед - можа. Нібыта ў грыбы пойдзе, а сам туды - шморг! Ён жа лепш ведае, дзе ўпаў, нам знарок не гаворыць...»

Ужо і Лёня схапіў сумку з кнігамі і сшыткамі, знік за дзвярыма, ужо і дзед мітусліва забегаў па хаце, выбіраючы, у што лепш абуцца-адзецца, каб і цёпла было, і ходка. Спяшаўся дзед, усё даваў апошнія ўказанні Ваню. А той не чуў, пра што гаварыў дзед, у яго ў галаве адно было - метэарыт.

- Добра, добра... - адказаў неўпапад на дзедавы распараджэнні.


2


Гэтае «Добра, добра...» ён яшчэ не раз паўтараў, ідучы назіркам за дзедам. Вельмі не набліжаўся, каб дзед не пазнаў, хто за ім шыбуе. Але і не адставаў, каб не згубіць з вачэй. Дзед не азіраўся, толькі Жучок некалькі разоў спыняўся і глядзеў у бок Вані. І, мабыць, не пазнаваў, бо не пёр да яго, віляючы хвастом. А мо сабака парашыў, што сёння з дзедам будзе цікавей?

Цяжару партфеля з кнігамі і сшыткамі Ваня спачатку не адчуваў. Не чуў ад хвалявання і зямлі пад нагамі. «Спяць яшчэ лайдакі... - думаў пра сябрукоў. - Хай спяць, хэ-хэ... Няхай пухнуць ад сну, хо-хо! - цешыўся ён. - І Пеця Галабродзька спіць, хі-хі, цмокае спрасонку губамі. Во будзе кусаць локці, калі ўбачыць, што я прывалаку ў школу!»

Дарога вяла з Клінцоў на паўночны захад, у Бярозаўку. Там школа, там цэнтр калгаса. Ісці крыху больш за кіламетр, і каб не бярозавы пералесак, што прымыкаў да Партызанскага лесу і перабягаў дарогу, то былі б відаць і школа, і нават дамы калгаснікаў. Каля пералеску ад гравійкі адбягае ўправа лясная дарога і вядзе ў Партызанскі лес. Дзед павярнуў на яе, постаць яго замільгала сярод бяроз і кустоў і знікла. Дзед - былы партызанскі разведчык. «Схаваўся недзе за кустом і цікуе за мной... - падумаў Ваня і прыпусціўся бягом. Але скора засопся, перайшоў на хаду. - Трэба адстаць, хай ідзе сабе, хай хаваецца. А то вечарам нагаворыць маме, што я не ў дванаццаць у школу выбраўся, а зранку... Не парабіўшы ўрокаў! Яшчэ партфель гэты... І нашто я ўзяў яго! Скажу заўтра Алегу Максімавічу, што балела галава... ці жывот. А сёння зусім у школу не пайду. Шкада, што Жучка дзед забраў. Ён бы і мне спатрэбіўся...»

Сонца свеціць ззаду, і ўвесь дол у пералеску спярэшчаны светлымі і цёмнымі палосамі і плямамі. На траве раса як боб, і Ваневы чаравікі адразу набрынялі і раскіслі ад вільгаці. У іх чвякала і пішчала, нагам зрабілася холадна. Але хутка Ваня прывык і перастаў звяртаць на гэта ўвагу. Вочы звыкла шныпарылі туды-сюды, зазіралі пад елачкі і кусты арэшніку. Выпараў некалькі бабак і падасінавікаў, адзін баравік і спахапіўся: «Я ж не ў грыбы прыйшоў! А што з гэтымі рабіць?» Начапіў іх на вострыя сучкі - высахнуць, то вавёркі падбяруць.

І зноў захадзіў управа-ўлева - то пад дарогу, што загібала ў Партызанскі лес, то пад гравійку, што вяла ў Бярозаўку, то зноў назад. Дзеда нідзе не было відаць, мабыць, адразу падаўся ў глыб Партызанскага лесу.

Праз нейкі час Ваня адчуў: яму не хочацца адхіляцца ні ўправа, ні ўлева! Хочацца ісці проста на поўнач, нібы хто падказваў гэты напрамак ці даў у рукі невідочную нацягнутую нітку: трымайся за яе, ідзі