Литвек - электронная библиотека >> Павел Андреевич Мисько >> Детские приключения >> Эрпіды на планеце Зямля >> страница 3
Я скончыў перадаваць твайму брату Лёню ўвесь слоўнікавы запас, які ёсць у маёй электроннай памяці. На ўсіх зямных мовах.

- За дзве хвіліны?! Бедны Лёня! Ён жа звар'яцець можа. У яго цяпер такая каша ў галаве!

- Не звар'яцее. У цэнтры памяці ў яго яшчэ засталіся незагружаныя семдзесят два мільярды чатырыста сорак чатыры мільёны шэсцьсот трыццаць тры тысячы дзвесце семдзесят дзве клеткі-нейроны. Рэзерв.

- Не веру! Нічому не веру! - горача ўсклікнуў Ваня, нават рукі ўскінуў угору. - Мы тут, а Лёня ў школе, як жа ты...

- Пытанне зразумеў. Я прасіў Ваню ўявіць у галаве брата Лёню. Ты ўявіў. Я зняў электраэнцэфалаграму твайго мозга і ўбачыў брата Лёню, вылічыў яго электрамагнітнае поле і праз гэтае поле ўздзейнічаў на мозг Лёні.

- Н-не разумею...

- На вашай мове навукі называюцца фізіка, хімія, вышэйшая матэматыка і яшчэ многа ўсякіх. Нічога такога ты яшчэ не вывучаў. Я цябе зараз падвучу, і ты ўсё зразумееш...

- Пачакай! Не рабі гэтага. А то ў мяне такі вэрхал будзе ў галаве! А мне яшчэ верш сёння вучыць трэба.

- Уяві сабе той верш. Зверху ўніз...

Ваня ўявіў старонку кнігі. Павёў у думках вачыма па радках.

- Ты ўжо ведаеш гэты прымітыўны тэкст на памяць.

- Ой... праўда! Магу хоць зараз расказаць.

- Не трэба. Я веру.

- Слухай, ну што ты за разведчык, калі ў цябе ні вачэй, ні вушэй няма, хадзіць нават добра не можаш? Адны лямпачкі бліскаюць...

- Пытанне зразумеў. Гэта бачыш? - Пласцінчатая ручка Эрпіда зварухнулася, кранула тое месца на тулаве, дзе быў пупок-акуляр, вельмі падобны на аб'ектыў фотаапарата. - Я цябе запісаў у дзесяці розных вымярэннях.

- Ужо?! А як гэта... Ты ж нічога не рабіў, толькі са мною размаўляў! - Ваня ўжо стаміўся здзіўляцца.

- Я магу размаўляць і рабіць некалькі спраў адначасова.

- А ў якіх... дзесяці вымярэннях?

- Прааналізаваў твой вонкавы выгляд - раз, адзенне - два, унутраную будову цела - тры, будову клетак, з якіх складаюцца органы, - чатыры, хімічны састаў цела - пяць, запісаў біятокі, электрамагнітныя палі, вызначыў даўжыню радыёхваль, якія выпраменьвае твой мозг, запісаў усё, што ўтрымлівае твая памяць, вызначыў узровень тваёй мысліцельна-аналізатарскай здольнасці... Я ўлавіў тваю думку. Хочаш папытаць: «А які я?»

- Аг-га... - разгубіўся зусім Ваня. Выходзіць, што пры гэтым Эрпідзе і падумаць нічога такога нельга - думкі чытае!

- Адказваю. Пытанне тваё недакладнае, таму адказ можа быць доўгі і шматзначны. Трэба вучыцца мысліць дакладна. Магу толькі сказаць, што на нашым караблі ўсе мае запісы здымуць, расшыфруюць.

- Дык што... дурань я ў параўнанні з табою?

- Не дурань, але выкарыстоўваеш свае разумовыя здольнасці толькі на адну тысячную долю. Калі ж хочаш ведаць хімічны састаў свайго цела, то загляні ў гэты акуляр...

Ваня асцярожна ступіў колькі крокаў да Эрпіда. Той усё яшчэ стаяў-вагаўся сярод палавінак шкарлупіны-панцыра. Ваня ўзяў адну палавінку і здзівіўся, што яна не вельмі цяжкая і ўся ў дробных дзірачках на зломе. Шпурнуў яе пад куст у адзін бок, узяў другую і кінуў за куст у другі бок. Апусціўся на калена каля жывата Эрпіда і прыпаў вокам да акуляра. Каб не кульнуць Эрпіда, прытрымліваў яго рукамі за бакі і чуў далонямі, што бакі цёплыя і штосьці бурчыць-журчыць у робата ў жываце, нібы ён наеўся морквы ці яблык.

Спачатку Ваня нічога не ўбачыў - цемра. Потым з'явілася зеленаватая падсвечаная палоска, папаўзла злева направа. На ёй пачалі выстройвацца ў даўжэзны рад нейкія агністыя значкі, лічбы, літары, формулы.

- Зразумеў? - спытаў Эрпід. Здалося, што голас яго, дасюль бясстрасны і хрыплаваты, прагучаў насмешліва і нават кпліва.

- Ну і ну... Ніколі не думаў, што ў маім жываце не мікробы, а ўсякія лічбы і формулы скачуць.

- Цяпер ты апрацоўвай і ўсвойвай атрыманую інфармацыю, а ў мяне пачынаецца сеанс сувязі з караблём. Уся энергія пойдзе на гэтую сувязь, таму я ад цябе адключаюся. Памаўчы і ты таксама, паэканом энергію.

Эрпід замігаў лямпачкамі. Здалося, што пачуліся сігналы «біп-біп-біп», вельмі падобныя на тыя, што некалі падаваў з неба першы савецкі спадарожнік Зямлі.

Ваня стомлена апусціўся на мох, прыгарнуў да сябе Жучка...


3


Пакуль у Эрпіда-адзін ідзе сеанс сувязі з караблём-спадарожнікам, зазірнём, што робіцца ў восьмым класе Бярозаўскай школы.

Яшчэ перад урокамі, як толькі Лёня аб'явіў пра метэарыт, пачаўся неверагодны шум. Хто верыў, а хто і не, але знайшліся яшчэ двое вучняў, якія пацвердзілі. Праўда, не самі яны бачылі, як падаў, а іх бацька ці маці. Многім адразу захацелася бегчы шукаць той метэарыт. Нехта крыкнуў, што самім шукаць нельга, ці мала што можа здарыцца, а трэба напісаць у Акадэмію навук у Маскву, няхай прышлюць сваіх людзей.

На першым уроку быў дыктант па роднай мове. Але ўсе былі такія ўзбуджаныя і няўважлівыя, так былі забіты метэарытам галовы, што нарабілі безліч памылак. Але самае дзіўнае адбылося на ўроку гісторыі. Настаўніца Святлана Андрэеўна выклікала Лёню да дошкі, на якой вісела карта, і папрасіла расказаць пра Барадзінскую бітву, пра барацьбу супраць французскіх захопнікаў у 1812 годзе. Лёня выйшаў і ўжо рот разявіў, каб пачаць гаварыць. І раптам абхапіў рукамі галаву, нібы яна ў яго моцна-моцна забалела, шырока расплюшчыў вочы. Твар яго то чырванеў і пакрываўся кроплямі поту, то бялеў і аж зелянеў. І хоць Лёневы вочы глядзелі на клас, ён нічога і нікога не бачыў, нічога не чуў.

- Што з табою, Гардзей? Ты захварэў? - некалькі разоў спытала Святлана Андрэеўна. Але нічога Лёня не адказаў, і настаўніца сказала: - Сядай, адпачні. Я цябе выклічу ў наступны раз.

І на гэтыя словы нічога не адказаў Лёня, з месца не сышоў.

Святлана Андрэеўна паказала крайнім ад акон вучням, каб шырэй паадчынялі фортачкі. Сама бачком, палахліва прайшла міма Лёні да дзвярэй, расчыніла іх у калідор. Хацела зрабіць скразняк, пусціць у клас больш кіслароду.

І вось Лёня паволі адняў рукі ад галавы, апусціў іх па швах. Адзін бок галавы ў яго быў сівы, амаль белы. За хвіліну пасівеў чалавек!

Потым Лёня прамармытаў абыякавым голасам: «Пытанне зразумеў». І пачаў адказваць урок на добрай французскай мове, і голас яго ўсё мацнеў і мацнеў, нібы чалавек набіраўся натхнення, нават замахаў рукамі. Святлана Андрэеўна спачатку разгубілася ад нечаканасці і незвычайнасці. Але добра, што некалі ў інстытуце вывучала французскую мову. Улавіла, што Лёня адказвае талкова, змястоўна, і паволі апусцілася на сваё