Литвек - электронная библиотека >> Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі >> Поэзия и др. >> Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка

Стары Улас

Год Беларуса

Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка. Иллюстрация № 1
ВЕРШЫ. ВЕРШАВАНЫЯ АПАВЯДАННІ. ПУБЛІЦЫСТЫКА
Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка. Иллюстрация № 2
МІНСК МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА • 1990

Серыя заснавана ў 1990 годзе

Укладанне, падрыхтоўка тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі Вячаслава Рагойшы


Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка. Иллюстрация № 3
Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка. Иллюстрация № 4

ПАЭТ-САМАВУК 3 ВАЛОЖЫНА


Год беларуса: Вершы. Вершав. апавяданні. Публіцыстыка. Иллюстрация № 5
У Валожыне на вуліцы Савецкай, 49 прыцягвае да сябе ўвагу ўрослая ў зямлю старасвецкая хаціна з прымацаванай да яе шыльдай: «У гэтым доме да 1914 года жыў вядомы беларускі збіральнік фальклору, паэт і публіцыст Стары Улас (Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі)». «Вядомы» — сказана, відавочна, з разлікам на будучае, на перспектыву. Бо хто сёння (на вялікі жаль!) асабліва ведае Старога Уласа? Бо хіба можна назваць вядомым пісьменніка, у якога ні пры жыцці, ні пасля смерці не выйшла ніводнае кніжкі? Аднак наш час тым і вызначаецца, што мы вяртаем з забыцця асобных цікавых творцаў, даём ім новае жыццё, надзяляем шырокай вядомасцю. Упершыню з’яўляецца і кніжка Старога Уласа, пра што, зрэшты, марыў вялікі Янка Купала, нават згодны быў стаць рэдактарам такой кніжкі. Дарэчы, Іван Дамінікавіч і яго жонка Уладзіслава Францаўна былі па чалавечы ўдзячныя Старому Уласу: у Вільні на пачатку стагоддзя ён іх упершыню пазнаёміў, стаў, па сутнасці, іхнім сватам…

Дык хто ж ён быў, Стары Улас? Чым заслужыў нашу ўвагу і павагу?

Нарадзіўся Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі 10(23) сакавіка 1865 года ў валожынскіх сялян Пятра і Людвікі. Бацька яго, каб зарабіць на сям’ю (быў малазямельны), наняўся кухарам у мясцовы маёнтак графа Міхала Тышкевіча, аднаго з багацейшых магнатаў былой Расійскай імперыі. Аднак у 1874 годзе, калі сыну было ўсяго дзевяць гадоў, бацька памірае. Тым жа летам не стала і маці. Круглага сірату ў сваю немалую сям’ю прымае цётка Юзэфа Емільянская. Неўзабаве Уладзіслаў ідзе ў памочнікі да кухара таго ж графа Тышкевіча. Відаць, кемлівы і працавіты хлопец кінуўся ў вочы самому графу. Бо праз некаторы час яго, ужо дзецюка, прызначаюць кухарам, а затым, калі яму было каля трыццаці, ён становіцца аб’ездчыкам і, урэшце, ляснічым.

Кожны дзень Сівы-Сівіцкі конна аб’язджаў бясконцыя лясы графа, абшары Налібоцкай пушчы, судакранаючыся з прыродай ва ўсе поры года і сутак. Родныя краявіды цешылі сэрца, узнімалі настрой, абуджалі прагу творчасці. Праца аб’ездчыка і ляснічага давала магчымасць глыбей спазнаць і само жыццё: клопаты і скупую радасць ваколічных сялян, мітусню засцянковай шляхты, панскія забавы, пыхлівую разбэшчанасць царскіх чыноўнікаў. Усё гэта давала тэмы для вершаў і вершаваных апавяданняў, клалася ў вершаваныя радкі, увасаблялася ў творах пра беларускую восень і зіму, вясну і лета, пра нялёгкую, але адначасова радасную сялянскую працу, пра рэальнае і легендарнае ў жыцці роднага народа. Штодзённыя зносіны з дзесяткамі людзей насычалі лексікон Старога Уласа моўнымі самародкамі, абагачалі яго памяць і ўяву пярлінамі вусна-паэтычнай творчасці.

Сяляне паважалі высокага, прыгожага, з вусамі і невялікай — клінам — бародкай ляснічага, які паводзіў сябе з імі як з роўнымі, спачуваў ім, дапамагаў лесам, заступаўся за іх, калі трэба было, перад самім графам. 3 сялянамі Сівы-Сівіцкі заўжды гаварыў па-беларуску, што выклікала насмешкі, а то і нараканні мясцовага панства і засцянковай шляхты. Нават у роднай сям’і лічылі гэта своеасаблівым дзівацтвам, а то і здрадай «польскасці». Сям’я Старога Уласа была каталіцкай, а ва ўяўленні многіх беларусаў-католікаў каталіцкае веравызнанне атаясамліваецца з польскай нацыянальнасцю. Сам жа паэт-ляснічы веравызнанне і нацыянальнасць выразна адрозніваў. У яго пашпарце ў адпаведных графах было запісана: рэлігія — рымска-каталіцкая, нацыянальнасць — беларусін…

Уладальнікі лясоў не давалі сваім службоўцам доўга затрымлівацца на адным месцы (успомнім хаця б лёс лесніка Міхала — бацькі Якуба Коласа). У 1914 годзе Сівога-Сівіцкага перавялі на службу пад Ашмяны (некаторы час жыў у Варнянах цяперашняга Астравецкага раёна). Праз нейкі час пераехаў з сям’ёю ў Вільню, а ў неспакойным 1920 годзе перабраўся ў Сужаны Немянчынскай гміны Віленскага павета. У 1934 годзе за больш чым саракагадовую службу атрымаў ад графа Тышкевіча кавалак зямлі ў суседніх Шашэльгішках і тут на сваёй гаспадарцы дажыў апошнія гады. Памёр ад запалення лёгкіх 30 верасня 1939 года. Пахаваны на Сужанскіх могілках.

Усё жыццё Стары Улас цягнуўся да навукі. Як падкрэслівае руплівы біёграф пісьменніка Г. Каханоўскі, «толькі праз самаадукацыю, дзякуючы прыроднай настойлівасці, дайшоў да ўсяго сам, стаў пісьменнікам». Калі яшчэ ў Валожыне не было і пачатковай школы, самавукам авалодаў рускай і польскай граматай (пісаў беларускай лацінкай, каліграфічным почыркам і амаль без памылак). Потым імкнуўся даць асвету сваім і чужым дзецям. Аддаў пад вясковую школку палову сваёй хаты, у якой вучыла — дарэчы, на роднай мове — спецыяльна нанятая настаўніца, тыповая беларуская «дарэктарка». Але ўлады пад пагрозаю закрыцця прымусілі перавесці выкладанне ў школцы на рускую мову. Усе дзеці Старога Уласа (а іх было васьмёра: чатыры сыны і чатыры дачкі) атрымалі сярэднюю адукацыю, а двое — і вышэйшую. Пісьменнік на пачатку стагоддзя сабраў неблагую, як на той час, хатнюю бібліятэчку з рускіх і польскіх кніг, якія даваў чытаць суседзям і знаёмым. Калі ж у выніку рэвалюцыі 1905–1907 гг. з’явіліся легальныя беларускія кніжкі і газеты, яны таксама папоўнілі кнігазбор паэта-ляснічага. Чытанне, індывідуальнае і калектыўнае, стала добрай традыцыяй у вялікай сям’і Старога Уласа.

Пісаць паэт-самавук пачаў спачатку на «панскай», польскай мове — складаў вершы ў гонар сваёй нявесты, а потым жонкі Антаніны, уроджанай Вайцяхоўскай. Выпадковая сустрэча ў 1906 годзе з першай легальнай беларускай газетай «Наша доля» адкрыла яму вочы на працэс беларускага нацыянальнага адраджэння. 3 гэтага часу ён пачынае пісаць толькі па-беларуску, значна пашыраюцца ідэйна-тэматычныя і жанравыя абсягі ягонай творчасці.

Пісаў звычайна на золку, калі ўсе спалі, ці ў святы і прысвяткі, калі не трэба