Литвек - электронная библиотека >> Васіль Быкаў >> Биографии и Мемуары >> Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Васіль Быкаў Поўны збор твораў Том 8 Мэмуарная проза

Доўгая дарога дадому

Кароткае прадмоўе

Перш за ўсё хачу папярэдзіць чытача, што гэтая кніга — твор вельмі інтымны, суб’ектыўны, аднабаковы, якім, зрэшты, ці не заўжды зьяўляецца мемуар, успамін, сьведчаньне. Думаецца, у тым ягоная сіла, але адначасна і слабасьць, падстава для прэтэнзіяў і нязгоды. У сваё апраўданьне магу толькі сказаць, што ня меў жаднага намеру каго-небудзь абразіць, што-колечы скрывіць ці знарок падаць у неадэкватным сьвятле.

Бальшыня названых у творы пэрсонаў прыведзеная пад іхнімі сапраўднымі імёнамі. Хіба ў асобных выпадках імёны зьмененыя — зь меркаваньняў павагі да годнасьці тых пэрсонаў ды і ў інтарэсах аўтара. Наколькі тое магчыма, аўтар імкнуўся прытрымлівацца храналёгіі, хаця тое не заўжды ўдалося. Асабліва там, дзе падзеі адбываліся паралельна або выпадалі з пэўнага лягічнага ланцугу.

Выбачаюся перад тымі, каго не ўпамянуў тут, пра каго напісаў мала ці тым болей ня так, як яны заслугоўваюць. Перад тымі, каго засмуціў названымі фактамі або празьмернымі азначэньнямі. Знарок нікога не хацеў пакрыўдзіць. Прабачце мне!

Аўтар

1. Ваколіцы. Возера

Родная мая мясьціна, мабыць, ня надта тыповая для раўніннай поўначы Беларусі — дужа зрыты рэльеф, пагоркі і лагчыны, раўкі, балацявіны і азёры. Азёраў дык нават зашмат — палявых і лясных, круглых, крывулястых, часам з голымі, а ў бальшыні з аброслымі трысьнягом берагамі. Ну і, вядома, лясы. Чырвоных бароў, праўда, засталося няшмат[: ], бары высякалі, асабліва пасьля войнаў — на будоўлю, дровы, на продаж. Палі амаль паўсюль цесныя, лапікамі на пагорках, нізінах, часьцяком парэзаныя раўчукамі з алешнікам на схілах. На тых лапіках пад лесам, каля балотаў, па-над рэчкамі ці азёрамі рассыпаліся вёскі — невялікія, з крывымі вуліцамі, а то і зусім бяз вуліцаў, — з дарожкай ад хаты да хаты. Не хутары і ня вёскі, але так, мабыць, было зручней гаспадарыць, бо гаспадарка ахоплівала хату, хлявы, сьвіран, варыўню, гумно з токам, паветкай і пуняй. Нават невялікая вёска здалёку рабіла ўражаньне немалой забудоўкі. Цягам часу будынкаў усё менела[: ] гарэла, бурылася, пераносілася да калгасных падворкаў — абораў ды канюшняў. Менела і людзей. Цяпер у маіх Бычках два дзясяткі самотных хатаў, палова зь якіх стаяць пустыя. У астатніх дажываюць свой век нямоглыя пэнсіянэры.

Наш падворак у вёсцы быў крайні, далей — поле і парослы алешнікам ды ляшчыньнікам роў. З тым ровам найперш зьвязанае маё маленства; у ім, асабліва ўлетку, было безьліч зманлівага і цікавага. Там зьліваліся дзьве ручаіны, утвараючы вадзяныя запруды на камянях, сьцежку заўжды перакопвалі кратовыя норы, крыху далей, на схіле, зеўрала барсукова нара, а ўнізе, пад абрывам, бруіла з-пад камянёў крынічка. Усе даваенныя гады мы бралі зь яе ваду, якую, аднак, ня дужа лёгка было цягаць па крутых сьцежках, асабліва ўзімку. Але калодзежу на падворку мы ня мелі, а вада з крынічкі была дужа добрая — чыстая, заўжды сьцюдзёная і смачная, як казала маці. У калодзежах такой не бывае.

Над ровам удалечыні відаць былі цёмныя купкі ельніку, то — Гаі, Бліжнія і Дальнія, куды дзятва пачынала хадзіць зь Вялікадня, калі падсыхалі сьцежкі. Там мясьціўся зусім ужо інакшы сьвет — лясны, змрочны і таямнічы. У Піліпаўку чулася, як там выюць ваўкі, хаця адмысловае ваўчынае месца звалася Ваўкоўшчынай, яно было збоч і далей ад Гаёў, за іншым, яшчэ глыбейшым ровам. Увогуле равоў у нас хапала, усе зарослыя хмызьняком, з крутымі, галаваломнымі схіламі.

Пачаў сябе памятаць, можа, гадоў зь пяці. Першыя мае ўражаньні ад навакольнага сьвету, аднак, зьвязаныя з возерам.

Мой сябра Валодзя Галавач, старэйшы за мяне на тры ці чатыры гады, аднойчы сказаў: пойдзем на возера. Канешне, гэта было дужа зманліва, але ж далёка — можа, кілямэтры два. Для пяцігадовага то сапраўды цэлы сьвет. Прытым усё самавольна, без дазволу бацькоў. I вось мы пайшлі. Трэба было перайсьці поле, ільняную ніву, пералезьці цераз глыбачэзную, страшную аўражыну, узьлезьці на крутую гару [ — ] і ўжо зь яе бачным рабілася возера, якое няроўным блішчастым лапікам разьлеглася ў лесе. Той бераг таксама гарысты, круты, парослы ельнікам ды дубамі; а на гэтым — хмызьняк, драбналесьсе. Перад самым возерам такі спрытны беражок зь пясчанай водмельлю, збоч вялізная крутая гара з дубамі. Казалі, там некалі было паганскае капішча. I вось я ўпершыню ўбачыў гэткі цуд. Надвор’е было ціхае, летняе, дык той бераг спакойна вісеў у вадзе ўніз галавой — і елкі, і дубы. Toe захапляла. Усё самае рамантычнае ў маім дзяцінстве зьвязанае менавіта з тым возерам. Пасьля там купаліся, вудзілі рыбу, лавілі ракаў, — тыя яшчэ вадзіліся. Калі трохі падрос, памятаю, хадзілі ноччу са смаляком. Смаляк запаліш, а яны вакол выпаўзаюць на водмель, нават страшнавата робіцца. А то засунеш руку ў падмытае карнявішча на беразе, а ён — цоп за палец, і цягнеш яго. Трохі далей на балоцістым беразе ў хмызьняку жылі бабры, ладзілі свае хаткі. Часам можна было бачыць (асабліва ўвечары), як яны плывуць, што-небудзь цягнучы да свайго жытла.

Цікава зазначыць, што за час, які мінуўся з моманту маіх першых уражаньняў ад возера, шмат што — калі ня ўсё — у навакольлі зьмянілася. Ня стала прыазёрных вёсак, пабурыліся ў вайну, ды так і не аднавіліся мястэчкі, паадыходзілі ў іншы сьвет людзі. А возера ніколькі не зьмянілася. Усё той жа бераг, тыя ж яго абрысы, водмель і зарасьнікі трысьнягу побач. I нават тры старыя алешыны на беразе як расьлі на пачатку мінулага стагодзьдзя, так растуць і цяпер. I той бераг такі ж круты і лясісты, недаступны ні зімой, ні ўлетку. Сапраўды, неўміручае і нават нязьменнае мілае маё азярко, якое я буду любіць да скону дзён. Возера тое называлі Белякоўскім — па назову бліжняй, дарэчы, уцалелай за вайну вёскі. А гістарычны назоў ягоны — Гарадзень, мабыць, паводле памянёнага ўжо капішча. А крыху далей — зьвязанае з гэтым рачулкай возера Камароўскае. То большае, з астраўком, і побач зь ім, бы спарыш, меншае. А паміж імі па мастку праходзіла дарога. I вось, памятаю, гэта таксама было ў дваццатыя гады, калі аднаасобна жылі, настала нейкае сьвята, магчыма, Сёмуха, паехалі мы сям’ёй у Стайкі на набажэнства. Казалі, прыехаў архірэй. На гэтай дарозе з гары панёс конь, і мне, малому, здалося, што якраз той кіруе ў возера. Дужа спалохаўся. Дзякуючы таму спалоху запомніў і паездку, і возера, і сябе малога. А возера таксама прыгожае, на астраўку менскія археолягі раскапалі стаянку нэалітычнага чалавека. Так што мясьціны гэтыя былі даўно абжытыя, але ацалелыя праз тысячагодзьдзі.

Калісьці