Литвек - электронная библиотека >> Аляксандар Лукашук и др. >> Современная проза >> Сьвятлана Алексіевіч на Свабодзе >> страница 5
прагноз такі. Па-першае, нарэшце сярод багатых беларусаў зьявіцца пісьменьнік, які дасягнуў багацьця не праз гандаль, напрыклад, гарэлкай ці сумленьнем, а літаратурнай працай. Па-другое, чалавек, які займае пасаду прэзыдэнта краіны, не павіншуе нобэлеўскага ляўрэата. Па-трэцяе, дзяржаўныя выдавецтвы Беларусі не закідаюць нобэлеўскага ляўрэата прапановамі пра новыя выданьні ягоных кніг. Па-чацьвертае, Міністэрства адукацыі не парэкамэндуе выкладчыкам роднай мовы абавязкова правесьці адмысловы ўрок, прысьвечаны новаму нобэлеўскаму ляўрэату. Па-пятае, калі чытачы захочуць сустрэцца зь ляўрэатам, высьветліцца, што дзеля гэтага патрэбны пісьмовы дазвол «вэртыкалі» або, напрыклад, БПСМ (прапрэзыдэнцкі Беларускі патрыятычны саюз моладзі, існаваў з 1997 да 2002. — Рэд.). Можна прагназаваць таксама пэўныя захады з боку падатковай інспэкцыі. Але ўрэшце гэткая рэакцыя будзе мець несумнеўны станоўчы эфэкт. Карацей, я мару, што ў ХХІ ст. Беларусь уступіць са сваім першым нобэлеўскім ляўрэатам, бо на наступнае стагодзьдзе ў нас плянуюцца новыя.

Зянон Пазьняк: Нобэлеўская, як і ўсялякая прэмія, што адзначае талент і інтэлект, спрыяе фармаваньню разумнай эліты грамадзтва. А ў грамадзтве ўзровень разумнай эліты — гэта найважнейшае. Страта такой эліты ці яе перараджэньне, ці абніжэньне ўзроўню вядзе да грамадзкіх хваробаў, такіх як таталітарызм, самаразбурэньне, страта арыентыраў, што можа скончыцца нацыянальнай катастрофай.

Наяўнасьць прэміі для эліты і для элітарных дасягненьняў трэба толькі вітаць. З другога боку, сытуацыя з прызначэньнем такіх прэміяў ня можа быць цалкам аб’ектыўнай. Тут умешваюцца палітычныя, геаграфічныя і іншыя традыцыйныя чыньнікі. Акрамя таго, грамадзтва таксама павінна быць актыўным.

Інтэлектуальны ўзровень беларускай эліты — гуманітарнай, навуковай, тэхнічнай — вельмі высокі. Але грамадзтва ня ўмее яго скарыстаць, ня ўмее выявіць, прадставіць і нават шанаваць. Не знаходзіцца актыўных людзей, каб арганізаваць падрыхтоўку і прадставіць Васіля Быкава на Нобэлеўскую прэмію. Само па сабе такое ня робіцца, а пісьменьнік і ягоная творчасьць вартыя прэміі Нобэля. Грамадзтва ня здолела нават абараніць вялікага пісьменьніка ад лукашэнкаўскага акупацыйнага рэжыму. І гэта ў значнай ступені ўзяла на сябе міжнародная супольнасьць.

Так што розум у грамадзтве павінен быць актыўным. Калі гэтага ня будзе, то не адбудзецца і яго поўнай рэалізацыі. Будуць страты. Можа быць, як і ў прыкладзе зь Беларусяй, высокі інтэлектуальны ўзровень, але гэта прападае марна альбо выкарыстоўваецца іншымі, не на карысьць нацыі.


«Кніга Алексіевіч ёсьць ці не найглыбейшым асэнсаваньнем трагедыі хлопчыкаў, якім пашчасьціла не апынуцца ў цынку»
15 лютага 1999

Сяргей Навумчык, Прага


У Беларусі адзначаюць дваццатую гадавіну завяршэньня вываду савецкіх войскаў з Афганістану.

У сьнежаньскую ноч 1979-га зь віцебскага аэрадрому ўзьнялася ў паветра самая першая эскадрыльля транспартнай дывізіі, якая прывезла ў Афганістан першыя савецкія дэсантныя падразьдзяленьні. Ужо празь некалькі дзён самалёты вярнуліся зь першымі цынкавымі трунамі.

Ленін, чыё вучэньне было кананічным для таго пакаленьня, якому давялося ваяваць у Афганістане, пісаў пра войны справядлівыя і несправядлівыя. Савецкая вайна ў Афганістане не была справядлівай нават паводле ленінскай тэорыі.

Дысыдэнту Ўладзіміру Букоўскаму на пачатку 1990-х гадоў удалося на некалькі тыдняў атрымаць доступ да архіву Генэральнага сакратара ЦК КПСС, які цяпер завецца прэзыдэнцкім архівам. У сваёй кнізе «Маскоўскі працэс» Букоўскі прыводзіць успаміны ўдзельнікаў штурму палаца тагачаснага кіраўніка Афганістану Аміна.

Штурм пачаўся з артылерыйскага абстрэлу, потым спэцгрупа ўварвалася ў палац, закідваючы ў кожны пакой гранаты і паліваючы ўсё навокал агнём з аўтаматаў. Калі дабраліся да пакояў Аміна, убачылі, што ён трымае на руках шасьцігадовага сына, а побач быў старэйшы сын-падлетак. Імгненна расправіўшыся з кіраўніком Афганістану, афіцэры КДБ разрадзілі свае аўтаматы і ў ягоных дзяцей. Так пачалася афганская вайна.

Дзеці Аміна не пасьпелі заплакаць, але іншыя мільёны афганскіх дзяцей аплакалі сьмерць сваіх бацькоў ды матак. У Савецкім Саюзе аплакваць блізкіх давялося бацькам — сярэдні ўзрост палеглых савецкіх вайскоўцаў не перавышаў дваццаці гадоў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу — звыш трынаццаці тысячаў магілаў тых, хто не вярнуўся жывым з той вайны. Ёсьць усе падставы меркаваць, што лічба заніжаная, бо колькасьць ахвяраў з афганскага боку дасягае — паводле афганскіх зьвестак — каля мільёна чалавек. Відавочна, дакладныя лічбы ўжо ня будуць вядомыя ніколі.

Вашынгтонскі палітоляг Пол Гоўбл у камэнтары да сёньняшняга юбілею заўважае, што тры фактары — вывад войскаў, прызнаньне, што савецкая інтэрвэнцыя ня мела падтрымкі мясцовага насельніцтва, і агалошваньне зьверстваў у дачыненьні да мірных жыхароў, — рэльефна выявілі антычалавечасьць савецкае сыстэмы. І гэта адыграла істотную ролю ў яе канчатковым зьнішчэньні.

Беларусь афганская вайна не абмінула. Сотні магілаў ці не ва ўсіх раёнах Беларусі, выступ дэпутата-афганца супраць акадэміка Сахарава на першым зьезьдзе, — і кніжка Сьвятланы Алексіевіч, якая на сёньняшні дзень ёсьць ці не найглыбейшым асэнсаваньнем трагедыі хлопчыкаў, якім пашчасьціла не апынуцца ў цынку.

Тая вайна была бессэнсоўная для ўсіх. І, можа, адзіны яе сэнс для беларусаў — навучыць, што змаганьне за чужыя інтарэсы шчасьця не прыносіць.


Гомельская абласная бібліятэка адмовілася арганізаваць сустрэчу зь пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч
4 сакавіка 1999

Казімер Яноўскі, Гомель


Гомельская абласная бібліятэка адмовілася арганізаваць сустрэчу сваіх чытачоў зь пісьменьніцай Сьвятланай Алексіевіч, якая прыехала ў гэты горад, каб сустрэцца з героямі сваёй будучай кнігі.

Паведамлю слухачам Радыё Свабода, што першай Сьвятлана Алексіевіч запісала гісторыю жыцьця й каханьня настаўніцы-пэнсіянэркі, якая ў маладыя гады выйшла замуж за інваліда, нарадзіла яму траіх дзяцей і пачувала сябе шчасьлівай і патрэбнай каханаму чалавеку доўгія гады. Гэтае каханьне дае сілы жанчыне й цяпер, калі каханага чалавека ўжо ня стала.

Я пацікавіўся ў пісьменьніцы — што гэта будзе за кніга, як яна стасуецца з папярэднімі — «Апошнімі сьведкамі», «Цынкавымі хлопчыкамі», «Чарнобыльскай малітвай», якія крытыкі называюць энцыкляпэдыяй усіх савецкіх пакаленьняў.

Алексіевіч: «Калі апошняя кніга — «Чарнобыльская малітва» — была ўжо