Литвек - электронная библиотека >> Ніл Гілевіч >> Современная проза >> Сказ пра Лысую гару

Ніл Гілевіч СКАЗ ПРА ЛЫСУЮ ГАРУ


© Гілевіч Н., 2003

© Афармленне. «Белфранс», 2003

ДАСЦІПНАЯ ПАЭТЫКА СМЕХУ


Неяк на пачатку вясны беларускага дзяржаўнага адраджэння 1992 года Альжбета Смулкова, першы паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі, наладзіла сустрэчу з беларускай інтэлігенцыяй. Там я сустрэўся з Нілам Гілевічам. Гутарка зайшла пра двухтомнік выбраных твораў пісьменніка, які тады выйшаў у свет. Толькі што закончылася бальшавіцкая дыктатура. Праўда, улада заставалася ў руках былых партакратаў, але тых, якіх удалося "ўгаварыць" на суверэнітэт Беларусі і прыняцце Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" (1990, 26 студзеня), паводле якога быў адноўлены дзяржаўны статус беларускай мовы. Сярод першых "угаворшчыкаў" быў, як вядома, дэпутат Вярхоўнага Савета Ніл Гілевіч.

На тым прыёме я, даючы зразумець, што мне "ўсё ясна", спытаўся ў паэта: "А ці плануеце Вы падрыхтаваць трэці том, уключыўшы туды свае іншыя творы камічнага характару, у прыватнасці паэму "Сказ пра Лысую гару"? Фармальны адказ быў: "Не, не, і не гаварыце нікому". Але аблічча суразмоўцы, як мне здалося, не запярэчыла маёй здагадцы, і пластыка пацвердзіла ўпэўненасць, што аўтар дысідэнцкай паэмы легендарны Францішак Вядзьмак-Лысагорскі — гэта Ніл Гілевіч. Праўда, дысідэнцтва вопытнага аўтара было па-мастацку завуалявана, прыхавана ў глыбіні падтэксту і нават у лірычных адступленнях ды эпілогу выяўлена пераважна ў форме паэтычнай дасціпнасці, без прамых палітычных выпадаў.

У тым 1992 годзе зацікаўленыя чытачы мелі рукапісныя раздзелы "Сказа" ў яго першай рэдакцыі 1971 года і два апублікаваныя "ананімныя" тэксты ў выданні Бібліятэкі "Вожыка": першае 1988 года выданне — раздзелы "Дзяльба", "Праблема", "Будаўніцтва", "Так і зажылі" і "Замест эпілога"; і выданне другое 1991 года, дапоўненае "Уступам" і новымі раздзеламі "Мужчынскі страх", "Пудзілы", "Вялікі Рух". Гэтае другое выданне было завяршэннем твора, выкананым Францішкам Ведзьмаком-Лысагорскім яшчэ ў 1975 годзе. Першае выданне двума выпускамі па 30 тысяч экзэмпляраў і другое выданне (100 тыс. экз.) разышліся за лічаныя дні. Сапраўдны бэстсэлер у нашай літаратуры!

Ні супраць выдаўцоў, ні тым больш супраць аўтара (бо яго псеўданім так і не раскрылі прафесіяналы ад спецслужбаў) рэпрэсіяў не адбылося. У тым 1988 годзе, мусіць, не было каманды "зверху", хоць наогул партыйныя ўлады перад сваім першым скананнем у Беларусі яшчэ кусаліся моцна. Я і мае былыя калегі па Інстытуту філасофіі і права АН БССР адчулі гэта на сабе. Чарнобыльскай вясной 1986 года пачалася і доўжылася два гады так званая "справа А. Бембеля". Супрацоўнік майго аддзела эстэтыкі і сацыяльнай псіхалогіі Алег Бембель апублікаваў у Лондане кніжку журналісцкіх інтэрв'ю з каментарамі пра занядбанне роднай мовы ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця БССР. А. Бембеля выключылі з кампартыі і прымусілі кіраўніцтва акадэміі "выгнаць" яго з працы. Мяне звольнілі з пасады загадчыка аддзела і абвясцілі строгую вымову "з занясеннем" за салідарнасць з "нацыяналістам". Аддзел эстэтыкі прыйшлося расфармаваць.

Але ж у 1992 годзе партакратыя ўжо сама перайшла "да абароны", засела ў "акопах" — да "лепшых" часоў. Вось чаму я спадзяваўся, што аўтар "Сказа пра Лысую гару" адкрыецца, каб упісаць выдатны твор у свой паэтычны актыў. Але гэтага не сталася: ні ў "эпоху Шушкевіча" (умоўна, бо рэальная ўлада была ў ранейшай бюракратыі), ні пазней, калі "западнорусской" уладзе нашая літаратура аказалася непатрэбнай. Прычыну гэтай інтрыгі я зразумеў пазней, калі дэталёва пазнаёміўся з ацэнкамі "Сказа" (дарэчы, абсалютна станоўчымі) і прафесійнымі крытыкамі, і чытачамі. Асабліва пасля таго, як часопіс "Крыніца" ў 1995 годзе апублікаваў крыху папраўленую рэдакцыю твора і аж 25 крытычных артыкулаў і пісьменніцкіх водгукаў са здагадкамі пра аўтара. Усе хвалілі "Сказ", ставілі яго ў шэраг лепшых традыцый нашай і сусветнай літаратуры.

Водгукі засведчылі публіцыстычны талент некаторых аўтараў (былі, праўда, і дзяжурныя адпіскі), але дакладнага эстэтычнага аналізу не атрымалася. Пра гэта я сказаў тады ж у палемічнай нататцы "Сатыра альбо гратэск?" Разгадаць сапраўднага аўтара "Сказа" большасці не ўдалося. Праўда, шмат хто з прафесійных літаратараў, мабыць, здагадваўся. Але літаратурны этыкет не дазваляе публічна раскрываць псеўданім жывога аўтара, бо гэта выключна ягонае права. Здагадка — гэта яшчэ толькі гіпотэза, а не факт.

На жаль, мае калегі крытыкі, іншыя літаратары абышлі паняційны і тэарэтычны аспект праблемы, эстэтыку і стылістыку "Сказа". Універсальны камізм гэтага твора змяшчае і сатыру, але найбольш гратэскава-карнавальны народны смех, дзе ёсць месца гумару, іроніі, жарту, іншым відам смешнага. Паводле азначэння "Беларускай энцыклапедыі", сатыра — гэта "вострае, знішчальнае асмяянне грамадскіх з'яў, выкрыццё заган". Сатыра — крайні від камічнага, пераход смешнага ў нізкае, агіднае. Паводле той жа энцыклапедыі, "камічнае (ад грэцкага komikos — смешны, вясёлы) — катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з'явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх". Сатыра — не іронія, не жарт, не гумар, не вясёлы, а горкі смех. Яна — не карнавальны, народны смех, а скарэй ідэалагічная ацэнка, памфлет, фельетон (не ў традыцыйным, а ў сучасным, сатырычным сэнсе). Аўтар папулярнага эсэ "Смех" Анры Бергсон (дарэчы, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за бліскучы стыль сваіх твораў) апісаў звыш дваццаці тыпаў смеху.

Карнавальна-гратэскавы смех "Сказа" адрозніваецца ад сатыры, як шарж ад карыкатуры. Вызначэнне "Сказа" як толькі сатыры ёсць тэарэтычная памылка. 3 лёгкай і скорай рукі рэцэнзентаў — прыхільнікаў і праціўнікаў гэтага твора — склалася неадэкватнае ўяўленне пра гэты яркі, карнавальна-гратэскавы твор як "вострую грамадзянскую сатыру" на лысагорцаў — сяброў пісьменніцкага аб'яднання. А паколькі "Сказ" ёсць аўтэнтычны пісьменніцкі твор дасціпнага індывідуальнага стылю, а не калектыўны "капуснік" і не фальклорны сюжэт, то выключна сатырычнае "поле зроку" ператварае яго ў тэатр абсурду: выходзіць, што пісьменнік "асатырыў" самога сябе і сяброў па творчасці. Што творцы смяюцца з сябе — гэта факт. Але перад намі гратэскавы смех карнавальнага тыпу, а ён заўсёды універсальны, амбівалентны. Дарэчы, памылковым было таксама і вызначэнне ананімных паэм "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе" як сатырычных. Бо там аўтары не выкрываюць антычных багоў і герояў, а пераводзяць іх з неба на зямлю, з гераічнага, высокага і сакральнага на ўзровень штодзённага і камічнага. Якраз так, як у "Сказе