Литвек - электронная библиотека >> Ніл Гілевіч >> Поэзия >> Сказ пра залатое пёрка >> страница 6
Невыпадкова, 
што з гэтаю марай святлістай 
аб волі і шчасці, аб славе і годнасці 
тут азараліся сонцам навукі, 
асветы, мастацтва 
выдатныя творцы, 
збіральнікі скарбаў народных, 
даследчыкі даўнасці, 
што менавіта ў Лагойску 
патомныя графы Тышкевічы 
ў белым палацы сваім 
па-над Гайнай-ракой 
заснавалі найпершы ў дзяржаве 
музей краязнаўства, 
музей беларускай культуры, 
мастацтва і кнігі. 
I не выпадкова ж, напэўна, 
што іменна тут, 
ад калыскі прыросшы душою 
да родных нябёсаў, 
"наўчыўшыся слоў беларускіх ад маці, 
а дум беларускіх 
ад потам палітых загонаў", 
штодня амываючы раны на сэрцы 
вадой жыватворнай легендаў і песень, 
паданняў і казак, 
паўстаў найвялікшы пясняр беларускі, 
апостал-прарок адраджэння Народа, 
Краіны Дзяржавы і Гонару нашага - 
Янка Купала.
Лагойшчына! 
Родны мой кут, дзе радзіўся і вырас 
і першую ласку людскую спазнаў 
і прыняў як навек блаславенне, 
дзе хата бацькоўская светам была наймшейшым 
і памяпцю найдаражэйшаю будзе да смерці, 
дзе родныя сэрцу абліччы на помнічках сціплых 
часцей і часцей патрабуюць:
трымайся! не падай! 
не траць у віхуры нягодаў 
той сілы і праўды, любові і веры, 
якімі сумленна і проста жылі мы, 
пра гэта амаль не гаворачы, 
мужна і годна прайдзі да астатку 
дарогу, якую ты выбраў, 
і помні, і помні, і помні: 
не можа той чуцца няшчасным, 
хто мае такую радзіму, 
як наша Лагойшчына!
2002, ліпень - 2003, сакавік