Литвек - электронная библиотека >> Ніл Гілевіч >> Современная проза >> Разумная дзевачка [Маленькая аповесьць пра адно дзяцінства] >> страница 19
масла ўкраў, і Бог яго пакарае, на здароўе не пойдзе.

Падціснуўшы вусны, Ніна ківала галавой (маўляў, я ўсё разумею) і нязвыкла глуха прамаўляла:

— Добра, бабулька... Добра... Добра...

Юстына пасунулася ў хату, але тут жа, бадай праз хвіліну, зноў выйшла на ганак і няголасна, як бы асцерагаючыся, каб не пачулі, гукнула:

— Ніна! Хадзі сюды!.. — Пачакала, пакуль дзяўчынка подбегам перасекла падворак, і дадала: — Зайдзі да мяне ў хату.

На палавіну бабы Юстыны Ніна заходзіла часта — звычайна, з нейкім даручэннем маці. Ёй падабалася бываць у заўсёды чыстым і ўтульным пакоі бабулі: у ім жыў нейкі асаблівы дух — дух абжытасці, цішыні і супакою, у яе, здавалася Ніне, заўсёды было цяплей, чым у іх. Падабалася, што на падваконнях стаяць у гаршках кунацістыя або расахатыя вазоны, і Ніна іх ведала паімённа: вось гэта «мушкат», гэта — «бярозка», гэта — альвас, гэта — пальма, а гэта — фікус... Падабалася, што на ўсіх трох вокнах на папярэчныя верхнія шыбіны прыспушчаны шырокія папяровыя палосы ў выразаных узорах — у дробных квадраціках, ромбіках, трохкутнічках, кружках і паукружках, лісціках і кветках... А бадай найбольш падабалася Ніне, што на покуці, ахінуты доўгім белым рушніком, з мярэжкамі па канцах, вісіць абраз Прасвятой Багародзіцы, вялікія сумныя вочы якой цягнулі Ніну да сябе нейкай незразумелай чароўнай сілай.

I гэтым разам Ніна таксама падняла вочы на абраз Багародзіцы. «Чаму яна так сумна, так балюча глядзіць?» — зноў мільганула ў галаве пытанне, што ўзнікала кожны раз і дагэтуль.

— Хадзі да стала, выпі малака кубачак, — ласкава пазвала Юстына. — Сядзь во тут, на табурэтку...

I наліла — з высокага паліванага збана — не кубачак, а вялікі кубак малака, ды поўны — аж да краёчкаў. Ніна асцярожна ўзяла кубак у абедзве далоні і пачала піць яшчэ свежае, яшчэ добра не адстаянае, малако: відаць, Зорку сваю сёння бабуля даіла позна. Пакуль малая доўга, перадыхаючы і адсапваючыся, піла, Юстына глядзела на яе добрымі, цёплымі вачыма, потым уздыхнула, прабожкала («ой, Божа мой, Божа!») ды і сказала:

— Цяжка табе будзе сярод людзей, маё дзіцятка! Ой, цяжка! Адзін Бог ведае, якая цябе чакае доля...

— Чаму, бабулька? — не так здзіўленым, як спалоханым голасам спытала Ніна. — Чаму — цяжка?

— Такім, як ты, лёгка сярод людзей не жывецца. Я даўно да цябе прыглядаюся, бачу, якая ты. Я ўжо надта шмат жыву, дзіцятка, дык таму і шмат бачу, і шмат разумею... Буду маліцца перад абразом Прасвятой Багародзіцы і за цябе. Каб заступалася, каб спрыяла і памагала табе... Ну, а цяпер — ідзі гуляй, Ніначка, ідзі...

Толькі гадоў, можа, праз пяць-шэсць Ніна даведалася ад Ліпы, як было. Дзядзька Міця пайшоў раніцай у хлеў-пуню падкінуць цялушцы ахапак струшанкі; д'ябал спакусіў яго наскубці сена не са сваёй сцірты, а з Юстынінай. Пачаў скубці і — о, дзіва: з сена пакаціўся гарнушак. Шчыльна абвязаны кавалкам чыстага белага зрэб'я чорны гарнушак. Развязаў — масла! Жоўтае, моцна ўмерзлае на холадзе, масла! I д'ябал спакусіў дзядзьку Міцю яшчэ раз...

Вось і ўсё. А што было далей — ужо вядома.

Ну, а прароцтва бабы Юстыны збылося. Хоць і заступалася (напэўна ж, заступалася!) Прасвятая Багародзіца, але засцерагчы Ніну ад цяжкай, несправядлівай долі не змагла. Колькі яна за жыццё сярод людзей адпакутавала, колькі перажыла крыўдаў, колькі прыніжэнняў, знявагі і абразы перацярпела, колькі подлай хлусні і ашуканства зазнала, — гэта ведае толькі яна сама ды хіба тая, з Юстынінага абраза, Багародзіца, позірк якой з таго часу стаў яшчэ больш сумным і балючым.


2002-2004