Литвек - электронная библиотека >> Ніл Гілевіч >> Поэзия >> На высокім алтары >> страница 12
што так слёзна гаварылі
Пра ўсе няшчасці нашы,
А самі ўпотайкі даілі
Каровак з чыстай пашы,
Каб з малачком не трапіў цэзій
У панскае саслоўе,—
Скажыце старцу на пратэзе:
Як вашае здароўе?
А то трывожыцца ён вельмі:
Хаця ж бы вы, адпаўшы
Ад тога вымя, не самлелі
На ўсенароднай пашы.
А што вас з рогату затрэсла?
Што ён дурны, той старац?
Што ўсіх турбот было вам — крэсла
Пад вымем пераставіць?
О, так! Дурны! Каб быў разумны
Стары салдат бязногі —
Дык не сядзеў бы з шапкай сумны
На плошчы Перамогі.
1993

Мой кароткі адказ


Вы скажаце: я выракся кагосьці?
Каго? Фальшывых ідалаў-святош,
Якім паверыў некалі?.. Ну што ж,
Хай Бог даруе хібы маладосці...
Ад той зямлі, дзе маці нарадзіла,
Ад тых магіл, дзе прашчуры ляжаць,
Ад нівы той, дзе сеяў я, каб жаць,
Ад мовы той, што ў цемры мне свяціла,—
Не адракаўся і не адракуся!
Запомніце: пярэваратнем я
Павек не скінуся. Душа мая
I ў небе будзе трызніць Беларуссю.
1993

Што я думаў...


Што я думаў, стоячы у чарзе,
Пасярод галоўнай самай залы,
Покуль гаварылі тыя ўсе,
Для каго мы — толькі самазвалы?
Для каго дзяржавы Беларусь —
Не было, няма і быць не можа...
Што я думаў? Я згадаў чамусь
Лесвіцу адну, даруй мне Божа.
Лёс наш колісь праз яе пралёг...
I да жудасці мне ясна стала,
Ад чаго ў той лесвічны пралёт
Паляцеў стоць галавой Купала.
1993

Перад картай Радзімы


На абрыс Радзімы глянуў зноў —
I ўцямрэла неба грамавое!
Людзі! Колькі ёсць праклённых слоў
У святой і вечнай нашай мове —
Я прашу вас: па апошні ўздых,
Аж пакуль не прыме дол смяротны —
Праклінайце! Праклінайце тых,
Хто абрэзаў колісь край наш родны!
1993

За драбніцу


Зноў нас хваляць.
I зноў за халуйства.
I мы ўдзячна прымаем хвалу.
Кажуць: «Будзе вам хлебная луста,
Каву будзеце мець і халву.
I для кожнае пані — куніцу,
I для кожнага пана — аўто.
Праўда, возьмем і ў вас мы драбніцу —
Возьмем... мову.
Дык гэта ж — нішто!..»
Брава! Колькі набытку без страты!
Мова нам ні к чаму сапраўды,
Калі рот будзе справай заняты —
Цэлы дзень будзе повен яды.
1993

Дзядам


Дзяды! Ну што ж вы, нашы родныя,
Намер вітаеце злачынны —
Вы, мудрацы сівабародыя,
Айцы Айчыны?
Ці вы, пражыўшы век, не знаеце,
Як душыць душы накіп пошлы,
Як труціць сэрцы яд нянавісці?
Дзяды! Ну што ж вы?!.
Хоць з вас і вытравілі нелюдзі
Чуцця прыроднага нямала —
Вам не да твару біцца ў нераце
Самаабмана.
Вы шлях прайшлі, агнём пазначаны.
У вас на целе — куляў прошвы.
Адкуль жа стынь да мовы матчынай?
Дзяды! Ну што ж вы?!.
Як горка бачыць: адыходзячы
З жыцця навек — нібы з кватэры,
Вы мову гасіце, суродзічы
Дабра і веры!
Як бы святло, што ў час бясхлебіцы
Жывіла дух наш несвятошны,
Унукам заўтра не спатрэбіцца...
Дзяды!.. Ну што ж вы?!.
1993

На Балканах


Які ўжо месяц на Балканах
Шугае полымя вайны.
А хто байцы ў варожых станах?
Адзінай матухны сыны.
Гарыць зямля адвеку крэўных
I верных нам славян-братоў.
I не прыходзіць замірэнне.
I дзень-адодні льецца кроў.
Ужо і рознай масці зграі
Туды спяшаюцца здаля.
Што трэба ім у гордым краі?
Чым вінна гэта ім зямля?
Што трэба хіжым? Неўзабаве
Мы будзем ясны мець адказ:
Усё, што, клацнуўшы зубамі,
Запатрабуюць і ад нас.
А мы... ці нам заклала вушы?
Ці ў нас замазаны раты?
Маўчым, прадаўшы д'яблу душы...
Нікчэмцы мы, а не браты!
Братамі ж мы у сорак трэцім
Былі, калі — і тут, і там —
З нас кожны ведаў: лепш памерці,
Чым не падаць руку братам.
1993

Пакуль...


Пакуль з пагардаю ад нас
Не адвярнуўся дух Купалы —
Пільнуйма зніч, каб не пагас,
Каб быў запас агню трывалы,
Каб, душы вывеўшы з турмы,
Як пад прысягаю, сурова
На свет на ўвесь сказалі мы
Сваё не сказанае слова!
1993

I ўсё-такі дойдзем!..


За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем... I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!
Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але —
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.
А можа быць, яна — міраж,
I ўсе мы трызпім? Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?
Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас ад роду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..
1992