Литвек - электронная библиотека >> Янка Брыль >> Современная проза >> Жменя сонечных промняў >> страница 2
дзяўчат атрымліваюць медалі Усесаюзнай выстаўкі — за лён, якім славіцца гэты куток Наднямоння.

Смешнавата-ўзварушлівы шык. Людзі гэтыя лепш умеюць працаваць, чым браць узнагароды. Кожная, каго выклічуць, выходзіць з натоўпу, няёмкй ўсміхаючыся, ідзе да стала прэзідыума i загадзя трымае руку, каб падаць яе старшыні райсавета; «так, як i ўсе», ківае галавой і кажа «дзякуй». Дзяўчаты не вельмі прызвычаены пастукваць высокімі абцасікамі святочных туфляў. Медалі ўсе начэпліваюць адразу, толькі сеўшы, і радасна, як дзеці, усміхаюцца.

Сухенькая, смяшлівая бабка:

— Ну вось, січас i я украшу сваю грудзь!..

Ідзе, а усе дабрадушна смяюцца.

Выступаючы, большасць стараецца гаварыць, як і бабка, культурна: «Клімацічаскія ўсловія нам не дазволілі...»

Толькі адна кабеціна — пасля даведаўся: жыве ўдавой, сын, лейтэнанг, у арміі, дачка, студэнтка, у Мінску — гаварыла коратка і па-свойму:

— Семсот пукоў абабілі, а пяцьсот яшчэ не. Але абаб'ём i гэты. Што ж я тут буду болей гаварыць! Стараемся, як толькі можам, бо трэба.

Пасля сходу, вядома, танцы, і ільнаводкi, і маладыя настаўніцы мятуць польку — аж люба глядзець!..


Здаравенны хлапчына, якога з маленства, дзеля смеху, называлі Пётр Пятровіч, пры буржуазнай Польшчы пяць год сядзеў у турме «за камуну», у вайну быў у партызанах, а пасля вызвалення — з вельмі лёгкай рукі мясцовага начальства — узышоў на цярністую сцежку кіраўнічай працы.

Амаль непісьменнага хлопца прызначылі спачатку кіраўніком раённай канторы дзяржбанка, пасля загадчыкам нарыхтоўчай канторы, пасля старшынёй сельсавета і, нарэшце, старшынёй сельпо.

Кіруючы банкам, Пётр Пятровіч толькі падпісваў паперкі, што яму ні падсоўвалі, вельмі цьмяна ўяўляючы змест пераважнай большасці дакументаў.

— Што ты мне тутака плявузгаеш! — грымеў ён на бухгалтара.— Я падпісаў — усё! А мала табе раз — другі раз падпішу!..

У нарыхтоўчай канторы ён сам, і вельмі ахвотна, быў часамі грузчыкам, памагаў сваім хлопцам.

Як старшыня сельсавета, пабіў аднаго дэпутата. Слухалі на бюро райкома.

— Ну, я ж усё ж такі яго начальнік,— апраўдваўся Пётр Пятровіч.— Усе мы ўжо сабраліся, сядзім, яго чакаем. Раз я паслаў па яго, другі раз — не ідзе. Пайшоў я сам. Сядзіць, гад, ды зацірку мурзае. Ну, узяў я тую міску ды надзеў яму на галаву. Падумаеш — так ужо абрамізіў!..

У сельпо Пётр Пятровіч вельмі хутка замурзаўся сам. Не так замурзаўся, як замурзалі памагатыя.

I вось ён памёр недзе ў турме. Падпольшчык, партызан, дый хлопец, урэшце, нядрэнны, калі б яго не ўздымаць без патрэбы i меры...

А маці, якой «бог смерці шкадуе», увесь свой век пакутніца пры такім сыне, ідзе цяпер за дваццаць кіламетраў у райцэнтр, каб, можа, пенсію якую за Пятра далі...

Пішу ў кубрыку кацера, на раскалыханай штормам Татарскай пратоцы.

Маладзенькі матрос Віця расказваў мне сёе-тое з жыцця свайго ніўхскага народа. Нібы дапаўняючы тое, што я назіраў тут сам,— на рыбацкіх заездках, у пасёлку, у Нікалаеўскім краязнаўчым музеі. Сімпатычны дзяцюк, акуратны, з харошай усмешкай.

— Мая матуля кажа мне... Я вось ужо хутка пяць год карміцель у сям'і. Мне — не семнаццаць, як вам здалося, а дваццаць першы. Прабачце, я не сказаў вам, што я ўжо жанаты, што ў нас ужо хлопчык, сем месяцаў... Мая жонка — настаўніца з Сахаліна, таксама ніўхка, але гаворыць яна трошкі інакш, чым мы, амурскія ніўхі...

Слухаю, любуюся ім, такім разумным i чыстым.

Успамінаю ўчарашнюю тутарку з пажылым прафесарам-медыкам, што паспяхова змагаецца з касцявым тубэркулёзам у ніўхскіх дзяцей. і заўважаю радасна, як натуральна ўспрымаецца тут яна — наша роўнасць людзей і народаў.


Жнівень. Ялцінскі пляж..

Тоўсты, лысы таварыш, са шрамам колішняй раны на спіне. Качаецца, нібы цюлень, у марской пене, спакойна, нават абыякава адпырхваецца ад салёнай вады... I здаецца, хоць я i не бачыў яго апранутым, што на гэтых магутных плячах можа быць толькі гімнасцёрка раённага рабацягі, а на пузе — рэмень з камандзірскага спражкай. Партфель пакуль што недзе далёка, у адным з куткоў неабсяжнай радзімы, дзе ён адклаў яго толькі на месяц...

Побач — хлопец, таксама нядаўні франтавік, без нагі да калена. Увайшоўшы ў ваду, а яшчэ лепш — плывучы, напэўна ж здаволены, што i ён — зноў, як усе!..

Каб я быў мастаком, намаляваў бы сённяшні чатырохбальны шторм, a ў пене, у пяску, у мокрым грукаце хваль — па-дзіцячы радасныя твары людзей працоўных розных нацыянальнасцей — шахцёраў, настаўнікаў, ткачых... I дзяцей.


На хутары, дзе садок i гарод, i навокал, як мора, калгаснае жыта, бачыў жывы прататып казачнага Іванькі-прастака.

Дужы, рахманы дзяцюк. З гонарам расказвае, што ён усё-ўсё ўмее рабіць. Хоць i робіць толькі тое, што не патрабуе трохі большай кемлівасці: не косіць, але падае на воз, не коле дроў, але валочыць вёдрамі ваду са студні, якая больш за кіламетр ад хутара, у вёсцы... Малодшы брат, гаспадар, вазіу летась яблыкі прадаваць — з Наваградчыны ў Маскну — i купіў яму шапку, якой вельмі ж хацелася — салдацкую, з чырвоным аколышкам. Яна вісіць на сцяне, любоўна загорнутая ў маміну хустку.

Увечары «дурань» зняў яе са сцяны, разгарнуў i надзеў — як карону.

— Куды ты, Iване?—пытаецца цярплівая і ціхая жанчына — маці.

— У кіно.

— Позна, сынок, яно там недзе ўжо канчаецца.

— А пад канец яшчэ цікавей.

Ды з такой жа дзіцячай усмешкай адказвае!..

— Малому дарогу саступіць,— кажуць пра хлопца сямейнікі.

I шкадуюць яго ўсе — i брат, i братавая, і сястра-школьніца, i дзед.

Дзед — цікавы i сам. Яму ўжо за дзевяноста. Накрыўшыся старой цыратай ад дажджу, пасе ў зялёным яры дзве каровы i жменьку авец. I вельмі рад, што вось ізноў, як людзі, бачыць. Бо толькі нядаўна яму знялі катаракту

— Як на свет нарадзіўся, сынок! — расказвае ён мне, неяк надзіва молада смеючыся.— А тыя разы, сляпым быўшы, дзяржу дзве каровы на павадах, а малыя толькі камандуюць: «Дзеду, лявей! Дзеду, правей!..»

Дзед есць зацірку толькі з хлебам і злуецца на ўнукаву жонку, калі зацірка рэдкая:

— Сама, відаць, хадзіла па ваду!..

Увечары выпіў з намі — цэлую шклянку самагону — і пачаў успамінаць. Ну, спачатку — бліжэйшае. Як ён на ўнукавым вяселлі «ўзяў» трошкі не літар i нават яшчэ «барыню паскакаў». Як сын яго, Лёўка, насіў у млыне на другі паверх па два шасціпудовыя мяхі за раз, узяўшы пад пахі, а потым — булава, царства яму нябеснае, напіўшыся п'яны, прастудзіўся за ноч у канаве і памёр... Пасля гэтых успамінаў, цікавых, але звычайных, ідуць такія, ад якіх ажно неяк трошкі вусцішна. Што памятае жывы чалавек!.. У другой палавіне дваццатага веку — успамінае пра турэцкую вайну!.. Праўда, на Шыпцы сам ён не быў — па пашы бегаў яшчэ, але ж палонных туркаў бачыў