Литвек - электронная библиотека >> Янка Брыль >> Современная проза >> Жменя сонечных промняў >> страница 25
выйшла на двор,

— Пайшоў дахаты, здыхоцце ты! Я скажу, нябось, бацьку!

А малыя — яшчэ мацней.

Крычала, крычала Марта, ды — глядзіце! — ужо і яна рагоча. Усперлася локцямі на нізкі плот і аж заходзіцца, ажно тоўстыя плечы ды тарбаватыя грудзі трасуцца,

— Божа мой, божачка! — кажа ледзь не праз слёзы.— і калі ў цябе будзе які-небудзь розум!..

...Ціхі, марозлівы вечар. Яшчэ зара не пагасла зусім, а зоркі ўжо відаць — адна, другая, трэцяя... «Дзяды» яшчэ не давараны — агні гараць пакуль што толькі ў вокнах кухняў.

Стаю на вуліцы, каля брамкі, маўчу. Кавалішын Толя, старэйшы брат Худога i Сытага, выйшаў трохі пазней, не заўважыў мяне i таксама стаіць — цераз вуліцу, перад сваім гародчыкам.

Ды вось направа ад мяне, каля суседавых варот, адліпла, запішчала завесамі, стукнула брамка i на сярэдзіну вуліцы выйшаў Лысы.

Стаў і свішча, няўмела яшчэ, па-малечы.

— На, Цюлік, на! — падмацаваў ён крыкам свіст.— На цю, на!..

— Навошта ён табе? — спытаўся Толя.

Сашка ладышоў да яго i прыцішана, па-дзелавому пачаў:

— Цюлік недзе прапаў. Ты толькі не кажы нікому, Анатоль, бо Марта будзе біцца. Яна сёння два пеўні зарэзала, нашага i Якубавых. Трэба Цюліку кішкі аддаць, каб было шыта-крыта! Дзяды, панімаеш?.. На, Цюлік, на!..

Усламінаю крык i таўстаморды смех над шэрымі штакетамі:

«Божа мой, божачка!,.»

I сам смяюся ціха.

Толькі з іншага.


Расказвае вясковая суседачка; пяць з палавінай гадоў i хустачка завязана «пад бараду».

— Мама паліла ў печы, i каб трошачкі, дык загарэлася б у нашым коміне. I мы вельмі спалохаліся. А таты не было. Ён самагонку гнаў. Тады ён прыносіць яе ў мяшку і кажа: «Давай зробім па чарцы. Дзякуй богу, што так абышлося». І мама таксама піла. А я не ўзяла ні грама.


Сямігадовы Шура:

— Хто табе, дзядзька, куртку чарнілам абліў?

Расказваю, як наша цётка, госця з далёкай вёскі, таўханула незнарок этажэрку і адтуль на куртку звалілася чарніліца.

— І цётка ваша тады адразу дахаты пай шла?


Гаспадыня крышыць капусту, а кватарантка-настаўніца сядзіць побач з малой дзяўчынкай на руках. Малая цягнецца да капусты.

— Раечка, не чапай!

— Ты ж ведаеш, мама, што малыя дзеці наогул любяць усё чапаць.


У доме адпачынку.

Шчаслівая пара корміць на людзях сына, здаравеннага дванаццацігадовага пестуна.

— Што ж ты, Вова? Гэта ж не дома. Можа, хоць каву будзеш піць?

Вова — басам:

— А яна натуральная?


Няньцы чатыры гады, меншай сястрычцы два. Госці ў бабулi на хутары, яны ідуць па садзе. Большая па прывычцы дае «нашай малой» чарговае настаўленне:

— Днём свеціць сонца, а вечарам лямпа...

Праз дзірку ў плоце вылазяць з саду на выган. Воддаль пасецца кабыла з жарабём. Туды няможна, a вельмі хочацца. І нянька гукае:

— Коська-а, ідзі сюды! I з рыжыбяткам! Толькі не задаўляйце нас...


Вясковыя піянеры вітаюць пісьменнікаў, што прыехалі выступаць. «Слова для прывітання» падрыхтаваў ім сам дырэктар. Стаіць сабе збоку і, па выгляду, не хвалюецца за выдатніц. Ды вось першая з ix, самая надзейная, памылілася:

— Дазвольце пажадаць вам гэты букет...

Тры наступныя паўтарылі за ёю — дакладна.

Дырэктар аж пачырванеў.

Чаго?


Пажылы артыст выступаў у школе.

Пакуль ён грымеў сваім падношаным ужо, рыпучым басам, сямі i васьмікласніцы хіхікалі з яго грымасаў. Пасля цікавалі праз дзверы, як ён за кулісамі частаваў сваю акампаньятарку цукеркамі з партфеля — «нібы з конскай торбы»,— а потым пераабуваўся з туфляў у валёнкі. I шкарпэткі яго былі абедзве з працёртымі пятамі...

Бацька адной з дзяўчатак расказаў пра гэта на рабоце.

Таварыш яго аказаўся суседам артыста. Пасмяяўся з гэтага дома, толькі з жонкай, калі ўжо іхняя малая спала.

Назаўтра малая, што «спала», сустрэлася з басам на лесвічнай пляцоўцы:

— Дзядзя Бора, а чаму гэта ў вас, калі вы спяваеце, усе шкарпэткі без пят?..


У дзіцячым доме выступалі паэт i празаік. Пасля выступлення адзін з астрыжаных пад машынку аматараў сур'ёзнай літаратуры звярнуўся да паэта:

— Дзядзя, вы таксама пішаце кнігі ці толькі вершыкі?

Збянтэжаны паэт:

— Ну, разумееш... з вершаў таксама складаюцца кнігі...

Вучань:

— Кнігі — гэта кнігі...


Мама прыйшла!..

Хлопчык сядзіць побач з ёю на сваім бальнічным ложку, есць салодкую булку, махае ножкага ў гіпсе і радасна расказвае:

— Сястра казала, што я такі худы, што няма дзе банькі ставіць — адны косці. А паставіла, дык палавіну банькі мяса нацягнула!..


У піянерскай газеце надрукавана анкета КЦС— «клуба цікавых сустрэч».

Праглядаю дзіцячыя пісьмы, адказы на анкетныя пытанні.

Пытанне:

«З кім са слаўных людзей нашай рэспублікі ты хацеў бы сустрэцца ў новым навучальным годзе на пасяджэннях нашага клуба? Чым цябе зацікавіў гэты герой?»

Адказ вясковага сямікласніка:

«З таварышам I. А. Грыбовічам. Ён не адказаў на два мае пісьмы».

Таварыш Грыбовіч — салідны, заакуляраны супрацоўнік рэдакцыі, адзін з арганізатараў таго КЦС.


Малец з чацвёртага класа піша ў піянерскую газету пра непаладкі ў іхняй школе.

— Здольнасці ёсць, але ж залішне ён нейкi сур'ёзны, не па гадах,— кажа сваім супрацоўнікам цёця рэдактар, поўная строгая дама. I яна вырашае заняцца гэтым талентам сама.

«Напішы нам, Валодзя, як вы святкавалі ёлку».

У адказ апісана ёлка ў вясковай школе, а потым — прыпіска:

«Наш дырэктар, Мікалай Пятровіч Чыжык, купіў на сабраныя вучнямі грошы цукерак i большую палавіну забраў сабе...»

Цёця рэдактар піша яшчэ больш педагагічны ліст:

«Напішы нам, Валодзя, пра вясну — як яна прыйшла ў ваш калгас, колькі радасці яна прынесла рабятам вашай школы. Паспрабуй апісаць гэта вершам».

Вершык прысланы доўгі, грунтоўны i... з празаічнай прыпіскай:

«А наш дырэктар усё ж такі злодзей».

Цётка рэдактар пакуль што ў часовым адчаі.


Хлопчык глядзіць на маладзік. Дадумаўся:

— Ён прабіў трохі неба i вылез!


Пра старэйшых сястрычак:

— Аню люблю да самага сонца, a Нінку толькі да правадоў.


Позна ўвечары, калі ён вяртаўся з завода, дома яго чакала амаль заўсёды тое самае.

Алеся ўжо спала. На радыятары пад акном сохлі ці проста грэліся да раніцы яе маленькія, нястомныя валёнкі. Чорны плюшавы мішка сядзеў побач з ложкам на тумбачцы. Цярплівы мядзведзік, з адной-адзінай лапай застаўся, і смешны сёння — абвязаны хусткай, з-пад якое відаць толькi вострая мызачка і чорныя гузікі бяссонных вачэй. Лялька Зося ляжыць побач з «мамай» Алесяй, клапатліва накрытая коўдрай. Сёння «мама» памыла яе сукенку, якая сохне на радыятары побач з валёнкамі.

Нібыта поўны парадак...

А гэта што?

Заяц у штоніках пакрыўджана