Литвек - электронная библиотека >> Янка Брыль >> Современная проза >> З людзьмі і сам-насам

Янка Брыль З ЛЮДЗЬМІ I САМ-НАСАМ

Запісы, мініяцюры, эсэ


Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, З людзьмі i сам-насам: Запісы, мініяцюры, эсэ, — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. — 334 с.


Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Запісы і мініяцюры


Дзевяноста шосты
Калісьці Вітас Пяткявічус у інтэрв'ю «Литературной газете» гаворку закончыў тым, што, адышоўшы ад палітыкі, паедзе на сваю далёкую дачу i будзе сталярыць, «чтобы не сойти с ума».

Я адыходжу не ў сталярку, a зноў ды зноў у добрую кнігу, у працу літаратурную, якая ў мяне не які-небудзь адыходны промысел ці славутае хобі, але адзіная справа жыцця.


* * *

Пайшоўшы з паста прэзідэнта, Франсуа Мітэран хацеў заняцца любай літаратурай, аднак лес дадаў яму толькі пару месяцаў жыцця... Калі я пачуў па радыё, што ён, чалавек зусім майго пакалення, быў у нямецкім палоне, жыва ўявіліся натоўпы французаў у «маіх» шталагах II-D i ХІІІ-В, i наіўна падумалася, што сярод тых тысячаў, якіх бачыў ды чуў я, мог быць i гэты...

А тое, што ён пажадаў, каб яго пахавалі ў родным кутку, нагадала Пальчэўскага, Адамовіча, Танка...

Прэзідэнт магутнай, прыгожай краіны папрасіў, каб на апошнім развітанні з ім былі толькі родныя i найбліжэйшыя сябры.

Ёсць жа i такія інтэлігентныя кіраўнікі!..


* * *

Казімеж Машыньскі, дарэчы, настаўнік i сябар Генадзя Цітовіча, у сваёй капітальнай працы «Kultura ludowa słowian» цікава расказвае i пра зоркі, як яны ў розных славян называюцца па-рознаму.

Светла i міла згадаліся Міцкевічавы свіцязянскія «gwiazdy nad tobą i gwiazdy pod tobą»,— як яны ўспрымаліся мною, вясковым хлапчуком, упершыню. Вялікая, сапраўдная паэзія ў дзіцячай адкрытасці сэрца як быццам памнажаецца на сіле.


* * *

Бальнічная санітарка, старая дзеўка з бязвольна ціхіх, малапрыкметных руплівіцаў. Калі я сядзеў у чарзе да доктара, яна падышла, павіталася, i мы, даўно знаёмыя, трохі пагаварылі. Яна тут лавіла старэйшую медсястру пры дэрматолагу, каб спытацца ў яе, як гэта дапамагчы старому бацьку з яго пролежнямі. Нічога ж, ніякіх лекаў, каб добрых, няма. I пахаваць жа цяпер чалавека так дорага. Так яна гаварыла, i многа суму, болю было ў яе сіратлівай безвыходнасці...

A днямі прыйшло пісьмо ад сардэчнай сяброўкі, таленавітай паэтэсы, у якім яна, сама пакутніца, піша пра бацьку, якому «ўжо лес дазваляе на дзевяноста чацвёрты наверх жыцця ўзбірацца. Дзякуй Богу, што хоць i з кульбаю, але на ўласных нагах трымаецца, наш верабейка, ды галава ў яго светлая...»

Сёння, вельмі рана прачнуўшыся, успомніў i тыя пролежні, i сяброўчына пісьмо, i тое яшчэ, чаму няма меры i разумения. У тэлеперадачы «Дзікае поле» паказваўся платны кілер (на ўсё цяпер няпростыя акрэсленні), аброслы пад арыштам гарадскі юнак, які амаль зусім па-дзелавому тупа, абыякава да маральнага сэнсу справы расказваў, што яго наняла маладая жанчына забіць яе маці,— такое вырашэнне, здаецца, кватэрнага пытання. Яе па нейкіх прычынах не паказалі. A ў яго, відаць, адна бяда,— што папаўся...


* * *

У падарожжы па Гомельшчыне (для «Я з вогненнай вёскі...»), калі мы на Калеснікавым чырвоным «Масквічы» ўехалі ў Мележавы Глінішчы, нас запыніла вялізная чарада гусей. Разгегаліся, a ўцякаць ані думаюць. Тут наш Валодзя выбухнуў за рулём: «Гусей праганіце!..» А чародка жанчын, што сама разгаманілася поблізу, адказала — таксама з гонарам: «А мы вас не ведаем...»

Потым, у Мінску, Іван Паўлавіч, калі мы расказалі яму пра гэта, задаволена смяяўся, рады, здаецца, не толькі за жанчын, але i за гусей.


* * *

Вечар Улашчыка, рыхтуючыся да якога, пераглядаў па колішніх паметках на палях ягоныя «Очерки по археографии...» i «Была такая веска». Думалася, ідучы ў Дом літаратара, пра амаль пустую залу, тым

больш што сцюдзёна было, аднак аказалася — вельмі нямала тых, каму ён, Мікалай Мікалаевіч, блізкі ды цікавы.

Выступіўшы, заўсёды хочацца спытаць каго-небудзь, як у цябе атрымалася. Гэтым разам, можна сказаць, не найгорш, прынамсі, коратка. Бо сябры-літаратуразнаўцы, ды калі яны яшчэ i выкладчыкі, цягауць часамі бязлітасна. Так было i гэтым разам. A ўсё ж уражанне ад вечара ўрачыста-прыемнае — далучэнне да такой слаўнай асобы, чалавека i вучонага.


* * *

Я трохі вядомы ў маёй вельмі малавядомай у свеце краіне, i вядомасць мая, якая ёсць i якая будзе, калі яна будзе,— гэта не тое, чым трэба жыць i чым я ў асноўным жыву.


* * *

Удала паправіўшы нешта ў новым рукапісе, добра недаўмяваць: як жа гэта магло так i пайсці, без такое неабходнай праўкі?! Нават не проста добра, а радасна, на сваім месцы сябе адчуваеш, далека ад гнілі, якою пачаўся дзень, а з годнасцю.


* * *

Унучка Крапівы, мастацтвазнавец, выкладчыца, не зусім маладая жанчына, выступаючы на стагоддзі Кандрата Кандратавіча, сказала:

«Выхоўваць можна i святлом зялёнай настольнай лямпы...»

Гэта — пра тое, як яна, будучы шасцігадовай дзяўчынкай, любіла свайго дзядулю і, калі аднойчы ўвечары вельмі захацела да яго ў кабінет, цікавала праз шчыліну ў прыадчыненых дзвярах. Ён сядзеў за сваім пісьмовым сталом, для малое не проста вялікім, a вялізным, i штосьці пісаў. Яна глядзела, глядзела i зачыніла дзверы, перамагла самую сябе разумением, што дзядулю не трэба перашкаджаць.


* * *

У школе-інтэрнаце сустракаліся з дзецьмі-сіротамі, пераважна ад жывых, недастойных бацькоў Маладзейшыя сябры-пісьменнікі гутарылі з дзецьмі меншымі, што займалі першыя рады, а я ў канцы — са старшакласнікамі. Адказваючы на адно з пытанняў: які мой твор найлепш мне падабаецца, «само сказал ася»:

«Хацеў назваць «Вайну i мір», але ж успомніў, што гэта не я напісаў».

Разам са слухачамі весела засмяяўся.


* * *

Максім Гарэцкі, дадатковы, пяты том твораў, «Літаратурная крытыка i публіцыстыка».

Сярэдняя каморніцкая адукацыя. A ўся культура — ад таленту i працы над сабой. Яшчэ адно выдатнае сведчанне, як гэта важна для сапраўднага літаратара.

Перачытваецца нават крытыка, чаму, відаць, садзейнічае i прысутнасць аўтара ў яго свабодзе, хоць i няпоўнай, падыходу да роднай літаратуры. Гэтым ён мне нагадвае Юльяна Кшыжаноўскага, які ўмеў гаварыць праўду, хоць i прыкрую, i жывым ды вядомым.

Дакрананне да гэтай душы дапамагае трымацца на годным узроўні.

Бедная, родная хатка на фотаздымку i родная веска, якую мне давялося бачыць двойчы. Цяпер, успамінаючы ix да шчымоты сэрца, можна гаварыць i пра народнасць Гарэцкага, i пра здзіўляючы цуд ягонага ўзлёту на вышыні агульналюдской культуры, i пра трагедыю ды злачынства,— замучыць, замардаваць такога чалавека i літаратара на сорак пятым годзе жыцця!..

Дзеля належнай арыентацыі ў злобе нашых дзён такое трэба памятаць.


* * *