Литвек - электронная библиотека >> Янка Брыль >> Современная проза >> З людзьмі і сам-насам >> страница 3
доўгая палоска поля — вось i ўсё, апроч мазольных рук, што было ў жанчыны-бабылькі. Асабліва востра бачыцца мне тая палоска, мікраскапічная рысачка на планеце Зямля... Хоць бы ж ужо ў адным, нерасцягнутым месцы, а зматаным у палянку быў гэты кавалачак яе апоры на белым свеце, а то ж такая тонкая, доўгая палоска. Можа, як i жаль, балючы сіроцкі жаль — на ўсё жыццё...


* * *

Хвалюе музыка, паэзія — як музыка, а добрая, з божым знакам проза таксама хвалюе — паэзіяй.

Мне прывезлі багаты том Рэя Брэдберы, i вось я чытаю «Вино из одуванчиков», i вось яно зноў: «...и пробуждается поэзия во мне!..»

З ночы неба, нарэшце, зацягнута, пачынае нібыта накрапваць кволенькі дождж. На иершай вясковай сядзібе, куды я прыйшоў, нестарая, ветлая гаспадыня папраўляла за хлявом леташні падсцілачны стажок саломы. Даў «дабрыдзень», спытаўся, каб загаварыць:

— Дажджу баіцёся?

— Ага! Яму ж ужо хочацца ісці.

Якая простая, мілая дакладнасць роднага слова!..

А дождж?

Толькі назаўтра пад раніцу, папярэдзіўшы сваё набліжэнне грувасцкімі грымотамі, на наш зялёнаціхманы закутак небывала заядла абрынулася адразу навальніца. Дождж не проста падаў зверху цяжарам кропляў — ён хвастаў адтуль чысценькай, свежай гушчай вады. З шумам, музыку якога цяжка перадаць. Як i густое, шчодра бясконцае тупаценне па шыферы над маім рабочым пакойчыкам на гарышчы.

Ды вось ён як раптоўна пачаўся, так абрывіста i закончыўся. I старая ліпа перад маім высокім акном зноў у лагодным, светлым спакоі, толькі сабе паварушвае найменшымі галінкамі ды паасобнымі лістамі.

I здаецца, што ранняя парнасць не прадвяшчае новага дажджу, а проста вільгаці стала як быццам удосталь, нават для нашай прылясной ненасытнай пясчанасці.


* * *

Бедныя шляхцюкі, Чачот i Міцкевіч, круціліся каля магнацкіх дачок, пакутліва кахалі, адзін Зосю Малеўскую, другі Марылю Верашчаку, тыя любілі ix вершы, бавіліся іхнімі залётамі, а замуж павыходзілі за сваю раўню. Ажно мне прыкра ад гэтага, пра што гаварыў калісьці на адпаведным выступленні ў Доме літаратара, а сёння, каля стэнда ў Карэліцкім музеі, сказаў такое маладзейшаму сябру. I ён адказаў, што, можа, Марылю бацькі не пускалі за Адама таму, што «паўжыдак»? Кажучы грубавата, але ж па-народнаму блізка да праўды. А памагнацку — chudopachołek — чалавек нізкага паходжання, пра што я падумаў пазней.


* * *

Калі мне было i шэсцьдзесят, i пяцьдзесят, я рабіў штосьці як на адчэпнае, як прыблізнае,— такое было адчуванне...

Падумаў так, чытаючы Брэдберы, успомніўшы той час, калі мы летавалі ў вёсцы ў гаспадара i я пісаў «Гіпноз», «А-я-я-яй!», «Сумленніцу», вёў запісы. A быў жа мой час i ранейшы, i пазнейшы, i было ў кожным часе сваё прыблізнае, з чаго i складаецца творчы набытак,— не той, якога спачатку хацелася.


* * *

...Зноў Лермантаў:

...Глубокая еще дымилась рана,

по капле кровь точилася моя.

«Дымилась», «точилася» — i так, i так добра, натуральна.

А вось у Коласа мяне раздражняе ягонае «ўхадзілась», «варушылась»,— так i хочацца натуральнага ў нашай мове «ўхадзілася», «варушылася», «азвалася» — такога поўнагалосся, ці як тут сказаць...


* * *

На Чачотавым свяце ў ягоных Малюшычах, на вялізнай зялёнай паляне за вёскай.

Я сядзеў на першай лаўцы перад эстрадай, а яна, маладзенькая, у нацыянальным уборы, збегла са сцэны i нахілілася да майго твару, i — праз яе духмяна-цёплую задыханасць ды праз хвацкую музыку вясковага аркестра, пад які яна толькі што спявала ў гуртку таксама гарэзлівых сябровак,— стала запрашаць мяне на танец. Пачаў апраўдвацца хворымі нагамі, а сам міжволі, як быццам i просячы прабачэння, прылажыўся да яе свежанькай шчакі.

А дома, прачнуўшыся рана, стаў ныць i над такім яшчэ старэчым смешным грахом.

На лаўцы той я быў, вядома, не адзін, i яна збегла са сцэны не адна,— дзяўчаты ўзялі сабе з публікі кавалераў, у тым ліку i «мая», i ў чатыры пары, зайздросна закружыліся ў вальсе па нізка-зялёнай траве.

А потым зноў на сцэну, каб паспяваць яшчэ i саступіць пляцоўку іншаму ансамблю, якіх сабралася вельмі нямала.


* * *

Пасля артыкула Змітра Бугаёва ў майскім «Полым!» пра раманы Лынькова i Крапівы папрасіў прывезці мне з Мінска толькі «Мядзведзічы»,— захацелася аржанога хлеба. Лынькоў раздражняе сваімі саладжавымі інверсіямі, a ў Крапівы ўсё строга, натуральна, вобразна без падпявання. Мова вёскі блізкая да нашай, хоць ты й Уздзеншчыну далучай да Наваградчыны, з прыемнасцю ўспамінаючы, як гэта Смоліч у сваёй геаграфіі кажа, што іменна Наваградчына ды Случчына — галоўная база, аснова беларускай літаратурнай мовы... Не дакладна прыгадваецца, але па сэнсе ў яго так. I фальклор мядзведзіцкі (чытай нізкоўскі) блізкі да нашага загорскага.

За выключэннем некаторых сцэнаў,— асабліва сваркі ў хаце Верамейчыкаў—раман перачытваўся... не, чытаўся праз паўстагоддзя як штосьці новае. Значыцца, можна гэтую прозу аднесці да тое, якая перачытваецца? — спытаюся з прыемнасцю. Такімі кавалкамі не кідаюцца, асабліва пры нашай усё ж такі беднасці.


* * *

I мілая, i разумная, i паважаная. Так што не выпадае, ну, зусім не выпадае, неяк няёмка думаць пра аголенасць пад сціплай, але спраўнай вопраткай або лягчэйшым адзеннем. Тое ўсё — толькі камусьці аднаму, у поўным інтыме i назаўсёды.


* * *

Святасць жаласці, шкадавання. Усіх, бо ўсе, калі глыбей разабрацца, незразумела i безнадзейна няшчасныя.

Сяды-тады такое вяртаецца да мяне, як балючае шчасце.

Можа, гэта i ёсць тое асноўнае: «Любіце адзін аднаго»?..


* * *

Мая парэчка пакуль што абсыхае на кустах, а я чытаю. Брэдберы, апавяданне «Нескончаемый дождь». Без выбару, а на чым спыніўся дзён некалькі таму назад, залажыўшы ў патрэбным месцы агрызак алоўка.

Адчайная фантастыка, бясконцас шлёпанне пад дажджом не дзе-небудзь, а на Венеры, i раптам — такое зямное, блізкае, што ажно я, як ад радасці, засмяяўся: «...дождь, в котором тонут все другие дожди и воспоминания о дождях».


* * *

Нават у такой ідылічнай глухамані, як наша, не схаваешся ад жахаў сучаснасці.

Днямі мне расказалі, што той вусаценькі «незаконны» сын нашага партызана i хутаранскай цёткі, які так хораша вытанцоўваў на «свяце вёскі», ужо задушаны ў сваёй мінскай кватэры. Хутчэй за ўсё сябрамі, якія ведалі, што ў яго з'явіліся «вялікія грошы» на нейкую пакупку.

А яшчэ праз два дні другая хутаранка пахвалілася, калі я зайшоў, што ў нядзелю да яе ca Стоўбцаў прыязджалі сын i ўнучка. Яна, артыстачка, толькі выбрала клубніцы, а ён, шафёр грузавіка, i падлогу, i бялізну ёй памыў, i яшчэ сёе-тое зрабіў за нямоглую маму, але даўжэй пабыць не змог, бо ў сябра ягонага — пахаванне. Два юначкі запрасілі яго чатырнаццацігадовую,