Литвек - электронная библиотека >> Васіль Быкаў >> Современная проза >> Бліндаж >> страница 2
ўзрадавана згледзела яе, як толькі нясьмела выбралася з ямы надвячоркам у пятніцу, калі ўсё тут аціхла, змоўкла, зьмярцьвела, і яна сама сабе не паверыла: няўжо ацалела? Хатка, аднак, з большага, здаецца, ацалела, хоць паловы страхі на ёй як не было зусім — нібы зьмяло віхрам, а другая палова плоска аблегла кроквамі на самае гарышча бяз коміна, чорныя цагліны ад якога раскіданыя валяліся па ўсім гародзе. Не ўбераглося ніводнае з трох вакенцаў, бітае шкло скрозь хрупала пад нагамі, і Серафімка, баючыся парэзаць босыя ногі, стала тады зводдаль ля паламанага плоту і горка заплакала…

За бульбянішчам трэба было павярнуць па касагорыне ў лог, дзе з-за кусьцікаў шырока адкрыўся вялікі лугавы прасьцяг: даўняе выпрацаванае тарфянішча, цяпер чорнае, пустое, залітае па канавах ды ямах стаялай вадой. Там і далей спрадвеку ляжала балота з чэзлымі хамлакамі кустоўя, алешніку, рэдкімі астраўкамі нізкарослага балотнага хвойніку; праз яго, аднак, бег старажытны брукаваны тракт, за які, мусіць, і ўсчалася гэтая ваенная калатнеча. Перад тым чырвонаармейцы дзён колькі капалі пагорак, схіл, акопваліся на ўскрайку тарфянішча, накапалі тут безьліч нейкіх крывуляк-нораў, ямінаў, круглых, бы скавародкі, пляцовак — для гарматаў ці што. Учора пад вечар, як Серафімка, баючыся і дужа цікавячыся адначасна, падышла да таго пагорку, дык аж прысела ад раптоўнай нутраной жудасьці — ніжэй ля кусьцікаў на краі вывернутых з глыбіні вывалінаў зямлі ляжала на баку невялічкая гарматка з кароткім ствалом, і за ёй ніцма аблягаў на жалезнай станіне нежывы чырвонаармеец, спрэс абсыпаны камякамі дробнай зямлі. Яна тады доўга ўзіралася ў яго здаля, думала, можа, пашавеліцца, можа, яшчэ жывы. Але не, не пашавяліўся, быў забіты, яна зразумела тое, калі ўсё ж падышла бліжэй і згледзела на яго стрыжанай патыліцы рудую карыну засохлай крыві. Яна яшчэ паўзіралася ў яго, стараючыся неяк адолець свой страх, ды так і не адолеўшы яго, памалу падышла па траве да гарматкі. Твару забітага не было відаць, і не пазнаць было, якога ён веку, хіба што яго танклявая шыя, што вытыркалася з расхінутага каўняра гімнасьцёркі, давала зразумець, што гэта зусім яшчэ малады хлопец. Мусіць, ён ляжаў тут даўно, колькі дзён, ягоная гімнасьцёрка на сьпіне трохі абсіверала на ветры, а бакі і ўсё іншае пад ім было сырое і цёмнае, — ад дажджу ці крыві. Серафімка падышла зусім блізка, ступіла на кучу сырога мяккага глею, за якім зеўрала глыбокая вузкая яміна, страхавіта зірнула туды і жахнулася яшчэ болей: у яміне ляжалі і яшчэ забітыя. Нельга сказаць, што Серафімка так ужо баялася нежывых людзей — за свае сорак гадоў яна крыху нагледзелася на нябожчыкаў — мужчынаў і жанчын, маладых і старых, пахавала бацькоў, але тое было ўсё ня так. Там былі здаўна знаёмыя, свае, родзічы; ды і нябожчыкі зусім ня тое, што забітыя, скрываўленыя ды пакалечаныя салдаты.

Серафімка тады, бадай ня чуючы пад сабой ног, наўпрасткі цераз бульбянішча пашыбавала адсюль далей — да свае пахілае, без страхі хаткі акрай недалёкай разбуранай вёсачкі, бы там была якая засьцярога ад жудасьці ваеннага поля бою. Усю нядоўгую дарогу дадому і затым у хатцы, якую яна як-колечы прыладзіла для жытла (пазатыкала пабітыя шыбіны, прыладзіла паламаныя дзьверы і нават паспрабавала аднойчы запаліць у печы, але дым адразу паваліў унутр, і яна затушыла галавешкі), усю ноч затым у яе вачах стаялі нерухомыя, засыпаныя зямлёй сьпіны, адкінутыя галовы забітых, скрываўлены бінт на голым, з разрэзаным рукавом плячы аднаго. А назаўтра, неяк датрываўшы да лянівага позьняга сьвітанку, яна выцягнула з-пад дрывотні іржавую рыдлёўку і баючыся падыбала цераз поле да тае жахлівае касагорыны над тарфянішчам.

Аднак чым яна бліжэй падыходзіла да грыўкі кустоўя, тым меней заставалася ў яе рашучасьці, страх ахінаў яе ўсё болей, і яна не спрабавала адолець яго — яна ўжо звыклася з ім за гэтыя жахлівыя дні. Цяпер яна з ім жыла кожны дзень, не расстаючыся і ўначы, у сваіх кароткіх птушыных снах, прачынаючыся разоў па пяць да сьвітанку. Праўда, пасьля той калатнечы ўсё навакол сьцішылася, нібы зьмярцьвела, толькі ўчора ў небе колькі разоў гулі аэрапланы, але чые яны былі і куды ляцелі, яна ня ведала. Як ня ведала, куды адкацілася вайна, ці, можа, на тым усё і скончылася. Усе ўсіх пабілі — і нашых, і немцаў, і тут паблізу не засталося нікога. Не засталося таксама і ў вёсцы, — адны ўцяклі далей за мястэчка яшчэ напярэдадні бою, другія наогул сышлі невядома куды. Чырвонаармейцы тады выганялі ўсіх — казалі, тут сядзець небясьпечна, будзе вялікая бойка, і ёй казалі выбірацца таксама. Але яна не пайшла нікуды, хоць і пагадзілася тады пайсьці. І, мусіць, дарма не пайшла, пасьля яна разоў колькі наракала на сваю дурноту, але ж хіба яна думала, што будзе так страшна. Такі жах! Канец сьвету, пекла і крывавае грамішча. Тады думалася: ну пастраляюць на полі ці ў вёсцы, можа нават заб’юць яе, але ёй што: плакаць па ёй было некаму, як і ёй таксама. Серафімка даўно жыла тут адна, бабылкай, без сям’і, якой у яе не завялося ад маладосьці, а родзічы… Родзічаў блізкіх таксама не засталося, а далёкія былі далёка, так што, калі заб’юць, перажыванак па ёй будзе ня шмат. А то і зусім ня будзе. Можа, гэта і лепш.

Забіты аблягаўся ніц на станіну, зводдаль на вяршаліне шыпшынавага кустоўя месьцілася-чакала шэрая варона, якая з неахвотай звалілася ў галіны і паляцела некуды, як Серафімка падышла бліжэй. Крок яе тут запаволіўся, жанчына напружылася, зноў стала страшна, але што ж… Нягожа было пакідаць крумкачам забітых небаракаў, трэба было іх атуліць зямлёй і, мусіць, зрабіць гэта тут ужо не было каму. Сваіх чырвонаармейцаў, мусіць, не засталося, ці, можа, яны адступілі далей. Аб тым трэба было паклапаціцца ёй. Жаль да забітых падганяў Серафімку, і той жаль памагаў ёй з большага адольваць свой страх.

Яна падышла да шырокай варонкі-яміны, зірнула ў яе. Але там было пуста. Сугліністыя глыбіны-вывараціны грувасьціліся па берагах, камякі зямлі абсыпалі ўсё іржышча навокал, але найбольш гарматку і небараку, забітага пры ёй. Як за яго ўзяцца, яна ня ведала, пастаяла побач, гнятліва ўзіраючыся ў яго разьбітую, скарэлую патыліцу. Затым, пакінуўшы рыдлёўку, дакранулася да яго пляча, пахінула. Забіты не скрануўся з месца, бы скамянеў, і яна другі раз з вялікай натугай ледзьве пераваліла яго на бок. Гэта сапраўды быў маладзенькі салдацік з худым вузкім тварыкам, адно вока яго было неяк дужа заплюшчана ці, можа, запухла, а другое, нібы ашклянелае, недаўменна пазірала ўдалячынь. Падкорчаныя пад сябе рукі так і засталіся падкорчанымі, з бруднымі, растапыранымі пальцамі. Што было рабіць далей, дык яна і ня ведала. Пэўна, пахаваць, але як? Яна азірнулася, і зноў яе позірк