Литвек - электронная библиотека >> Іван Пятровіч Шамякін >> Современная проза >> Сцягі над штыкамі >> страница 3
Японец, які наглядаў за братавай гаспадаркай, неаднойчы казаў:

— Піліпок, не бяры на пупок. Надарвешся. А нам з табой, брат, яшчэ рабіць i рабіць. Пакуль цар рускі ды цар нямецкі знюхаюцца зноў, колькі салдацкай крыві нральецца! Невядома, калі твой бацька вернецца. А нам трэба i сваіх малых карміць i армію.

Дзядзька Японец лічыўся ў наваколлі дзіваком. Вярнуўшыся з японскай вайны кульгавым, ён не вельмі кідаўся да работы ў полі. Аднак жыў не бедна, бо «меў талан» — мастак; быў на ўсе рукі: канавал, ветэрынар, лекар, шавец, майстар па машынах. Браў за сваю працу Японец па-боску; цвёрдую стаўку назначаў толькі за шыццё ботаў ды за рамонт стрэльбы, за лячэнне каровы ці каня — хто што дасць. A калі людзей лячыў, то i зусім адмаўляўся ад платы, казаў: «Грэх нажывацца на чалавечай хваробе».

У Піліпка былі малодшыя брат i сястра. Але маці больш, чым малых, шкадавала яго, ажно няёмка часам рабілася ад мацярынскіх клопатаў ды пяшчот. Перад людзьмі няёмка.

Прынясе маці абед на поле.

— Адпачні, Піліпок, а я паару за цябе.

Зямля — жвір ды каменне. Босыя ногі наб'еш — гараць падэшвы, усё цела ломіць. Калі суседзі блізка не аралі — згаджаўся хлопец. Ляжа — тут жа заспе. Прачнецца — сонца ўжо нізка, a маці ўсё арэ, каб не будзіць сына. А то часам замест маці — іншых клопатаў у яе хапала — дзядзька Ціхан за плугам кульгае. Як жа тут няёмка не зробіцца, што гаспадар паўдня праспаў?!

Цераз год, пад восень пятнаццатага, вайна прыйшла ў гэтыя мясціны. Пашматаваны недзе ў Польшчы рускі фронт каціўся на ўсход. Пацягнуліся фурманкі бежанцаў. Ix вёску таксама гналі ў бежанцы, расказваючы жахі пра нямецкія зверствы. Але Японец адмовіўся ехаць: ён ужо быў на адной вайне, а таму не вельмі верь^ таму, што пісалі газеты.

— Брэшуць многа,— казаў ён,— Навошта немцам страляць усіх нас, сялян? A карміць ix хто будзе? Яны, брат, таксама не дурныя. Ведаюць, што без людзей — зямля мёртвая, нікому не патрэбная.

Піліпку хацелася ў бежанцы разам з усімі — ірвалася неспакойная хлапечая душа ў свет. Ды маці трымалася за мужавага брата, грамацея, як за сцяну. Каб ён паехаў, то i яна б не адстала ні на крок. А раз Ціхан аставаўся, то i яна не зрушыла з месца.

— Лепш ужо, сынок,— пераконвала маці Піліпка,— паміраць на сваёй зямельцы.

Ды i Піліпка страх апаноўваў ад думкі, што ён апынецца на чужыне без дзядзькі, які ўсё ведаў i ўсё ўмеў.

Не адны яны асталіся. Усе тыя, у каго не было на чым ехаць, у каго, як казалі, ні каня, ні вала. I яшчэ колькі гаспадароў. Нават багацеі асталіся ў мястэчку.

Баі, калі фронт падступіў, вырашылі, як параіў Японец, перачакаць у лесе. Выбраліся з коньмі, каровамі, свіннямі, хіба толькі курэй не ўсіх палавілі. Забраліся ў самы гушчар, буданы парабілі. Дзень сядзелі, два, тыдзень, а яно ўсё грыміць i грыміць, то з аднаго боку, то з другога. А пасля гарматы блізка змоўклі, а кулямёты ды вінтоўкі ўсё яшчэ білі каля самай ix Сакавішчыны. Дажджы пайшлі. Дзеці пачалі хварэць. Пайшоў Японец у разведку. Дзень не вяртаўся. Жонка яго, дзеці, Піліпкова маці, ды i іншыя бабы, голасу нарабілі на ўвесь лес — загінуў чалавек, без якога, ведалі, жыць будзе яшчэ цяжэй. Але пад вечар Ціхан Жменька прыкульгаў i прывёў з сабой траіх немцаў у страшных рагатых касках. Людзі напалохаліся, бо i ў дзядзькі выгляд быў невясёлы. Паведаміў ён сумную навіну: фронт спыніўся каля самай ix вёскі, за вярсту нейкую, не больш, па рэчцы. I хоць Сакавішчына на гэты бок, пад немцамі, але нікога немцы ў прыфрантавую вёску не пускаюць, ды i хат многа згарэла.

— Не выгналі свае ў бежанцы, дык немцы гоняць.

Загаласілі бабы. Але дзядзька заспакоіў.

— Адбіўся я перад ix афіцэрамі. Няма, кажу, на чым далека ехаць. I няма каму. Бабы, дзеці ды я — кульгавы. Дамовіўся, што ў Ліпуны пераедзем, зоймем хаты тых, хто ў бежанцы падаўся.

Ліпуны — вёска вёрст за восем, за лесам; там воласць была, i туды сакавішчанскія часта хадзілі, людзей тамашніх ведалі. Недалёка ўсё-такі, лес свой, зямля свая блізка, можа як-небудзь бульбачку ўдасца выбраць — без яе не пражыць доўгую ваенную зіму.

Пераехалі ў Ліпуны. Дзядзькава сям'я i Піліпкова занялі адну хаціну, вокны якой накрыж былі забіты аполкамі. Дзядзьку, як самага пісьменнага, бо валасное начальства ўцякло, немцы за старасту прызначылі. Чалавек непалахлівы, Японец дамогся, каб немцы дазволілі забраць што-нішто з гаспадарак у Сакавішчыне, што не раскралі «служкі цара i айчыны» i служкі «кайзера i фатэрлянда», i выбраць бульбу з поля, хоць з тых палосак, што бліжэй да Ліпуноў, у тыле фронту.

I вось аднойчы позна ўвосень, у канцы кастрычніка —раніцай у калюжах звінеў ужо лядок,—выехалі яны абедзвюма сем'ямі, ca старымі, з малымі, каб выхапіць да мацнейшых маразоў бульбу яшчэ на адной ніве — Піліпковай, выбіраць на якой нямецкае камандаванне доўга не дазваляла. «Паламаў шапку» дзядзька нямала, каб атрымаць гэты дазвол.

Дзень быў сонечны, але халодны. Палоска гэтая ляжала за густым бярэзнікам, на ўзгорку, зямля жвірыстая, але ў пачатку лета ішлі дажджы, i бульба вырасла неблагая.

Бярэзнік парадзеў ужо, лісце, якое яшчэ асталося на дрэўцах, не гарэла золатам, а цямнела, пабурэлае, апаленае замаразкамі. Вярсты за чатыры, на паплавах, дзе закапаліся ў зямлю руская i нямецкая арміі, то ўсчыыалася, то сціхала кулямётна-вінтовачная страляніыа; была яна не такая злосная, як раней, калі ішло нямецкае наступленне, а нейкая нясмела-лянівая, быццам салдаты абедзвюх армій моцна стаміліся. Гарматы ўвогуле маўчалі, i тых, хто працаваў на полі, не палохала ўжо больш страляніна. Звыкліся. Нават малая Піліпкова сястра Ганулька не баялася. Толькі бабуля Наста жагналася, калі пачынаў дробна выбіваць кулямёт. Немцаў таксама перасталі баяцца. Былі сярод ix гады, рабаўнікі, але былі i такія, што разумел! сялянскія клопаты i турботы: вайна вайной, а жыць трэба. Японец, які меў справу i з афіцэрамі i з салдатамі, зрабіў выснову ca сваіх назіранняў:

— Усюды адно i тое ж: паны ёсць паны, сяляне ёсць сяляне.

Немцы праязджалі міма па дарозе. То адзіночныя коннікі несліся галопам — веставыя, тлумачыў дзядзька Ціхан. То трупа уланаў у прыгожых блакітных мундзірах праехала павольным трушком, гойдаючыся ў сёдлах. То цягнуліся фурманкі — даўжэзныя арбы на жалезных восях. Колы не пішчалі, не рыпелі, як у сялянскім возе, a грымелі на ўзгорку па каменні, як машыны. I коні ў немцаў добрыя — здаравенныя, на крыжы ў кожнага хоць кладзіся спаць. Усе гнядыя. Піліпок зайздросціў на такія коні. Каб яму такі! На такім кані ўсё зрабіў бы ў гаспадарцы ён сам. Hi ў каго дапамогі не прасіў бы. Хіба толькі парады ў дзядзькі Ціхана. А то ў ix буланага рэбры тырчаць, i кульгае ён. «Як я,— жартуе дзядзька Ціхан.— Але i з ліха бывае дабро. Затое нас, кульгавых,