Литвек - электронная библиотека >> Янка Брыль >> Современная проза >> Акраец хлеба >> страница 50
паказаць людзям.

Патрэбны добрыя пераклады, перш за ўсё — на рускую мову, якая паможа яму пайсці далей. Не пераказы патрэбны, не прыблізнае штосьці, а пераклады мастацкія.


* * *

Як ён адводзіў душу, зводдаль, з ваеннай Масквы купаючыся ў роднай беларускай стыхіі, з майстэрствам, з любасцю сплятаючы дабротны невад дзеяння з выдатна вядомага матэрыялу.

Так ведае сейбіт, якая паэзія сканцэнтравана ў бохане хлеба, а пралля — у сувоі палатна. Праз усе ступені гэтай паэзіі, на ўсім шляху штогадовага цыкла. вясна — восень, ад зярнят на раллі да духмянай, цёплай мукі ў млынавым кашы, ад масляністага семя, цераз блакітныя кветачкі, да пяшчотнасці валакна...

У тыя дні ён працаваў на найвышэйшым уздыме.

I якім жа глыбокім, балючым, заўчасным акордам гучыць яго дзённік, магчыма, адзіны ў жыцці, напісаны i сапраўды для сябе — шчыра i смела, перад воблікам апошняй справаздачы.

«Божа, напішы за мяне мае раманы!..»

Апавяданні таксама многія не напісаны.

1972


БЕЛЫ ГОЛУБ


Заходзіла сонца. Вялікае, барвовае, спакойнае. Пасля была зара, незвычайная, як пажар цэлай вёскі, які разгараўся, тады спакваля цераспалосваўся сінечай i, нарэшце, пачаў атухаць.

Наш турысцкі аўтобус ішоў па асфальце, па-начному адасобіўшы ў сабе невялікую трупу людзей, што за два тыдні на чужыне паспелі як быццам уведаць адзін аднаго, а некаторыя нават пасябраваць.

Іспанія. Дарога з поўдня на Таледа.

Праз вокны ўжо не відно было бясконцых аліўкавых садоў на ўзгорках i ў далінах, рэдкіх пасёлкаў з насілкамі чырвонага перцу на белых сценах, не відно было геаметрычна рэзка акрэсленых, падобных на сопкі гор, а тым больш — дзівосна розных колераў восеньскай раллі, ад карычневага, цераз жоўтае, шэрае розных адценняў i да салатава-светлага.

Мы спявалі. То хорам, то на змену, з гідавым мікрафонам. Песні рускія, украінскія, малдаўскія, армянскія — кожны сваю.

Калі прыйшла мая чарга, я прысеў на толькі што вызваленае месца на першым сядзенні. Побач са сціплай з выгляду i ад гэтага сімпатычнай пажылой масквічкай. Прафесар, адна з медыцынскіх славутасцей. Яна падпявала мне ціха i неяк па-вясковаму сардэчна. Не адразу, пакуль увайшла ў незнаемую мелодыю, i без слоў, бо песня была беларуская. А потым, у рускай народнай песні, былі ў нас i словы, але мілая ціхасць у спеве яе засталася.

I я тады раптам, як радасць якую, што даецца ў жыцці не так часта, успомніў восень сорак першага года. Перадапошні перагон майго патаемнага марша з палону, хату сястры, дзе я, толькі пачуўшы, што дома, за дваццаць кіламетраў адтуль, усе жывыя, зваліўся ледзь не на цэлыя суткі.

Калі я прачнуўся, сястра, удвая старэйшая за мяне, карміла беднага валацугу, як маці, i зноў расказвала. А потым — праз боль i сум, праз горыч i недаўменне ад таго, што нарабілася навокал i на свеце — да мяне прыйшла незнаёмая песня.

Яна была па-народнаму простая, ад светласці яе — ледзь не заплакаць. Пасля я гэтую песню чуў вельмі часта, можа, нават зачаста, у самым розным выкананні, ад салдацкага крыку на маршы да мілай непасрэднасці маладое салісткі. Сястра спявала не бог ведама як, з удовінай вясковай прастадушнасцю, таксама ціха i сардэчна, як i суседка ў іспанскім аўтобусе. Я падпяваў сястры няпэўна i шчасліва, як быццам, нарэшце, злавіўшы ў варожым шоламе ледзь чутную, вельмі патрэбную хвалю. Песня тая, сёння сусветна вядомая, упершыню прыйшоўшы да мяне, салдата польскага верасня 1939 года, потым ваеннапалоннага, адкрыўшыся мне ў такі трагічны час, ідзе са мною па жыцці, як i ў кожнага, ca сваім успамінам.

Гэта — «Кацюша».

У краіне змрочна загадкавай i так доўга закрытай для нас, на сонечнай зямлі пяшчотна-суровай красы, на радзіме Сервантэса, Гойі i Лоркі, у дзяржаве, што так пачварна засядзелася ў сваім затхлым фашызме — песня яшчэ раз паўтарылася ў маёй душы. Нібы махнулася мне белым голубам у цемры.

1974

1

Шопы — этнаграфічная група балгараў, якая жыве ў заход¬няй частцы БНР.

(обратно)

2

Дзядзька. Як зварот.

(обратно)

3

Каракачане — маленькая народнасць у БНР.

(обратно)

4

Падкросленні, як i ўсюды ў тэксце, мае.

(обратно)