Литвек - электронная библиотека >> Аляксандар Лукашук >> Биографии и Мемуары >> За кiпучай чэкiсцкай работай

Аляксандар Лукашук ЗА КIПУЧАЙ ЧЭКIСЦКАЙ РАБОТАЙ З жыцьця катаў


РЭАБІЛІТАЦЫЯ КАТАЎ (замест прадмовы)

З лютага 1993 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі аднавіў у правах Камуністычную партыю.

Мы зноў засталіся з нашымі мёртвымі сам-насам.

Як цяпер ісьці ў Курапаты, што казаць нашым дзядам, якія ляжаць пад соснамі? Як растлумачыць, чаму вернутая зь небыцьця партыя-вампір, ненажэрная людаедзкая банда, што дзесяцігодзьдзямі гвалтавала беларускі народ, ірвала на кавалкі ягоныя землі і прадавала іншаземным дзяржавам, таптала мову і паліла кнігі, душыла лепшых сыноў і донак і тысячамі клала ў вялікія і малыя Курапаты, на тры гады кінула ў акупацыю, а потым працягнула гэтую акупацыю сама, пасыпаўшы на разьвітаньне радыеактыўным попелам ды подла схаваўшы сваё чарнобыльскае злачынства ад людзей?..

188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету рэанімавалі КПСС-КПБ. Апроч партыйных сакратароў, сярод іх ёсьць навукоўцы і настаўнікі, генэралы і дырэктары… Страхавітаму камуністычнаму Вію паднялі павекі — і быццам нічога, ніхто не зьнерухомеў. Зараз хутка знойдуцца сацыялісты паразважаць, што аднаўленьне дзейнасьці КПСС-КПБ нічога не мяняе ў Беларусі.

Гэта ня так. Роспуск кампартыі ў жніўні 1991 году — адзіны, першы і апошні акт хаця б умоўнай справядлівасьці. Ніхто не панёс пакарання асабіста. Усё, абсалютна ўсё сышло з рук. І таму пастанова, прынятая парлямэнтам З лютага — ня толькі сорам на ўвесь сьвет. Гэта, найперш, трыюмф катаў і абраза мільёнаў ахвяраў — і тых, хто ўжо ляжыць у зямлі, і тых, хто, як дзеці Чарнобыля, туды заўчасна пойдзе.

Нашы мёртвыя цяпер могуць пакінуць нас, бо мы не абаранілі іх ад пасьмяротнае зьнявагі. І тады гэта знак непапраўнае бяды. Бо так, бяз памяці, без аховы продкаў загінем, сыдзем у нябыт з карты Эўропы, і толькі кампартыйныя пацукі будуць лётаць ненажэрнымі зграямі па чарнобыльскіх абшарах таго, што некалі звалася Беларусяй.

Радыё Свабода, 4 лютага 1993 г.

І. АДЗІН ДЗЕНЬ МАКАРА ГАРБАЧЭЎСКАГА

Беларуская гістарыяграфія ведае трох Гарбачэўскіх — дзекабрыста, этнографа, тэоляга. Сын селяніна зь Віцебшчыны Макар Давыдавіч Гарбачэўскі ў энцыкляпэдыі, падручнікі і манаграфіі даследнікаў не патрапіў, хоць без вывучэння ягонага і падобных жыцьцяў наўрад ці можна зразумець і вытлумачыць гісторыю XX стагодзьдзя — гісторыю, якая яшчэ ня стала мінулым.

1961. «Мне вельмі балюча перажываць няпраўду…»

Тоўсты яшчэ нядаўна блякнот паменшаў у аб'ёме. Ён спэцыяльна выбраў такі фармат, каб капірка ўкладвалася акурат на ўсю велічыню, а разьлінаваныя старонкі трымаліся на пэрфарацыі. Аркуш лёгка вырываўся, складваўся напалам, потым яшчэ раз напалам і якраз зьмяшчаўся ў стандартны канвэрт. Ён прывык да парадку ў паперах і звычак не мяняў: усё павінна быць ў двух экзэмплярах, каб потым, у выпадку чаго, можна было давесьці свой пункт гледжання і пазьбегнуць магчымых няправільных тлумачэньняў і скажэньняў. Памяць рэч ненадзейная, а паперка есьці ня просіць. За сваё добрае імя ён будзе змагацца да канца — ён ні ў чым не вінаваты і справядлівасьць пераможа, трэба толькі не губляць духу і верыць. Так ён выхаваны, так заўсёды змагаўся і будзе змагацца.

Справа была сур'ёзная: пакрыўдзілі не абы каго, а члена партыі з 1929 году, удзельніка вайны, узнагароджанага ордэнамі Леніна, Чырвонага сьцяга, Айчыннай вайны І ступені, Працоўнага чырвонага сьцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, мноствам мэдалёў. Колькі перажыта, пабачана, зроблена! Ён абмакнуў пяро і, адступіўшы ад краю роўна столькі, каб можна было прабіць лісты дзіраколам і падшыць (у тым, што ўсе ягоныя лісты будуць сабраныя ў адну пэрсанальную справу, не было сумневу), вывеў пасаду і імя адрасата: «Сакратару Цэнтральнага Камітэту Беларусі тав. П. М. Машэраву». Ад хвалявання ён прапусьціў словы «камуністычнай партыі», але выйшла нават больш дакладна — першы сакратар кіраваў усёй Келарусяй.

«30 сакавіка 1961 году Берасьцейскі абкам партыі зацьвердзіў пастанову гаркаму аб выключэнні мяне з партыі. Я лічу, што гэта несправядліва, такога пакарання я не заслугоўваю, каб пазбавіць мяне партыі на З1-м годзе знаходжання ў яе шэрагах у той час, калі ўсё сваё жыцьцё, не шкадуючы сіл і жыцьця аддаў для партыі і Радзімы. Мне вельмі балюча, калі я бачу і перажываю за няпраўду… У 1941 годзе, у першыя дні Айчыннай вайны, паводле заданьня партыйных органаў і Міністэрства ствараў на тэрыторыі Пінскай вобласьці баявыя партызанскія групы, якія пакідаліся ў тыле праціўніка для работы. У прыватнасьці, мною была створана і група пад кіраўніцтвам Каржа Васіля (потым — Герой Савецкага Саюзу)… Зь ліку супрацоўнікаў і затрыманых байцоў, якія ўцякалі зь перадавой ад Берасьця, стварыў падразьдзяленьне для зьнішчэньня дробных групаў праціўніка ў раёне Століна. Уступіў у бой з фашыстамі, дзе былі падбітыя танкі і ўзятыя ў палон нямецкія афіцэры. Працаваў па спэцыяльным заданьні на перадавых пазыцыях нашых войскаў. Пасьля вайны на працягу амаль двух гадоў удзельнічаў у разгроме ўзброеных бандаў нацыяналістычнага падпольля ў Гарадзенскай вобласьці. Асабіста захапіў узброенага важака банды «Квят» і іншых, за што абвешчана падзяка з выдачай узнагароджання. Усе іншыя факты пералічыць не ўяўляецца магчымым…»

Ліст ён скончыў просьбай выклікаць яго на гутарку і падпісаўся: Гарбачэўскі Макар Давыдавіч, зваротны адрас — Берасьце, вуліца, дом, кватэра.

Аднак яшчэ раней у партыйныя органы паступіла заява нейкага Д-на, члена партыі з 1940 году, кіраўніка аднаго з аддзелаў Берасьцейскага аблвыканкаму. Д-н пісаў:

«Мае асабістыя назіраньні і абурэньне суседзяў ладам жыцьця і паводзінамі Гарбачэўскага даюць мне поўнае права заявіць аб тым, што ён, здаровы чалавек, на працягу 5–6 гадоў нідзе не працуе, а вядзе паразіцкае жыцьцё. І апроч усяго, маральна разбэшчаны чалавек. Спіць ён з 8 гадзінаў раніцы да 4 гадзінаў дня, пасьля чаго робіць візыт да суседкі па кватэры Тамары, муж якой афіцэр Савецкай Арміі служыць у Смаленскай вобласьці. Пасьля ён прымае ў сябе на кватэры Жэню, «сяброўку» Тамары, жонку кіраўнічага работніка, якая мае апроч мужа дачку. Увечары Гарбачэўскі сустракаецца паводле графіку з грамадзянкай Хоміч, муж пэнсіянэр, і потым адпраўляецца на сустрэчу да дзьвюх іншых, на жаль, ня ведаю іх прозьвішчаў і імёнаў. У Жэні і Хоміч з-за Гарбачэўскага ўзьнік канфлікт, які дайшоў да вулічнага скандалу, у выніку Хоміч прыходзіла скардзіцца да мужа апошняй. Рэшту ночы да 7–9 гадзінаў раніцы Гарбачэўскі праводзіць за картачнай гульнёй з выпіўкай. Ён ня варты ня толькі высокага званьня члена КПСС,