Литвек - электронная библиотека >> Ігар Бабкоў >> Современная проза >> Адам Клакоцкі і ягоныя цені

Ігар Бабкоў АДАМ КЛАКОЦКІ І ЯГОНЫЯ ЦЕНІ


Бабкоў І.М.

Адам Клакоцкі і ягоныя цені. Раман у дзесяці гісторыях. 2-е выд. / Ігар Бабкоў. — Мінск : І. П. Логвінаў, 2012. — 136 с. — (Серыя “Я кнігу маю”).

ISBN 978-985-6991-90-8.


© Бабкоў І., 2012

© Афармленне. Выдавец Логвінаў І.П., 2012 

Адам Клакоцкі і ягоныя цені


Раман у дзесяці гісторыях з жыцьця адважнага асьветніка й энцыкляпэдысты Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў, з дадаткам зацемаў аўтара, двух эпіграфаў зь лістоў сусьветна вядомых творцаў ды пасьляслоўем Францішка Эн., у якім той упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве скарыстоўвае пост-каляніяльны панятак галюцынагеннай прысутнасьці Сябе як Іншага, а таксама фрагмэнтаў двух ненапісаных раманаў, якія — з глыбокай мэтафізычнай пэрспэктывы – бачацца як адзін ненапісаны раман пад рознымі назвамі.

У гэтую кнігу можна ўвайсьці праз чатыры розныя дзьверы. Выйсьця зь яе няма аніякага. Вы ўваходзіце ў раман, калі ўпэўненыя, што ўсё ў сьвеце мусіць мець свой сэнс і сваё мейсца. Вы ўваходзіце ў кнігу гісторыяў, калі перакананыя, што ня варта склейваць у адно чарапкі ад розных вазонаў. Вы ўваходзіце ў філязафічны трактат, калі вы ня ў чым не перакананыя й ня ўпэўненыя. Вы ўваходзіце ў практычны дапаможнік па кітайскай народнай гульні ў інь і ян, калі адчуваеце, што няма каму быць у чымсьці перакананым альбо ўпэўненым.


Пасьля таго, як сон на працягу доўгага часу прагульвае мой дух сярод буксаў, садоў ды чароўных палацаў, дзе я атрымоўваю ўсе казачныя прыемнасьці, я незаўважна перамешваю свае дзённыя і начныя мроі...

Рэнэ Дэкарт, зь ліста да Жана Люі Бальзака
Мы надта лёгка паверылі, што прыгажосьць не ратуе Вядзе легкадумных ад сну да сну — ажно да сьмерці

Зьбігнеў Гэрбэрт, зь ліста да Рышарда Крыніцкага

Матэрыялы да жыцьцяпiсу Адама Клакоцкага


Ян Адам Марыя Клакоцкi нарадзiўся шостага верасьня 1793 году ў фальварку Сапуны непадалёку ад Наваградку ў сям’i дробнага шляхцiца. Год ягонага нараджэньня супаў з годам другога падзелу Рэчы Паспалiтай, ён сам заўсёды памятаў пра гэта, неаднаразова падкрэсьлiваў, а пад канец жыцьця нават надаваў гэтаму факту сымбалiчнае значэньне.

Ягонае жыцьцё дастаткова вывучанае дасьледнiкамi, каб спадзявацца ў гэтым сьцiплым нарысе прапанаваць нешта новае. Зрэшты, гэта й ня ёсьць нашай мэтай. Усё, што можна было знайсьцi ў архiвах, ужо знойдзена, апошнiя знаходкi Язэпа Янушкевiча, якiя тычацца «беларускага» пэрыяду жыцьця гэтага вядомага лiтаратара й навукоўцы, толькi падкрэсьлiваюць агульнае правiла. З усяе багатае спадчыны Яна Адама Марыi, якой «маглi б пазайздросьцiць энцыкляпэдысты» (* Словы Сыракомлі.), мы хацелi б выбраць толькi адну лiнiю, адну тэму, а менавiта: Адам Клакоцкi як зьбiральнiк, сыстэматызатар i дасьледнiк сноў. Перад тым, як цалкам заглыбiцца ў гэтую праблему, у сьвятле якой, мы перакананыя, толькi й можна па-сапраўднаму зразумець i ацанiць цэльнасьць ягонага жыцьця, мы ўсё ж такi спынiмся на некаторых момантах ягонай бiяграфii.

Як мы ўжо казалi, Ян Адам Марыя нарадзiўся ў фальварку Сапуны ў тыповай для таго часу сям’i дробнага шляхцiца. Ягоная мацi атрымала выдатную адукацыю: ад яе Адам навучыўся даволi добра гаварыць па-француску, а таксама займеў цiкавасьць да ўсяго чароўнага, таямнiчага, iрацыянальнага. Гэтая цiкавасьць яшчэ больш узмацнiлася пасьля даўгiх зiмовых вечароў, падчас якiх распавядалiся страшныя гiсторыi пра русалак, чараўнiкоў, пра розныя незвычайныя здарэньнi.

Пра пэрыяд вучобы ў наваградзкай школе мы маем крыху больш зьвестак. Адам меў добрыя адзнакi ў лацiне, крыху горшыя па астатнiх прадметах. Ён быў досыць флегматычны, задумлiвы i ўхiляўся ад звычайных падлеткавых гульняў i забаваў. Ад гэтага пэрыяду да нас дайшоў адзiн ягоны верш па-польску, у якiм Ян Адам Марыя параўноўвае радзiму з прыгожым сном, якi сьнiцца герою. Напрыканцы, у звароце да чытача, выказваецца пажаданьне, каб гэты сон доўжыўся вечна, бо мы ня ведаем, дзе i ў якiх краявiдах нам давядзецца прачнуцца.

Пасьля школы Адам Клакоцкi паступае ў Вiленскi ўнiвэрсытэт. У гэты пэрыяд ён сустракае сваё першае каханьне, рамантычны сантымэнт да якога ён пранясе праз усё сваё жыцьцё. Ва ўнiвэрсытэцкiя гады Ян Адам Марыя заводзiць безьлiч знаёмстваў, удзельнiчае ва ўсiх магчымых сябрынах, як легальных, так i нелегальных, — часам супрацьлеглай скiраванасьцi. У гэтыя часы ён пачынае цiкавiцца iдэяй усеагульнай энцыкляпэдыi — iдэяй, якой, разам з глыбокай цiкавасьцю да сноў, было наканавана адыграць такую iстотную ролю ў ягоным жыцьцi. Ён наведвае лекцыi па гiсторыi, праве, лiтаратуры, але канчаткова спыняе свой выбар на фiлязофii як навуцы, якая здольная сынтэзаваць усе магчымыя веды ў адзiны вялiкi энцыкляпэдычны сынтэз. Пэўны час ён знаходзiцца пад сьледствам за сувязi з гуртком фiляматаў, але ў чымсьці канкрэтным яго так i не змаглi абвінаваціць. Разам з усiмi Ян Адам Марыя захапляўся Напалеонам i нават распавядаў пра сон, у якiм ён быў адным зь ягоных слаўных маршалаў.

Пасьля сканчэньня Вiленскага ўнiвэрсытэту Адам Клакоцкi важыўся абаранiць дысэртацыю «Сон як аргумэнт у палемiцы з картэзiянствам», у якой спрабаваў далучыцца да запозьненай на стагодзьдзе тэмы палемiкi з Дэкартам. Агульны патас дысэртацыi цалкам супадаў з настроямi тагачаснай вiленскай прафэсуры, але яна так i не была залiчаная. Хутчэй за ўсё, сама аргумэнтацыя падалася занадта радыкальнай. Ян Адам Марыя цьвердзiў, што менавiта сон ёсьць тым неабходным i дастатковым аргумэнтам, якi цалкам руйнуе славутую тэзу cogito ergo sum, а таксама апазыцыю рэчы працяглай i рэчы ўяўнай. Калi мы сьпiм, пiсаў ён, мы, вiдавочна, ёсьць, прысутныя ў гэтым сьвеце, але анiякага cogito, анiякага ўсьведамленьня не назiраецца. Зь iншага боку, калi браць пад увагу сны й палiчыць iх пэўнай зьмененай формай такога ўсьведамленьня, ўсё роўна немагчыма выснаваць з гэтага факту анiякага праўдзiвага цьверджаньня аб iснаваньнi «Я». Таксама, паколькi рэальнае «Я» зьнiкае разам з сном, мы мусiм прыняць магчымасьць iснаваньня ў адной асобе некалькiх «Я», адно (альбо адны) зь якiх мела бы iснаваньне рэальнае, а другое — соннае. Анiякiх крытэрыяў, якое з гэтых «Я» памеркаваць праўдзiвым, знайсьці немагчыма.

Адразу пасьля сканчэньня ўнiвэрсытэту ўсялякiя сьляды аб iм губляюцца, гэта той самы «загадкавы» пэрыяд, якi iнтрыгуе шматлiкiх дасьледчыкаў. Адзiнае, што мы пэўна ведаем, гэта тое, што Ян Адам Марыя быў заангажаваны ў падрыхтоўку паўстаньня, але ў якой дакладна якасьцi