Литвек - электронная библиотека >> Рэй Брэдбэры >> Современная проза >> Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч

Рэй Брэдбэры Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч


vk.com/dalevicz_bredbery

dalevicz.livejournal.com/


Падарунак 1959


Заўтра Новы год. Ужо па дарозе на касмадром бацька і маці хваляваліся. Для іхняга сына гэта будзе першы палёт у Космас, упершыню ў жыцьці ён сядзе ў ракету, і ім хацелася, каб усё прайшло самым лепшым чынам. Таму, калі ім не дазволілі пранесьці ў карабель падрыхтаваны для яго падарунак, вага якога апынулася ўсяго толькі на некалькі ўнцый больш дапушчальнага, і маленькую ялінку з чароўнымі белымі сьвечкамі таксама прыйшлося пакінуць на мытні, і яны адчулі, што іх пазбавілі і сьвята, і любові да сына.

Хлопчык чакаў іх каля ўваходу на пасадку. Даганяючы яго пасьля безвыніковых пярэчаньняў з чыноўнікамі Міжплянэтнае службы, маці і бацька перашэптваліся.

– Што будзем рабіць?

– Нават ня ведаю. Зараз нічога ня зробіш.

– Дурныя інструкцыі!

– А яму так хацелася ялінку!

Рэзка прагучала сірэна, і сьціслы людзкі натоўп накіраваўся да ракеты, якая мусіць ляцець на Марс. Бацька і маці падняліся на борт самымі апошнімі, іх маленькі бледны сын ішоў паміж імі моўчкі.

– Што-небудзь прыдумаю, – сказаў бацька.

– Аб чым ты? – не зразумеў хлопчык.

Ракета стартавала, іх імкліва шпурнула ў чорную прастору.

Ракета ляцела, пакідаючы за сабой агністы хвост, пакідаючы ззаду Зямлю, на якой ішоў апошні дзень сьнежня 2052 г., накіроўваючыся да мейсца, дзе зусім не было часу, не было месяца, не было года, не было хвілінаў. Яны праспалі астатак першага палётнага дня. Апоўначы, калі лічыць па зямных гадзінах, хлопчык прачнуўся і сказаў:

– Я хачу паглядзець у ілюмінатар.

На караблі быў усяго адзін ілюмінатар, наверсе, вышэй за палубу, вакно вялікіх памераў зь неймаверна тоўстым шклом.

– Яшчэ рана, – адгукнуўся бацька. – Сходзім наверх крыху пазьней.

– Я хачу паглядзець, дзе мы і куды ляцім.

– Давай пачакаем. Потым зразумееш чаму, – сказаў бацька.

Ён ужо даўно ляжаў з расплюшчанымі вачыма і варочаўся з боку на бок, думаючы пра пакінуты падарунак, аб тым, як быць са сьвятам, і аб тым, як шкада, што ялінка зь белымі свечкамі засталася на Зямлі. Нарэшце, усяго за пяць хвілін да таго, як прачнуўся сын, ён ўстаў, адчуваючы, што прыдумаў плян. Ажыцьцявіць яго – і падарожжа стане па-сапраўднаму радасным і цікавым.

– Сынок, роўна праз паўгадзіны наступіць Новы год, – сказаў ён.

Маці ціха войкнула, напалоханая тым, што ён нагадаў пра сьвята. Было б лепей, калі б хлопчык як-небудзь забыўся на гэта, так ёй хацелася.

Твар хлопчыка ўзгарэўся ад хваляваньня, і вусны задрыгацелі.

– Я ведаю, ведаю. Вы мне падаруеце нешта, так? У мяне будзе ялінка. Вы абяцалі...

– Так, вядома, і падарунак, і ялінка, і нават больш, – сказаў бацька.

У маці задрыжаў голас:

– Але...

– Слова гонару, – паўтарыў бацька. – Даю слова гонару. Усё, што абяцалі, і нават больш, нашмат больш. Чакайце мяне тут. Я хутка павярнуся.

Яго не было хвілін дваццаць. Ён вярнуўся усьміхаючыся.

– Засталося нядоўга.

– Можна, я буду трымаць твае гадзіньнікі? – Папрасіў хлопчык, і яму падалі гадзіньнікі, і ён трымаў іх, яны цікалі ў яго на пальцах, адлічваючы апошнія хвіліны дня, якія несьліся ў агні і бязмоўі, у неадчувальным руху.

– Усё, наступіў! Новы год! Дзе мой падарунак?

– Хадзем, – бацька паклаў руку на плячо сына і павёў яго з каюты, па калідоры, уверх па трапе; маці накіроўвалася за імі.

– Нічога не разумею, – паўтарыла яна некалькі разоў.

– Хутка зразумееш. Вось мы і на мейсцы, – сказаў бацька.

Яны спыніліся перад зачыненымі дзьвярыма вялікае каюты. Бацька пагрукаў тэлеграфным кодам: тры разы і потым яшчэ два... Дзьверы адчыніліся, а сьвятло ў каюце згасла, у цемры перашэптваліся галасы.

– Уваходзь, сынок, – сказаў бацька.

– Там цёмна.

– Вазьмі мяне за руку. Пойдзем, маці.

Яны пераступілі цераз парог, дзьверы зачыніліся, у каюце была поўная цемра. А адразу перад імі незразумела вымалёўвалася вялізарнае шклянае вока, ілюмінатар, вакно чатырох футаў у вышыню і шасьці футаў у шырыню, празь яго можна было вызірнуць у космас.

Хлопчык прытаіў дыханьне. У яго за сьпінай бацька і маці таксама зьдзіўлена прыціхлі, і ў гэты момант некалькі галасоў засьпявалі ў цемры.

– З Новым годам, сынок.

Галасы ў цемры сьпявалі калядны гімн, старажытны, незабыўны; хлопчык рушыў асьцярожна наперад, пакуль не прыціснуўся тварам да халоднага шкла ілюмінатара. Ён доўга стаяў каля вакна і глядзеў у адкрыты космас, проста глядзеў у прадонную ноч, дзе палымнелі сьвечкі, мільярд мільярдаў белых, цудоўных, палымнеючых сьвечак.


Мяркую, Ты цікавішся, чаму мы тут? 1984


Калі ён прыехаў, у рэстарацыі было бязлюдна. Шостая гадзіна – час яшчэ ранішні, наведвальнікі ў добры дзень зьбіраюцца пазьней, і гэта яго задавальняла, таму што трэба было падрыхтавацца. Ён глядзеў збоку, як ягоныя рукі машынальна разгортваюць сурвэткі каля трох прыбораў, перастаўляюць шклянкі для віна, зрушваюць і перакладаюць нажы, відэльцы і лыжкі, быццам сам ён зрабіўся мэтрдатэлем або наваяўленым шаманам. Ён чуў, як зь языка зьлятае то бяссэнсоўны рэчытатыў, то прыглушанае загаварваньне, бо ён паняцьця ня меў, як гэта бывае, але адступаць было няма куды.

Ён уласнаручна адаткнуў віно, а афіцыянты стаялі ў аддаленьні, шэпчучыся з шэф-поварам, і ківалі ў ягоны бок, быццам западозрыўшы ў ім вар'ята.

Але на чым памяшанага – ён і сам ня ведаў. На сваім жыцьці? Здаецца, не. Хутчэй, не. Часам і зусім не. Як бы там ні было, сёньня ўвечары ён чакаў пераменаў.

Сёньняшні вечар мусіў даць яму адказы на некаторыя пытаньні альбо крыху суцешыць яго.

Дадаўшы сабе крыху віна, ён ацаніў водар, пакаштаваў з заплюшчанымі вачыма, дачакаўся сапраўднага густу. Добрае. Не сказаць, што выдатнае, але добрае.

Трэцім разам перасоўваючы сталовыя прыборы, ён думаў: “у мяне ёсьць дзьве праблемы. Гэта дачкі, якія ёсьць далёкімі і незразумелымі, як марсіянкі. І яшчэ бацькі – гэта галоўная праблема”. Таму што іх ужо дваццаць гадоў як няма ў жывых.

Незалежна ад таго, ці маліўся ён, ці моўчкі прасіў, ці апантана клікаў, зьбіраючы ўсю сваю волю, пры гэтым навучыўшыся кантраляваць сэрцабіцьцё і неспакойныя думкі, засяродзіўшы ўвагу на зеляніне, што знаходзіцца на бліжэйшым лузе – усё гэта мусіла атрымацца. Бацька і маці як па чарадзействе паўстануць з праху, падымуцца, пройдуць тры кварталы па вячэрнім бульвары і, быццам бы так і мае быць, увайдуць у гэты рэстаран гэтаксама, які і калі…